21.09.2020 11:37

Мегакамбайнер «Мега»-камбайне

Так з поўным правам можна сказаць пра Віктара Плоскага, які каля 30 гадоў шчыруе на хлебнай ніве сельгаспрадпрыемства «ЯхімоўшчынаАгра». Ён ужо сем гадоў на пенсіі. Аднак сёлетняя ўборачная кампанія, як і ўсе папярэднія, без яго не абышлася. Разам з камбайнерам Іванам Дурко намалацілі на нямецкім камбайне «Мега-350» 1099 тон збожжа.

Віктар і Валянціна Плоскія. Віктар і Валянціна Плоскія.

Падарункі за працу: тэлевізар, СВЧ-печ, гітара

Нам пашанцавала: засталі Віктара Міхайлавіча дома, у вёсцы Літва. На ўласным японскім трактарчыку ён збіраўся ехаць на палеткі. «Што балтаць, трэба справу рабіць!» — сказаў нам.

Упрасілі, застаўся, прыгадаў сёе-тое са сваёй багатай працоўнай біяграфіі.

Ён быў яшчэ дашкольнікам, калі яго бацькі пераехалі з Навагрудчыны ў нашу Літву. Тата Міхаіл Міхайлавіч быў настаўнікам, удзельнікам вайны, вёў у Літвянскай школе працоўнае навучанне, маляванне, спевы. Разам з іншымі выпускнікамі Віктар пайшоў вучыцца на механізатара шырокага профілю ў Вілейскае ПТВ. Пасля арміі яшчэ і вадзіцельскія курсы закончыў.

У 70-80-я гады мінулага стагоддзя ў Літве, суседніх вёсках было шмат моладзі. На ўсё наваколле грымеў Палачанскі Дом культуры, у якім быў нават свой ансамбль пад гучнай назвай «Піларама». Віктар Плоскі іграў у ім на рытм-гітары, Генадзій Бажко – на іоніцы, Міхаіл Бекіш – на ўдарных, Генадзій Злобін – на бас-гітары. Па суботах на дыскатэкі нават гарадская моладзь прыязджала. Хлопцы не толькі ігралі, але і спявалі.

— А якая ваша любімая песня таго часу? – спыталася ў субяседніка.
— Была такая «Последнее письмо» пра няшчаснае каханне салдата, якога не дачакалася з арміі дзяўчына: «Ты получишь письмо, как обычно, без марки, солдатское…».

Прайшоў не адзін дзясятак гадоў. На «Дажынках» саўгаса «Яхімоўшчына» яго тагачасны старшыня Генадзій Бажко ўручыў лепшаму механізатару Віктару Плоскаму вельмі сімвалічны падарунак – гітару. Як памяць пра рамантычную маладосць і «Пілараму», як падзяку за тое, што застаўся верным нялёгкай працы хлебароба.

Падарункаў за гады бездакорнай працы, за прызавыя месцы ў сельгаспрадпрыемстве, раёне было нямала: некалькі тэлевізараў, мікрахвалевая печ. І сёлета ў гаспадарцы ўзнагародзілі плазменным тэлевізарам. Віктару Міхайлавічу выпаў гонар быць сярод хлебаробаў, запрошаных на рэспубліканскае свята «Дажынкі-2011», што праходзіла ў Маладзечне.

Ад «Коласа» да «Мега»

Сваю працоўную біяграфію Віктар пачаў у «Яхімоўшчыне», нейкі час быў забеспячэнцам у «Сельгастэхніцы», працаваў у пажарнай часці ў Гарадзілаве. Ды зноў вярнуўся ў сельгаспрадпрыемства, старшыня адразу выдзеліў яму камбайн – гомельскі «Колас». Пазней перасеў на «Ніву». 15 гадоў таму з Германіі прыгналі «Мега-350» — па тых часах агрэгат суперсучасны, які даверылі Віктару Плоскаму. Ён нават у Смілавічы на курсы ездзіў, дзе вучылі кіраваць цуда-тэхнікай. З таго часу кожнае жніво Віктар Міхайлавіч працуе на гэтым камбайне. За месяц рыхтуе яго да работы, ведае кожны вінцік. У ім пяціметровая жняярка, з якой больш спраўна працаваць на ўзгорыстых яхімоўшчынскіх палетках.

— Люблю, калі поле роўнае, такое ўбіраць – адно задавальненне. Аднак за столькі гадоў усе палі ведаю як свае пяць пальцаў, — гаворыць хлебароб.

— Віктар Міхайлавіч вельмі працавіты, старанны механізатар, — з павагай гаворыць старшыня СУП «ЯхімоўшчынаАгра» Уладзімір Лазар.

А на чарзе – уборка кукурузы, якая таксама не абыходзіцца без Віктара Плоскага.

Малаціў збожжа – жонку знайшоў

19 жніўня Віктар і Валянціна Плоскія адзначылі 19-годдзе сумеснага жыцця. У кожнага з іх гэта другі шлюб, кожны мае па дачцэ (у Валянціны – Алёна, у Віктара – Ірына), якія былі сведкамі на рэгістрацыі іх шлюбу ў Палачанскім сельвыканкаме. На той час мужу і жонцы было 47 і 45 гадоў.

А сваім знаёмствам яны і сапраўды абавязаныя… камбайну. У ранейшыя часы саўгас «Яхімоўшчына» арандаваў землі ў гаспадарках суседняга Валожынскага раёна. Часта здаралася, што мясцовыя жыхары прасілі камбайнераў абмалаціць збожжа на сваіх сотках.

Вось і Валянціна звярнулася з такой просьбай. Яна на той час жыла ў Маладзечне, працавала тэхнікам на «Электрамодулі». На выхадныя, як звычайна, прыехала да бацькоў у вёску, каб дапамагчы па гаспадарцы.

— Хіба ж гэта не лёс? Камбайнераў было чацвёра, а я падышла да Віктара. Ён згадзіўся, прыехаў. Я снапы падавала, ён малаціў, слова за слова… Грошай за работу не ўзяў, а праз месяц прыехаў і прапанаваў замуж, — успамінае Валянціна Іванаўна.

Перабірацца ў Маладзечна Віктар Міхайлавіч катэгарычна не захацеў, давялося ёй мяняць гарадскія выгоды на сельскія клопаты. Ды толькі ёй не прывыкаць — вырасла ж у вёсцы, усё ведае і ўмее.

Сямейны экіпаж

— Я так марыла папрацаваць разам з мужам на камбайне! І вось у 2013 годзе мая мара збылася, — дзеліцца Валянціна Іванаўна і паказвае нам «Маладзечанскую газету» са здымкам іх сямейнага экіпажа.
– Як жа мне падабалася: на камбайне, нібы на караблі, па полі плывеш, збожжа хвалямі калышацца, на сонцы пераліваецца…

Ды толькі любавацца прыгажосцю залатога поля не было калі: муж спуску не даваў, даводзілася і сегменты мяняць, і маслёнкай змазваць дэталі, і сярпом каласы ля слупоў абжынаць. А штораніцы да выхаду на поле мыла камбайн, а муж строга сачыў, каб нават чырвоныя дыскі калёсаў блішчэлі. «Гэта ён па блату цябе прымушае», — жартавалі механізатары…

Дачка Алёны Насця Вайцяшонак, калі вучылася ў СШ №12, падрабязна распытвала ў Віктара Міхайлавіча пра яго работу, пісала сачыненні, якія заўсёды хваліла настаўніца. Цяпер Насця працуе памочнікам урача на станцыі хуткай дапамогі. Марат, Захар і Назар – сыны Ірыны, старэйшы ўжо школьнік, малодшаму споўніўся годзік. Усе чацвёра ўнукаў – вялікая ўцеха і радасць для бабулі з дзядулем.

Раней Плоскія трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову. Цяпер засталіся свінні і куры. Садзяць соткі бульбы, сеюць пшаніцу.

— Якраз перад вашым прыездам зранку паспелі адсеяцца, — гавораць гаспадары. – Бульбу выкапалі, для севазвароту пшаніцу пасеялі.

На старонках "Маладзечанскай газеты". Фота 2013 года. 

— А чым зімой займаецеся, калі спраў па гаспадарцы менш?

— Чытаем! – у адзін голас гавораць муж і жонка.

— Да нас прама пад дом прыходзіць бібліёбус, бібліятэкар Нэла Ястраб вельмі ветлівая, ведае густ кожнага. Я па сем кніг нясу, а Віктар – пятнаццаць-дваццаць, — працягвае Валянціна Іванаўна.
Віктар Міхайлавіч аддае перавагу дэтэктывам, Валянціна Іванаўна – жаночым раманам, а яшчэ любіць разгадваць сканворды, гаворыць, што гэта сапраўдная зарадка для мозгу.

Пад страхой на ганку, ля ўвахода ў дом Плоскіх, вісіць невялікі звон, які Валянціна Іванаўна прывезла з бацькоўскага дома.

— Калі бацюшка прыходзіць асвячаць наш дом, заўсёды ў яго звоніць, — гаворыць гаспадыня.
Дык няхай і надалей ён звоніць толькі на радасць, на добрыя справы, апавяшчае аб прыходзе добрых людзей!


Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 377 раз Последнее изменение 21.09.2020 11:37
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить