Час вяселляў у разгары. Гэта пацвярджае інфармацыя па дэмаграфічнай сітуацыі, якую нам прадставіла начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна АХПОЛАВА.
У чэрвені ў нашым раёне зарэгістраваны 92 нованароджаныя (52 хлопчыкі і 40 дзяўчынак). Першае дзіця з’явілася ў 33 сем’ях, другое – у 28, трэцяе – у 26, чацвёртае – у чатырох, пятае – у адной.
Сярэдні ўзрост мам – 29 гадоў, татаў – 31. Самай юнай маме – 18 гадоў, тату – 20, самым узроставым – 40 і 50 гадоў.
У сям’і маладзечанцаў Кацярыны і Аляксандра Казаравец нарадзіліся двайняты – сыноў бацькі назвалі Аляксандрам і Іванам.
Самымі папулярнымі імёнамі чэрвеня сталі Міхаіл, Мацвей, Арцём, Павел, Ілья, Ганна, Дар’я, Міраслава, Софія. У адзіным варыянце былі Арцемій, Рыгор, Ігар, Мікалай, Сяргей, Сімон-Якаў, Аўрора, Васіліса, Каміла, Лідзія, Меліціна, Надзея, Соф’я.
За паўгода ў раёне зарэгістравана 597 нованароджаных (472 — у горадзе і 125 — у сельскай мясцовасці).
Шлюбы
У чэрвені іх зарэгістравана найбольш, чым у папярэднія месяцы паўгоддзя – 85 (55 – у аддзеле ЗАГС, 30 — у сельвыканкамах).
Сярэдні ўзрост нявест – 31 год, жаніхоў — 32. Самым маладым нявесце і жаніху – 19 і 21 год, самым пажылым – 60 і 57.
Усяго з пачатку года ў раёне створана 308 новых сем’яў (218 — у горадзе і 90 — у сельскай мясцовасці).
Лета – спрыяльны час для вяселляў, а не для разводаў. І статыстыка гэта ў чарговы раз пацвярджае. Калі, напрыклад, у студзені было зарэгістравана 57 выпадкаў скасавання шлюбу, у маі – 61, то ў чэрвені – 34. Што цікава, роўна столькі ж было ў гэтым месяцы летась.
За паўгода ў раёне распаліся 273 сям’і.
Смерці
Першы месяц лета стаў апошнім у жыцці 199 нашых землякоў.
Усяго з пачатку года пайшлі з жыцця 974 жыхары раёна (639 — у горадзе, 335 — у сельскай мясцовасці). Сярэдні ўзрост памерлых мужчын склаў за паўгода 65 гадоў, жанчын – 76.