03.08.2020 11:47

«Ноччу адпачылі - і з раніцы зноў за працу!» Сёстры-блізняты з Палачан вараць сыры

Ларыса Машонская і Ала Бражыцкая не ўяўляюць свайго жыцця адна без адной. І без жыўнасці ў двары. А сыры, якія яны вараць, пакаштавалі не толькі ў Маладзечне, Лідзе, Мінску, але і ў Маскве, нават у Мурманску. Маці Ядвіга Андрыловіч ганарыцца дочкамі.

Ларыса Машонская, Ала Бражыцкая і іх мама Ядвіга Андрыловіч. Ларыса Машонская, Ала Бражыцкая і іх мама Ядвіга Андрыловіч. "Маладзечанская газета"

«Можна, мы кароў падоім?»

У сваёй матулі Ядвігі Андрыловіч блізняты нарадзіліся ў Ашмянскай бальніцы з розніцай у паўгадзіны. У сярэдзіне 1960-х апаратаў ультрагукавога даследавання яшчэ не было, жанчына не ведала, што носіць пад сэрцам дзвюх дачушак. Спачатку на свет з’явілася Ала. Быў выхадны дзень. Урач, якая прымала роды, пайшла дадому. Але зноў яе тэрмінова выклікалі: яшчэ адна дзяўчынка на падыходзе… Блізняты былі настолькі падобныя, што маці магла іх адрозніць толькі па радзімцы на ножцы ў Ларысы. Калі падраслі, то часта карысталіся сваім падабенствам. Аднойчы ў школе Ларыса чытала на памяць верш, які Ала не вывучыла. У Ашмянскім сельгастэхнікуме, дзе сёстры вучыліся на бухгалтараў, Ларысу выклікалі да дошкі рашаць задачу, а за яе выйшла Ала…

Жанчыны ўспамінаюць, што свойскую жывёлу любілі заўсёды:

— Было нам па гадоў сем. Гоняць калгасны статак з поля на ферму — мы следам бяжым і просім адну з даярак: «Дайце карову падаіць!». Цяпер такое ўявіць немагчыма, а ў тыя часы нас пускалі, каб трэніраваліся.

Мае субяседніцы расказваюць, што любоў да жывёлы прывіў ім дзядуля Станіслаў Гурштыновіч, які працаваў загадчыкам фермы. Была даяркай і іх матуля. Бывала, на ферме прападала электрычнасць, не працавалі даільныя апараты. І тады дочкі прыходзілі на дапамогу: па дзесяць кароў кожная выдойвала. Вучыліся на той час у класе сёмым. Калі ж маці перавялі ў загадчыцы фермы, дзяўчынкі ледзь не плакалі: «Навошта ты перайшла і сваіх кароў іншым аддала?».

— Яны створаны для таго, каб жывёлу даглядаць, гэта іх жыццё, — з любоўю гаворыць матуля, якой сёстры дапамаглі перабрацца ў Палачаны, купілі дом па вуліцы Савецкай побач са сваімі.
Ядвіга Станіславаўна працавала не толькі даяркай, яна працяглы час была поварам у школьнай сталовай. А яшчэ па ўсім наваколлі гатавала святочныя сталы на вяселлі: мясныя рулеты, тарты трох’ярусныя... Да яе прыязджалі з Беларускага тэлебачання, здымалі для перадачы «Наша кухня», як яна гатуе дранікі і клёцкі. Да гэтага часу паказваюць, перыядычна Ядвіга Станіславаўна бачыць сябе на экране. Акрамя дачок у яе ёсць малодшы сын Андрэй, які жыве ў Краснадары.

Не толькі дом выбіралі, але і луг для жывёлы

Не простым было жыццё ў блізнят. Абедзве пасля тэхнікума прыехалі працаваць на Вілейшчыну ў калгас «Барацьбіт». У 21 год адна за адной яны выйшлі замуж. У Алы – дзве дачкі Наташа і Каця, у Ларысы – сыны Аляксандр і Дзмітрый, дачушка Алена. Праз 11 гадоў сумеснага жыцця ў Алы трагічна загінуў муж. Ларыса развялася са сваім мужам праз 23 гады…

На ўсіх жыццёвых этапах сёстры падтрымлівалі адна адну, дапамагалі рашаць праблемы з работай, з жыллём. Спачатку перабраліся з Вілейшчыны на Валожыншчыну, у Пяршаі. Некалькі гадоў працавалі там у мясцовай гаспадарцы, але з жыллём перспектыў не было. Часта ездзілі праз Палачаны, і гэта вялікая прыгожая вёска ім вельмі падабалася. Пятнаццаць гадоў таму першай тут купі-ла жыллё Ала Іосіфаўна. Успамінае, што не толькі дом прыглянуўся, але і тое, што зусім побач з ім – вялікі луг, дзе можна навязваць сваіх кароў. Праз некалькі гадоў удалося набыць дом і Ларысе. Ала Іосіфаўна працавала загадчыцай КБА, Ларыса Іосіфаўна была паштальёнам, рабочай на мясцовай чыгуначнай станцыі. І ўсё ж асноўны іх занятак – гаспадарка. З яе сёстры жылі, прадаючы лішкі малочнай і мясной прадукцыі. Акрамя таго, у часы дэфіцыту Ларыса ездзіла на рынак у Хмяльніцкі ва Украіну, займалася гандлем. Сёстры прывыклі разлічваць толькі на свае сілы.

У Алы цяпер тры каровы: Ластачка, Зорка, Краса, у Ларысы – Чарнушка і Чайка. Гадуюць яны і цялятак, здаюць сельгаспрадпрыемству, атрымліваюць за іх сена. Акрамя таго, у кожнай з сясцёр — козы, куры, індыкі. Кажуць, што сёлета вырас попыт на казінае малако, многія яго бяруць дзеткам, каб падмацаваць іх здароўе. Садзяць жанчыны агароды, ёсць парнікі. Дапамагаюць дзеці, праяўляюць цікавасць да сялянскай працы старэйшыя ўнукі. Не інакш, будуць фермерамі, усміхаюцца мае субяседніцы. З удзячнасцю жанчыны гавораць пра аднавяскоўцаў, знаёмых, якія аказваюць дапамогу ў набыцці кармоў, іншых справах. Майстрам на ўсе рукі называюць Уладзіміра Ракоў-скага, спадарожніка жыцця Алы
Іосіфаўны.

Цяпер сёстры не такія падобныя, як у дзяцінстве: у Алы Іосіфаўны больш кароткія і светлыя валасы. Абедзве стройныя, энергічныя. На маё пытанне, як удаецца фігуру захоўваць, толькі ўсміхаюцца:

— У нас такая фіззарадка з раніцы да вечара, што фітнес з ёй не ідзе ні ў якое параўнанне! Часта за работай забываемся перакусіць. Іншы раз і позна павячэраць можам, не баімся лішніх калорый, — прызнаюцца жанчыны.

А яшчэ яны вельмі ўсмешлівыя і вясёлыя. Могуць песню зацягнуць. Я і вокам не паспела маргнуць, як яны, частуючы мяне гарбатай, дасталі альбом з перапісанымі ад рукі словамі любімых песень і пачалі спяваць. Расказваюць, што іх суседка, старшыня ветэранскай арганізацыі Людміла Леган, добра іграе на баяне, а яны любяць падпець.

— Ноччу адпачылі — і з раніцы зноў за працу! — выводзяць сёстры няхітрую формулу свайго жыцця.

І толькі ім вядома, як гэта зранку да вечара даглядаць вялікую гаспадарку: па тры разы на дзень даіць кароў, парадкаваць малако, варыць свае знакамітыя сыры, па якія ў Маладзечне на калгасным рынку выстройваецца чарга. З задавальненнем купляюць іх і ў Мінску, масквічы імі частаваліся і нават жыхары далёкага Мурманска.

— Вось гэты, беленькі — адыгейскі вараны, а з румянай скарыначкай – запечаны ў духоўцы, — частуюць гасцінныя гаспадыні сваімі вырабамі. – Вараны больш мяккі, старэйшыя людзі яго любяць, а моладзь – запечаны, ён больш цвёрды атрымліваецца.

Сыры і сапраўды вельмі смачныя! І сытныя: з’еў некалькі кавалачкаў — можна і не абедаць. Цяжка ўявіць, колькі працы яны патрабуюць! На кілаграмовую галоўку ідзе дзевяць літраў свежага малака. Штодня гаспадыні вараць па пяць-шэсць галовак. Расказваюць, што па смаку ў Алы і Ларысы яны адрозніваюцца. Гэта залежыць ад тлустасці малака ў кароў і многіх іншых фактараў. А яшчэ ад пазітыўнага настрою, ад таго, з якімі думкамі гаспадыня доіць сваю кароўку-карміцельку, працэджвае малако, чаруе над сырам…

— Пакуль ёсць сілы, будзем кароў трымаць! – гавораць сёстры, якія жыцця без вялікай гаспадаркі не ўяўляюць. Як і адна без адной. Яны нібыта звязаны паміж сабой непарыўнымі ніцямі.

— Якімі б занятымі ні былі, мы павінны кожны дзень убачыцца, пагутарыць, навінамі абмяняцца. Па-іншаму жыць не ўмеем! – гавораць Ала і Ларыса.

І цішком кідаюць позірк на гадзіннік: мала часу да дзённай дойкі засталося, трэба на поле спяшацца…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Прочитано 334 раз Последнее изменение 03.08.2020 11:47
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить