Последние новости

24.02.2017 14:37

Служылі тры таварышы…

Не ў адным, праўда, палку. Але справу рабілі агульную – абаранялі краіну ў часіну суровых выпрабаванняў, умацоўвалі яе ў мірны перыяд, жылі сярод людзей і былі для людзей.

Служылі тры таварышы… "Маладзечанская газета"

Газета працягвае публікацыю матэрыялаў пад рубрыкай «Вайна і мір. Дыялог пакаленняў».

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Клара Лявонцьеўна, сёння вы прапанавалі звярнуцца ў рамках нашага дыялогу адразу да трох асоб – Яўгенія Лаўрэнцьевіча Адамоўскага, Івана Сцяпанавіча Сцяпанава і Мікалая Мікалаевіча Адашкевіча. Патлумачце, калі ласка, чытачам газеты, ды і мне таксама, чым выклікана такая неабходнасць?

Клара ФІЛІПАВА:
– Пастараюся. Роўна трыццаць гадоў таму, у лютым 1987-га, на ўстаноўчых канферэнцыях былі створаны гарадская і раённая ветэранскія арганізацыі, выбраны члены саветаў ветэранаў вайны і працы. А з іх ліку – і кіраўнікі саветаў. Дык вось, згаданыя Яўгеній Адамоўскі, Іван Сцяпанаў і Мікалай Адашкевіч адзін за адным былі старшынямі гарадскога савета. Яны многа зрабілі для развіцця ветэранскага руху ў Маладзечне, пранеслі праз нялёгкія выпрабаванні, выкліканыя развалам Савецкага Саюза і станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь, ідэалы, якія адстойвалі ў барацьбе з фашыстамі і за якія змагаліся ў пасляваенныя часы. Былі сапраўднымі лідарамі, здольнымі весці за сабой таварышаў. Пераканана, што мы проста не маем права не прыгадаць пра гэтых людзей – патрыётаў, сціплых, прынцыповых, сумленных.

Я.Л. АДАМОЎСКІ.

У 1987 годзе Яўгенію Лаўрэнцьевічу было крыху больш за 60, але ён не выглядаў на свае гады – падцягнуты, энергічны, з ваеннай выпраўкай. Здавалася, ён не ведаў, што такое маркота, ніколі не скардзіўся на лёс, хаця выпрабаванняў у жыцці давялося зведаць нямала.

Яўгеній Адамоўскі нарадзіўся ва Украіне, у Данецкай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Нялёгкім было дзяцінства, і ўжо зусім немагчыма было выжываць ва ўмовах акупацыі. У 1943 годзе ў няпоўныя сямнаццаць Яўгеній апрануў салдацкі шынель. Юны аўтаматчык змагаўся ў складзе

93-й стралковай Міргарадскай дывізіі 57-й арміі. Баявы шлях пралёг ад Днястра да аўстрыйскіх Альпаў праз Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію. У Аўстрыі ён сустрэў Перамогу.
У мірны час Яўгеній Лаўрэнцьевіч каля сарака гадоў аддаў Узброеным Сілам СССР, даслужыўся да палкоўніка. На працягу дзесяці гадоў узначальваў Нясвіжскі і Маладзечанскі раённыя ваенныя камісарыяты. Ужо ў адстаўцы быў начальнікам грамадзянскай абароны Маладзечанскага станкабудаўнічага завода. Ад гэтага часу і да апошніх дзён свайго жыцця актыўна займаўся героіка-патрыятычным выхаваннем моладзі. А затым, пасля выбрання старшынёй гарадскога савета ветэранаў вайны і працы — і работай з пажылымі людзьмі. Пенсіянеры знаходзілі ў ім на-
дзейнага абаронцу і чулага таварыша. Нам, членам прэзідыума, было лёгка і цікава працаваць з Яўгеніем Лаўрэнцьевічам. За актыўны ўдзел у дзейнасці ветэранскай арганізацыі, патрыятычным і інтэрнацыянальным выхаванні ў красавіку 1990 года Я.Л. Адамоўскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.



Граматы… Іх у нашага героя была вялікая колькасць: ад ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і ВЦСПС, ад ЦК ВЛКСМ, Савецкага фонду міру, Мінскай секцыі Савецкага камітэта ветэранаў.

У 1991 годзе па стане здароўя Яўгеній Лаўрэнцьевіч узяў самаадвод з пасады старшыні савета, але ад работы не адышоў, можна сказаць, да самага апошняга дня. 23 мая 1996 года перастала біцца сэрца сапраўднага чалавека, грамадзяніна, патрыёта.

Баявыя заслугі маладога воіна былі адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ-й ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Будапешта». У 1987 годзе за шматгадовую бездакорную службу Я.Л. Адамоўскі атрымаў чарговы ордэн Чырвонай Зоркі.

І.С. СЦЯПАНАЎ.

Старшынёй гарадскога савета ветэранаў вайны і працы ў верасні 1991 года стаў Іван Сцяпанавіч Сцяпанаў.
Час тады быў вельмі няпросты: раскалоўся Савецкі Саюз, нявызначанасць пасялілася ў душах многіх людзей. У гарадскога савета не было нават памяшкання, збірацца даводзілася на кватэры Івана Сцяпанавіча. Хаця мы, ветэраны, не падпольшчыкі там нейкія, не секта, а ўсяго толькі заставаліся вернымі ідэалам, на якіх выхоўвалася старэйшае пакаленне.

І.С. Сцяпанаў быў актыўным удзельнікам партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З верасня 1941 года ён разведчык, камандзір аддзялення, памочнік камісара, а затым камісар аднаго з атрадаў 16-й Смаленскай партызанскай брыгады. З баямі прайшоў па тэрыторыі Смаленскай, Віцебскай, Мінскай і былой Вілейскай абласцей. Пасля вайны звязаў свой лёс з друкам, працаваў рэдактарам свірскай і валожынскай раённых газет, намеснікам рэдактара Маладзечанскай аб’яднанай газеты. Нейкі час працаваў на радыёзаводзе «Спадарожнік», узначальваў экскурсійнае бюро.



Сцяпанаў вельмі стараўся на ўзроўні праводзіць работу, асновы якой былі закладзены пры Адамоўскім. Асабістыя якасці, загартоўка, атрыманая ў баях з ворагам, дапамагалі яму.

Пасля смерці Івана Сцяпанавіча ў маі 1994 года ў горадзе засталося 999 удзельнікаў і інвалідаў вайны – Сцяпанаў, як кажуць, размяняў тысячу. Паўстала пытанне, хто ўзначаліць ветэранскую арганізацыю…

Ордэнам Айчыннай вайны, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» і іншымі ўзнагародамі адзначаны ратныя подзвігі І.С. Сцяпанава.

М.М. АДАШКЕВІЧ.

Мікалаю Мікалаевічу не давялося прайсці праз гарніла ваенных выпрабаванняў – ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў Маладзечне. Яго маці была пісьменнай жанчынай, і ў 1920 годзе, пасля таго як улада ў горадзе перайшла ў рукі рэвалюцыйнага камітэта, яна становіцца яго сакратаром. За што пазней палякі адправілі Соф’ю Аляксандраўну Бубен-Адашкевіч у Вілейскую турму. Бацька ж Мікалая ўжо на другі дзень вайны быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Маці і двое сыноў да самага вызвалення горада ад фашыстаў чакалі яго з фронту, спадзяваліся, верылі… Але не суджана: пасля вызвалення Маладзечна даведаліся, што той памёр ад ран у адным з ленінградскіх шпіталяў.

Адна бяда, як вядома, не ходзіць: пры адступленні фашысты спалілі дом Адашкевічаў – давялося некаторы час жыць у зямлянцы, затым неяк пабудавалі невялікую хацінку. Мікалай старанна вучыўся, у 18-гадовым узросце ён ужо загадчык арганізацыйнага аддзела гаркама камсамола. Але ўвесь час сын салдата марыў стаць ваенным і настойліва ішоў да сваёй мары.

Пасля заканчэння ў 1953 годзе Кіеўскага ваеннага танкавага вучылішча служыў спачатку ў Прыкарпацкай ваеннай акрузе, потым у Групе савецкіх войскаў у Германіі. Затым былі Туркменія, Казахстан, Кіргізія… Завочна закончыў вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС, пасля чаго быў прызначаны начальнікам кафедры Талінскага вышэйшага ваенна-палітычнага будаўнічага вучылішча.

Мікалай Адашкевіч службе ва Узброеных Сілах СССР аддаў 37 гадоў – прайшоў шлях ад курсанта да палкоўніка. Унёс значны ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці краіны, у выхаванне салдат і будучых афіцэраў. Выйшаў у запас у 1987 годзе. Некаторы час працаваў у Таліне ў вытворчым аб’яднанні радыёэлектроннай тэхнікі. Але цягнула ў Беларусь, на радзіму, да вытокаў. У 1992 годзе родны горад сустрэў яго.



Дзевяць гадоў узначальваў М.М. Адашкевіч гарадскі савет ветэранаў, дзейнасць якога была прыкладам для іншых падобных фарміраванняў на Міншчыне. Ветэраны нарэшце займелі свой «штаб» – савету выдзелілі памяшканне, актывізавалася масавая, героіка-патрыятычная работа, дзейнасць па аднаўленні і захаванні памяці пра воінаў і партызан, якія не вярнуліся з баёў Вялікай Айчыннай. У 2003 годзе Мікалай Мікалаевіч папрасіў вызваліць яго з пасады старшыні савета – здароўе ўсё часцей падводзіла афіцэра. А ў снежні 2006-га яго не стала…

Радзіма адзначыла заслугі гвардыі палкоўніка Адашкевіча ордэнамі Чырвонай Зоркі, «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах», медалямі.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Але дзейнасць гарадскога савета ветэранаў не перапынілася, тым больш што праз некаторы час, пасля аб’яднання горада і раёна ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку з цэнтрам у Маладзечне, дзве ветэранскія арганізацыі зліліся ў адну…

Клара ФІЛІПАВА:
– Так. Гэта новая старонка ў гісторыі ветэранскай арганізацыі. Не сумняваюся, калі-небудзь яна будзе даследавана, пра актывістаў ветэранскага руху апошніх гадоў яшчэ напішуць. У тым ліку і «Маладзечанская газета». Я толькі б хацела напрыканцы нашай сённяшняй размовы прапанаваць у наступнай публікацыі прыгадаць пра Вячаслава Антонавіча Ляшковіча. Чалавек незвычайнага лёсу, шчыры беларус, адданы сын сваёй Бацькаўшчыны, ён заслугоўвае ўвагі.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Згодзен, паважаная Клара Лявонцьеўна. Тым больш што да нашага дыялогу ўжо сёння гатовы далучыцца чытачы.

Прочитано 1666 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить