Последние новости

30.06.2017 9:15

Словы і справы Сяргея Прытыцкага

«Прытыцкі ўжо ўпісаны ў гісторыю Беларусі. У гэтай гісторыі будуць свае прылівы і адлівы, яна можа мець у розны час розную афарбоўку, але Прытыцкі ўсё роўна застанецца ў памяці народнай. Таму што такія яркія самародкі з глыбінь народных вылучаюцца не так ужо і часта».

Словы і справы Сяргея Прытыцкага "Маладзечанская газета"

Так напісаў пра С.В. Прытыцкага Якуб Колас, народны паэт Беларусі.

Самая, бадай, адметная вуліца Маладзечна носіць імя Сяргея Восіпавіча Прытыцкага. Яна і своеасаблівыя вароты нашага горада з боку чыгуначнага вакзала, і пешаходны «брадвей». З яе пачынаўся пасляваенны горад. Яе ўпрыгожваюць пабудовы, пра якія не скажаш: усе на адзін выгляд. На вуліцы Прытыцкага альбо паблізу ад яе месцяцца самыя знакавыя ўстановы горада… Словам, прыгожая вуліца, названая ў гонар легендарнага чалавека.

Расказам пра Сяргея Прытыцкага мы вырашылі завяршыць публікацыю матэрыялаў, што амаль год друкаваліся ў газеце пад рубрыкай «Вайна і мір. Дыялог пакаленняў». Мы – гэта Клара Лявонцьеўна Філіпава і аўтар гэтых радкоў. Жыццё і дзейнасць Сяргея Восіпавіча былі непасрэдна звязаны з нашым горадам: шэсць гадоў, з 1954-га па 1960-ы, ён узначальваў Маладзечанскі абкам партыі. Да гэтага быў на падпольнай камсамольскай рабоце ў Заходняй Беларусі, у чэрвені 1936 года за спробу застрэліць правакатара ўладамі Польшчы быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пазней на пажыццёвае зняволенне.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Прытыцкі знаходзіўся на палітрабоце ў Чырвонай Арміі, у Цэнтральным штабе партызанскага руху, быў 2-м сакратаром ЦК ЛКСМБ. У 1944-1945 гадах – начальнік Польскага штаба партызанскага руху.

Затым была адказная партыйная работа ў Гродне, Мінску, Баранавічах. І, нарэшце, Маладзечна.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Клара Лявонцьеўна, пра Сяргея Восіпавіча напісана вельмі многа. У свой час, у 1958 годзе, мастацкі фільм быў зняты, называўся «Чырвонае лісце». У газетнай публікацыі пры ўсім жаданні немагчыма расказаць пра яго, пра выпрабаванні, праз якія давялося прайсці Прытыцкаму. Нават пра маладзечанскі перыяд жыцця і дзейнасці гэтага чалавека – як-ніяк шэсць гадоў ён працаваў на пасадзе першага сакратара абласнога камітэта партыі, быў першым чалавекам у вобласці. Ведаю, што вы асабіста сустракаліся з партыйным кіраўніком, яшчэ больш – да гэтага часу лічыце яго сваім ідэалам, прыкладам удалага спалучэння высокіх якасцей кіраўніка, грамадзяніна і проста чалавека.

Клара ФІЛІПАВА:
– Сапраўды так. У пяцідзясятых гадах мінулага ўжо стагоддзя я жыла і працавала ў Палачанах. У 1953 годзе стала членам партыі. Не раз даводзілася слухаць Сяргея Восіпавіча на партыйных сходах, пленумах. Ведала, што людзі адзываюцца пра яго як пра строгага і прынцыповага, але вельмі ўважлівага і душэўнага.
Аднойчы я, дэлегат ад Маладзечанскага раёна, вельмі дзёрзка выступіла на абласной партыйнай канферэнцыі. Крытыкавала раённае кіраўніцтва за валакіту пры вырашэнні, як сёння сказалі б, жыллёвага пытання для былых панскіх парабкаў, а цяпер савецкіх калгаснікаў. Гаварыла пра тое, што нават пан рамантаваў баракі, у якіх жылі яго работнікі, а Савецкая ўлада не знаходзіць на людзей то грошай, то лесу, то іншых будматэрыялаў.

Відаць, выступленне маё Сяргея Восіпавіча кранула, бо ў заключным слове ён з хваляваннем заўважыў:

– Тут выступала старшыня Палачанскага сельскага Савета Філіпава. Гаварыла шчыра, вобразна, красамоўна. Відаць, набалела на душы, калі ў прысутнасці сваіх кіраўнікоў расказала праўду. І правільна зрабіла! Ці стануць людзі шанаваць і паважаць Савецкую ўладу, калі не будзе клопату аб іх жыцці? А гэта ж галоўнае. Мы змагаліся за гэта з буржуазна-памешчыцкай Польшчай, з фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Калі мы хочам, каб нам паверылі, каб ішлі за намі, рабіце ўсё для людзей, служыце ім.

Гэтыя словы Сяргея Восіпавіча я запомніла на ўсё жыццё і старалася заўсёды дзейнічаць так, як ён прасіў і загадваў.
Пасля канферэнцыі Прытыцкі падышоў да мяне:

– Не перажывай, старшыня, абавязкова дапаможам.

Слова сваё ён стрымаў. У хуткім часе кіраўнікі раёна пабывалі на месцы, знайшліся і будматэрыялы, і беспрацэнтная пазыка была выдзелена. І сёння ў аграгарадку Палачаны на вуліцы Савецкай стаяць пабудаваныя тады дамы.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Напэўна, у такіх сітуацыях, калі словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі, і правяраецца чалавек, асабліва кіраўнік – у яго руках лёс многіх людзей?

Клара ФІЛІПАВА:
– Праз шмат гадоў, калі Прытыцкі ўжо быў сакратаром ЦК КПБ, мне яшчэ раз давялося звярнуцца да яго па дапамогу – трэба было ўладкаваць на работу дачку загінулага салдата і партызанкі. Паролем, які адчыніў дзверы ў яго кабінет, была назва нашага горада. Ён цёпла прыняў мяне, распытаў пра фабрыку мастацкіх вырабаў, дырэктарам якой была я на той час, даў адпаведныя распараджэнні наконт дзяўчынкі, клопат пра якую прывёў у сталіцу.

Але найбольш мне запомнілася гісторыя – ні больш ні менш! – наведвання Сяргеем Восіпавічам нашых Палачан па маёй просьбе. Яна да гэтага ў памяці, хаця не вызначаецца асаблівым палітычным гучаннем. Паспрабую сцісла пераказаць.

Восенню 1958 года, акурат напярэдадні чарговай гадавіны вызвалення Заходняй Беларусі ад польскай улады, мне, тады загадчыцы сельскай бібліятэкі, прыйшла думка правесці вечарыну, прымеркаваную да падзеі, і запрасіць на яе Прытыцкага. Да гэтага часу ён ужо чатыры гады ўзначальваў Маладзечанскі абкам партыі.
Параілася ў райкаме. Там маю ідэю прынялі, толькі выказалі сумненне ў тым, што знойдзецца ў Сяргея Восіпавіча час на гэта. Я ж была настойлівай: напісала запіску з прапановай наведаць Палачаны і праз работніка прыёмнай перадала яе першаму сакратару. Праз нядоўгі час мяне запрасілі на асабістую сустрэчу з Прытыцкім. Тады ж Сяргей Восіпавіч даў слова, што абавязкова прыедзе да нас у вёску.

… На сустрэчу ў мясцовай школе сабралася столькі народу, што многім не было дзе сесці. Людзі стаялі ў праходах, і нам па вузенькім калідорчыку давялося праціскацца на сцэну. Сяргея Восіпавіча віталі вельмі цёпла, слухалі ўважліва. І трэба было такому здарыцца: у час яго выступлення некалькі разоў гасла святло. Але ў зале стаяла такая цішыня, што можна было чуць дыханне людзей.
Прытыцкі прыгадаў, што вось так у поўнай цемры яму даводзілася гаварыць у 1934 годзе на партыйных і камсамольскіх форумах у Савецкай Беларусі. «А цяпер слова прадстаўніку КПЗБ таварышу Янеку, – аб’яўляў старшынствуючы, і ў зале выключалі святло. А запальвалася яно тады, калі за трыбунай выступоўцы ўжо не было. Прысутныя разумелі: работа ў падполлі патрабуе канспірацыі».
Тая сустрэча зацягнулася – людзі доўга не хацелі адпускаць Прытыцкага, усё задавалі і задавалі яму пытанні. Быў і невялікі канцэрт палачанскіх школьнікаў. Адкрытасць, шчырасць у паводзінах Сяргея Восіпавіча надалі мне смеласці запрасіць яго на вячэру.
– Вячэраць дык вячэраць! – весела пагадзіўся ён.Ледзь не да раніцы доўжылася размова. Сяргей Восіпавіч расказваў пра бацькоў, братоў і сясцёр, пра жонку і дачок. Прыгадаў, як пасля прагляду кінафільма «Чырвонае лісце» малодшая ўсё дапытвалася, што стала з дзяўчынай, з якой у фільме галоўны герой браў шлюб. Давялося тлумачыць, што гэта мастацкі вымысел, сюжэтны ход. А дачка не верыла.

Мы развітваліся, калі ўжо днела.

– Паглядзіце, раніца займаецца. А спаць зусім не хочацца, – сказаў Сяргей Восіпавіч і прызнаўся, што даўно ўжо не адчуваў такой маральнай раўнавагі, задавальнення.
Праз колькі часу ў Палачанах быў узведзены помнік патрыётам: Радзіма-маці смуткуе аб сваіх загінулых сынах. Так Прытыцкі адрэагаваў на выступленне ў той незабыўны вечар адной з першых мясцовых камсамолак Ніны Леган і яе расказ пра сваіх таварышаў-камсамольцаў Івана Легана і Генадзія Паўлоўскага, іншых маладых патрыётаў, якія ў гады вайны загінулі ад рук фашыстаў.
Такім жа чулым, уважлівым да людзей і іх праблем заставаўся Сяргей Восіпавіч Прытыцкі і тады, калі быў выбраны старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, намеснікам старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Быў і застаўся ў памяці людской Чалавекам.

З аднаго металу льюць…
С.В. Прытыцкі ўзнагароджаны чатырма ордэнамі Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/vajna-i-mir-dyyalog-pakalennya/item/1399-slovy-i-spravy-syargeya-prytytskaga.html#sigProIded919525a0
Прочитано 2051 раз Последнее изменение 30.06.2017 9:15
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Веліч яго душы. Мікалай Ганецкі

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить