Последние новости

26.06.2017 14:08

Веліч яго душы. Мікалай Ганецкі

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Доўгі час, гадоў трыццаць, як знаёмы з Маяй Мікалаеўнай Бердашовай, былой старшай медсястрой дзіцячай стаматалагічнай паліклінікі. Сціплая, абаяльная жанчына; калі і размаўлялі адзін з адным, то ўсё больш пра справы будзённыя. І толькі нядаўна, калі спатрэбіліся фатаграфіі Мікалая Севасцьянавіча Ганецкага, даведаўся, што яна яго дачка. Чалавека незвычайнага лёсу, легенды, можна сказаць. І пры тым пры ўсім чалавека, які таксама выдзяляўся сціпласцю, прыстойнасцю, вялікім сэрцам і добрай душой.

Веліч яго душы. Мікалай Ганецкі "Маладзечанская газета"

Такім памятаюць героя чарговай публікацыі пад рубрыкай «Вайна і мір. Дыялог пакаленняў» тыя, каго лёс зводзіў з Ганецкім. Хто разам з ім працаваў, займаўся грамадскімі справамі, хто, урэшце, праводзіў яго ў апошні шлях… У ліку такіх і пастаянны мой сааўтар Клара Лявонцьеўна Філіпава.

Клара ФІЛІПАВА:
– Нарадзіўся Мікалай Ганецкі ў 1918 годзе ў Маладзечне. Ужо ў ранняй маладосці далучыўся да камсамольскага падполля, ва ўмовах жорсткіх праследаванняў і рэпрэсій уключыўся ў барацьбу з белапалякамі на акупіраванай тэрыторыі. Быў адным з лідараў арганізацыі КСМЗБ у Маладзечанскай зоне. Сем разоў арыштоўваўся. Яго волю і сілу духу не зламалі нават катаванні ў сумна вядомым канцэнтрацыйным лагеры ў Бярозе-Картузская, куды быў кінуты ў маі 1939 года пад нумарам 2927. І хто ведае, як склаўся б лёс Мікалая Севасцьянавіча, каб у верасні палякі не былі выгнаны з Заходняй Беларусі. На ўсё жыццё вязень запомніў той дзень: на дзвярах камеры быў сарваны замок, адчыніліся дзверы, і радасны вокліч абвясціў: «Выходзьце! Свабода!».

Калі вярнуўся ў Маладзечна, давялося некаторы час займацца архівамі, перакладаць з польскай мовы дакументы. Тады ж і са сваёй справай пазнаёміўся, даведаўся, за што і кім быў вынесены прысуд…

Затым кароткі перыяд знаходжання ў міліцыі. Але марыў учарашні вязень пра вайсковую службу, пра службу на граніцы. Звярнуўся ў ваенкамат, а там прапанавалі Ульянаўскае аўтабранятанкавае вучылішча імя Леніна. Паступіў, калі ў паветры выразна «пахла» вайной.

Маладому курсанту летам 1941 года нават давялося з танкавым батальёнам трапіць у раён баявых дзеянняў пад Смаленскам, але па-сапраўднаму ўступіць у бой не выпала. Мікалай вярнуўся ў вучылішча з адным жаданнем – трапіць на фронт. Але раптам цяжкая хвароба (напэўна, катаванні ў Картуз-Бярозе не прайшлі бясследна) падкасіла юнака. Некалькі месяцаў правёў у шпіталі, і вырак медыцынскай камісіі: да страявой не прыгодны.

Пачаў працаваць начальнікам транспартнага цэха на буйным ваенным заводзе – перамога, як вядома, кавалася ў тыле. Нярэдка станавіўся за металаапрацоўчы станок. Словам, не цураўся ніякай работы, разумеў: на фронце яго таварышам не такія выпрабаванні пераносіць даводзіцца. Тады ж назаўсёды звязаў Мікалай Ганецкі свой лёс з Камуністычнай партыяй.

Савецкі пісьменнік Аляксей Талстой неяк напісаў: «Тылавая праца – будзённая, непрыкметная. У ёй не кроў лілася, а пот, у гэтай працы не наносяць цяжкіх або смяротных ран, але не менш патрэбна веліч душы, каб дзень за днём, ноч за ноччу, пераадольваючы стомленасць, аддаваць усе сілы, каб забяспечваць Чырвоную Армію, верыць у яе свяшчэннай, усенароднай верай, што пераможа і адпомсціць разбуральнікам Радзімы». Гэта і пра яго, пра Мікалая Севасцьянавіча Ганецкага.

У паўсядзённых напружаных клопатах застала Ганецкага вестка аб вызваленні Беларусі, роднага Маладзечна. Прыехаў у горад, выйшаў на вакзале – наўкола руіны, толькі дзе-нідзе ўцалелыя будынкі. Давялося адразу ж уключацца ў работу, адбудоўваць парушаную фашыстамі гаспадарку. Першая «мірная» пасада была начальні-
ка майстэрні. Да таго ж камуністы абралі яго сваім важаком. А гэта начыста адмятала з лексікону такія паняцці, як «свая» работа і «не свая». Праз пэўны час Мікалая Севасцьянавіча прызначылі тэхнічным кіраўніком, а з 1952 года — начальнікам аўтабазы №2.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Мне падаецца, што аўтапрадпрыемства лічылася адным з лепшых, і не толькі ў Маладзечне. У актыве калектыву транспартнікаў былі шматлікія дыпломы, пераходныя і памятныя сцягі, а вянчаў гэтыя ўзнагароды ордэн «Знак Пашаны»…

Клара ФІЛІПАВА:
– Гэта так. І вытворчыя, і сацыяльныя паказчыкі ў арганізацыі ішлі ўверх. Тут ладзіліся семінары па абмене вопытам, быў узведзены свой інтэрнат, паступала новая тэхніка. Аўтарытэт кіраўніка заставаўся непахісным, хаця, па праўдзе, рознае здаралася ў жыцці. Але Мікалай Севасцьянавіч быў чысты перад уласным сумленнем, смела глядзеў у вочы іншым (на вялікі жаль, не ўсе ў наш час маюць такое маральнае права).

Ганецкі трыццаць гадоў прадстаўляў выбаршчыкаў у гарадскім Савеце народных дэпутатаў, як старэйшы дэпутат адкрываў арганізацыйныя сесіі Савета новага склікання. Што таксама сведчыць пра аўтарытэт сярод калег. Нават пасля таго як пакінуў пасаду дырэктара аўтабазы, яшчэ дзесяць гадоў узначальваў трансагенцтва. І адначасова з вялікай адказнасцю і без прынукі выконваў партыйныя і грамадскія даручэнні, быў сярод людзей. З асаблівым настроем выступаў перад школьнікамі, моладдзю. Ветэрану было пра што ўспомніць, чым падзяліцца з прадстаўнікамі новага пакалення.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– У 1983-м, калі Мікалай Севасцьянавіч адзначаў сваё 65-годдзе, савет дырэктараў Маладзечна падарыў ветэрану прывітальны адрас у вершаванай форме. Давайце, Клара Лявонцьеўна пазнаёмім з ім нашых чытачоў. У ім – увесь жыццёвы шлях Ганецкага.

Клара ФІЛІПАВА:
– Я не супраць. Скажу толькі, што аўтарам паэтычных радкоў быў Алег Васільевіч Шчукін.

Тебя мы знаем – коммуниста.
В тебе мы ценим ту черту,
Что ты всегда в труде неистов,
А людям даришь доброту.
О каждом годе твоей жизни
Романы можно написать,
Ведь ради матери-Отчизны
Пришлось так много испытать.
Ты знал нужду, бесправье, голод,
Листовки клеил по ночам.
И путь борца ты с комсомола,
С подполья в юности начал.
И шел ты с юности сквозь грозы.
Твой путь был правильно решен.
Ты через ад Картуз-Березы
Достойно, с мужеством прошел.
Когда же знамя заалело
Советской власти на пути,
Нашел любимейшее дело:
Возглавил автоколлектив.
Сейчас и вспомнишь-то не сразу,
Какою техника была.
Но в Молодечно автобаза
Тогда впервые зажила.
В нее ты сил вложил без счета,
Об этом слава говорит
И то, что орден «Знак Почета»
На Красном знамени горит!
С тобою многие знакомы:
И молодежь, и детвора.
Ты депутат, член исполкома.
Орденоносец, ветеран!..

Клара ФІЛІПАВА:
– Мікалай Севасцьянавіч Ганецкі пайшоў з жыцця ў маі 2003 года, праз месяц пасля свайго 85-годдзя. Многае змянілася за гэты час. Ужо і прадпрыемства, якое ён узначальваў больш за тры дзясяткі гадоў, няма. А добрая памяць пра сумленнага чалавека, патрыёта сваёй краіны, умелага кіраўніка жыве дагэтуль. І, пераканана, будзе жыць заўжды.

Фота прадстаўлена раднёй М. ГАНЕЦКАГА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/vajna-i-mir-dyyalog-pakalennya/item/1381-velich-yago-dushy-mikalaj-ganetski.html#sigProIddc0908357d
Прочитано 1530 раз Последнее изменение 26.06.2017 14:08
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить