08.05.2020 13:05

Як адзначалі Дзень Перамогі ў Маладзечне 60, 50, 30 гадоў таму

Пра што пісала "Маладзечанская газета". Гартаем падшыўкі. 

1960 год: франтавікі перавыконвалі планы сямігодкі

«Сцяг Кастрычніка», папярэдніца нашай газеты, якая ў 1960-я гады была органам Маладзечанскага гаркама КПБ, не паведамляла пра ўрачыстасці з нагоды 15-годдзя Перамогі ў горадзе і раёне. Магчыма, яны і не праводзіліся. Расказвалася толькі пра святкаванне ў Маскве, Мінску, гарадах-героях.

В. Доктараў, былы рэдактар падпольнай газеты «Чырвоны сцяг», дзяліўся ўспамінамі, як яна друкавалася ў лесе, на партызанскай базе: «У шалашы, пры святле кастра, мы літаральна на каленях пісалі заметкі, апрацоўвалі паступіўшыя матэрыялы. Рукі мерзнуць, дым вочы есць, наборшчыкі набіраюць, выпраўляюць памылкі, друкары друкуюць». Газету з нецярпеннем чакалі партызаны, жыхары Маладзечна, Хажова, Лебедзева, Заскавічаў. «Чырвоны сцяг» расказваў аб баявых дзеяннях байцоў партызанскага атрада імя Катоўскага, брыгады «Народны мсціўца».
Толькі пра аднаго ветэрана вайны згадваецца на майскіх старонках «Сцяга Кастрычніка»: Усцін Іваноў з калгаса «Светлы шлях» прайшоў ад Масквы да Берліна, атрымаў чатыры раненні, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. А ў мірны час Усцін Дзмітрыевіч – адзін з лепшых працаўнікоў фермы арцелі, перадавік працоўнай сямігодкі.

У святочныя майскія дні прайшла спартыўная эстафета на прызы газеты «Сцяг Кастрыч-
ніка» па бегу і велагонцы, каманды-пераможцы атрымалі прызы рэдакцыі і дыпломы гарадскога Савета саюза спартыўных таварыстваў і арганізацый.

1970 год: на гарадскім стадыёне – 400 гімнастаў

«Святло камунізму» (так тады называлася наша газета) змяшчае рэпартаж з грандыёзнага свята ў гонар 25-годдзя Перамогі, якое прайшло на гарадскім стадыёне. Маладзечанцы віталі Героя Савецкага Саюза

М.У. Ларына, які разам з камісарам партызанскай брыгады імя Фрунзэ І.І. Міроненкам, падпольшчыцамі Г.М. Бабушкінай і К.І. Кавалёвай, работнікам ваенкамата М.Ф. Іванюком узняў сцяг свята. Зводны хор выконваў песню «Свяшчэнная вайна», на зялёнае поле выйшаў і падняўся на п’едэстал воін з дзяўчынкай на руках. А затым на стадыён выйшлі 400 гімнастаў, якія выканалі розныя практыкаванні. Па бегавых дарожках на вялікай хуткасці рухаліся веласіпедысты. Затым свята перанеслася ў гарадскі парк, а закончылася маладзёжным балем.

І яшчэ адзін цікавы факт. У святочным нумары апублікавана пісьмо настаўніка з Палтаўшчыны пра жыхара Лебедзева Фаму Емяльянава. У баі Фама Аляксеевіч быў моцна паранены, яго вынеслі з поля бою мясцовыя жыхары, а хірург Андрэй Федароўскі прааперыраваў, хаця вельмі рызыкаваў: палову бальніцы займалі гітлераўцы. Беларус выжыў, вярнуўся на радзіму і падтрымліваў сувязь са сваімі выратавальнікамі.

1990 год: першы суботнік – на будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Шталаг-342»

У святочным нумары «Святла камунізму» адказны сакратар Маладзечанскага аддзялення Беларускага таварыства аховы помнікаў і культуры Аляксандр Мазанік заклікаў землякоў далучыцца да ўзвядзення помніка-ансамбля на месцы шталага №342, паведаміў, што калектыў станкабудаўнічага завода правёў першы суботнік і заробленыя на ім грошы пойдуць на гэтыя мэты.

Чуллівы артыкул «Братэрства франтавое», у якім ветэран вайны Р. Тарасевіч расказвае пра сустрэчу з баявымі сябрамі-маладзечанцамі. Гэта заслужаны ўрач БССР Пётр Ржавускі, ваенны хірург, якога не адно пакаленне нашага горада ведае як галоўнага ўрача дзіцячай бальніцы, і Навум Жалязняк, ваенны карэспандэнт, які шмат гадоў працаваў у рэдакцыі газеты «Святло камунізму».

Расказвае газета і аб шырокім святкаванні 45-годдзя Перамогі ў нашым горадзе і раёне. На плошчы Леніна (цяпер Цэнтральная) свята адкрылі пяцёра выхаванцаў станцыі юных тэх-
нікаў на картынгах, а самым хуткім сярод іх быў Раман Прымак. Затым прайшлі паказальныя выступленні авіямадэлістаў. Тым часам ля кінатэатра «Радзіма» сабраліся ветэраны вайны, якія пад гукі духавога аркестра калонай рушылі на плошчу. З Мінскага абласнога краязнаўчага музея на плошчу дастаўлены баявыя сцягі воінскіх часцей, якія вызвалялі наш горад. Дарэчы, загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 23 ліпеня 1944 года 311-й штурмавой авіяцыйнай дывізіі прысвоена ганаровая назва «Маладзечанская». Пасля ўрачыстага мітынгу на плошчы прайшоў вялікі канцэрт з удзелам лепшых калектываў мастацкай самадзейнасці.

2000 год: у рэдакцыі за круглым сталом – 30 франтавікоў, якія штурмавалі Берлін

У год 55-й гадавіны Вялікай Перамогі рэдакцыя «Маладзечанскай газеты» папрасіла адгукнуцца франтавікоў, узнагароджаных медалём «За ўзяцце Берліна». Уявіце, у рэдакцыі сабралася каля 30 чалавек! Большасці з іх у знамянальным 1945-м было па 19-20 гадоў. Іх віталі намеснік старшыні гарвыканкама Данілея Жук, старшыня гарадскога савета ветэранаў Мікалай Адашкевіч, старшыня аддзялення фонду міру Святлана Чыжыкава. Дзяліліся ўспамінамі ветэраны вайны Аляксей Чурынаў, Уладзімір Макаўкін, Кацярына Волкава, Дзмітрый Мельнічук, Мітрафан Жамчужнікаў. Пра гэту чуллівую сустрэчу напісаў незабыўны Валянцін Ліпніцкі, намеснік рэдактара нашай газеты.

9 мая ў горадзе было вялікае свята, якое пачалося ўрачыстым шэсцем да мемарыяла ў парку Перамогі, затым – да брацкай магілы, дзе адбыўся мітынг. На ім выступалі выконваючы абавязкі старшыні гарвыканкама Яфім Ідэльчык, намеснік старшыні райвыканкама Барыс Бароўскі, старшыня аддзялення таварыства помнікаў гісторыі і культуры Аляксандр Мазанік, які прайшоў усю вайну, многія іншыя. У гарадскім парку ў гэты дзень прайшло свята песні.

Падшыўкі газет гартала Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Прочитано 1162 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить