Последние новости

26.05.2017 13:14

Усё для фронту, усё для перамогі! Зінаіда Яскевіч

У савецкага паэта Міхаіла Ісакоўскага ёсць верш «Рускай жанчыне» – своеасаблівы гімн вялікім працаўніцам і патрыёткам, якія ў гады вайны самаахвярна набліжалі Перамогу,
«… увесь фронт, што ад мора да мора, карміла хлебам сваім».

Усё для фронту, усё для перамогі! Зінаіда Яскевіч "Маладзечанская газета"


Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:

— Мне падаецца, што пад словам «руская» аўтар меў на ўвазе не толькі носьбітаў канкрэтнай нацыянальнасці – цяжкія выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай леглі на плечы ўсіх жанчын былой краіны, СССР. Вобраз жанчыны – маці, жонкі, сяброўкі – стаў адным з сімвалаў супраціўлення акупантам, бязмернай мужнасці і гераізму. Мы ў сваім дыялогу, Клара Лявонцьеўна, адзначалі гэта.

Клара ФІЛІПАВА:
– Так, гераінямі нашых публікацый былі жанчыны, якія ваявалі з фашыстамі на фронце, у партызанскім атрадзе. Сёння прапаную звярнуцца да лёсу нашай зямлячкі, якая набліжала Перамогу самаадданай працай у тыле, не шкадавала маладосці і здароўя дзеля святой справы – перамогі над ворагам. Такой жанчынай была Зінаіда Якаўлеўна Яскевіч. Да ўсяго, яна пэўны час пасля смерці Вячаслава Антонавіча Ляшковіча ўзначальвала раённы савет ветэранаў.

Зінаіда Акульская нарадзілася ў 1922 годзе ў Палачанах. У беднай вясковай сям’і гадаваліся чатыры дачкі, і Зінаіда была малодшай між іх. Рухавая, спрытная, дапытлівая, яна цягнулася да ведаў, што вельмі радавала бацькоў. У 1937 годзе Зінаіда стала практыканткай Палачанскай гміны, на «выдатна» здала экзамены і засталася там працаваць.

Прыход Чырвонай Арміі ў верасні 39-га Акульскія, зрэшты, як і іх землякі, сустрэлі з радасцю. Тады ж, 17 верасня, семнаццацігадовая дзяўчына сустрэла сваё першае каханне: камандзіру Чырвонай Арміі Аляксею Бялько было 25, ён быў прызначаны на пасаду камісара казначэйства па ліквідацыі прыватнай уласнасці. Зінаіда працавала сакратаром-машыністкай у мясцовым валасным камітэце і адначасова вучылася ў школе. На самым пачатку 1941 года яны сталі мужам і жонкай.

«Здавалася, нашаму шчасцю не будзе канца, – прызналася неяк Зінаіда Якаўлеўна. – Мы разумелі адзін аднаго з паўслова, не маглі надыхацца, нацешыцца адзін адным. Але 22 чэрвеня нібы маланка перакрэсліла нашы мары, нашу будучыню…».

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
– Страшныя рэаліі вайны: смерць, кроў, боль, страты… Разумееш, чаму людзі, якія перажылі яе, так цэняць мір, спакой, цішыню. Чаму выказванне «толькі б не было вайны» для беларусаў старэйшага пакалення з’яўляецца своеасаблівай мантрай.

Клара ФІЛІПАВА:
– Для нашай гераіні пакуты толькі пачыналіся. Праз чатыры дні пасля пачатку вайны апошнім эшалонам яны пакідалі родны край. У Віцебску развіталіся, каб ужо не спаткацца ніколі…
Зінаіда была на шостым месяцы цяжарнасці, і можна толькі здагадвацца, як расставанне і далейшая доўгая дарога ў тыл адбіліся на яе здароўі і здароўі будучай дачушкі. Да таго ж, эшалон трапіў пад бамбёжку, вагоны пачалі гарэць, людзі разбягаліся хто куды. Зіне пашчасціла: яна засталася жывой, хаця пагубляла няхітры свой дарожны скарб. Балазе, захаваліся дакументы. Тых, хто ацалеў, саджалі ў іншыя цягнікі. Амаль месяц дабіралася маладая жанчына да Ульянаўскай вобласці, пакуль не апынулася ў чувашскім сяле Елаур, у тамтэйшым калгасе імя Дзмітрава. Яго старшыня нядоўга прыглядаўся да Зінаіды, неўзабаве прапанаваў быць рахункаводам.
Працавала самааддана, каб хоць нейкім чынам заглушыць трывогу і боль за Аляксея, бацькоў. І ўсё гадала: хто ж наро-
дзіцца – сынок альбо дачушка?
У першыя дні кастрычніка на свет з’явілася дзяўчынка. Была яна кволай, хваравітай, відаць, адбіліся на развіцці шматлікія трывогі, перажыванні матулі, цяжкая дарога, бамбёжкі, сціплае харчаванне…

Як ні змагалася Зінаіда, праз два месяцы ў адну з начэй дачушка згасла, нібы свечка.
«Вельмі гаравала, але слёз ужо не было – выплакала іх раней, – працягвала Зінаіда Якаўлеўна. – Мужчыны пайшлі на фронт, у калгасе засталіся адны жанчыны. Пайшла працаваць, папрасілася на палявыя работы, туды, дзе цяжэй. Хацела быць бліжэй да людзей. А вечарам выконвала абавязкі рахункавода. Усе гаварылі толькі пра вайну, а калі ў хаты прыходзіў паштальён з «пахаванкай», тады плач і праклёны ў бок фашыстаў напаўнялі вёску».

Неўзабаве на фронт пайшоў старшыня, Зінаіду прызначылі часова выконваць яго абавязкі. З самага ранку была на нагах: на калгасным двары, у канторы, на ферме, у полі… Мабыць, гэта і ратавала ад цяжкіх думак і горкіх успамінаў. «Усё для фронту, усё для перамогі!» – такім быў галоўны лозунг таго часу.

Калі дайшла радасная вестка пра вызваленне роднай Беларусі, Зінаіда паспрабавала звязацца з бацькамі. Атрымалася. Пачалася перапіска. Ад іх даведалася, што Аляксей жывы, б’е фашыстаў і вельмі непакоіцца пра лёс жонкі. І радня, і муж вельмі прасілі яе вярнуцца дамоў.

А 17 снежня 1944 года     вяскоўцы, якія ў свой час прынялі Зінаіду, атулілі клопатам і ўвагай, далі дах над галавой і магчымасць працаваць, — праводзілі жанчыну на радзіму, у Беларусь. Незабыўныя моманты! Не ведала тады жанчына, што менавіта ў гэты дзень у Латвіі ў адным з баёў загіне яе Аляксей. Яе Алёшанька. Так у 22 гады Зінаіда засталася салдацкай удавой…

Але жыццё пацягвалася. У Маладзечне пачала працаваць памочнікам сакратара райкама партыі, праз некаторы час – сакратаром райвыканкама. Часта выязджала ў вёскі, праводзіла гутаркі з насельніцтвам аб калектывізацыі, аб падпісцы на пазыкі і зборы грашовых сродкаў… Удзельнічала ў аднаўленні разбуранай фашыстамі гаспадаркі. А па лясах туляліся іх былыя памагатыя, бандыты. Час быў ня-
просты.

У райкаме партыі пазнаёмілася са сціплым, добрым, сумленным маладым чалавекам Уладзімірам Яскевічам, некалі партызанскім разведчыкам брыгады імя Ракасоўскага, дзе камісарам быў Пётр Машэраў. Валодзя змог заваяваць давер Зінаіды, а затым і яе сэрца. Хаця характары ў іх былі розныя.

Зінаіда Якаўлеўна і Уладзімір Віктаравіч да самага развалу Савецкага Саюза рэгулярна ездзілі ў латышскі горад Прыекур’е, дзе ў брацкай магіле пахаваны Аляксей. Нарадзілі і выхавалі двух сыноў, будучых афіцэраў, дачакаліся ўнукаў. Але ў 1989 годзе Уладзімір Віктаравіч памёр.

Зінаіда Якаўлеўна працавала на самых розных пасадах – у савецкіх і партыйных органах, загадвала аддзелам сацыяльнага забеспячэння, інжынерам па кадрах. Але нават пасля выхаду на пенсію працягвала за-
ставацца між людзей: была інструктарам таварыства інвалідаў, спецыялістам па ветэранскіх справах, старшынёй раённага савета ветэранаў і таварыства інвалідаў. З двухтысячнага канчаткова на адпачынку. Яе працоўны стаж склаў 60 гадоў.

Зінаіда Якаўлеўна пайшла з жыцця 2 лютага 2004 года, на 82-м годзе. Пахавана на могілках у Палачанах. У вёсцы, дзе пачалося яе такое няпростае і адначасова вартае павагі і прыкладу жыццё. Там, дзе яе памятаюць як добрага чалавека.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ:
— Менавіта так адзываліся пра нашу гераіню і ўсе тыя, з кім мне даводзілася пасля нашай з вамі размовы, Клара Лявонцьеўна, удакладняць некаторыя моманты біяграфіі Яскевіч. Значыць, годна і адказна прайшла яна свой шлях. Каб застацца ў памяці нашчадкаў, многага і не трэба – усяго толькі жыць сумленна.

З аднаго металу льюць…

З.Я. Яскевіч ўзнагароджана медалём працаўнікоў тылу «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у развіццё ветэранскага руху.

Фота прадастаўлена раднёй З.Я. Яскевіч.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/vajna-i-mir-dyyalog-pakalennya/item/1310-usjo-dlya-frontu-usjo-dlya-peramogi-zinaida-yaskevich.html#sigProIdd5bd123040
Прочитано 1895 раз
Аляксандр Лазоўскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить