30.04.2020 14:43

Не патрэбен нам бераг турэцкі…

Браты Міхаіл і Яўгеній Садоўскія сталі ініцыятарамі ачысткі сажалкі ў сваёй роднай вёсцы Салтаны, што ў Гарадзілаўскім сельсавеце.

— Многія цяпер сумуюць, што з-за сітуацыі з каронавірусам межы закрылі, няма як на адпачынак на мора паехаць. А я не перажываю, з жонкай і дочкамі на малую радзіму з Маладзечна прыязджаю. Паглядзіце, якая ў нас прырода! Яе трэба захаваць, каб жылі нашы Салтаны! – гаворыць старэйшы брат Міхаіл.

На «крутуху» збіралася па 40 чалавек

— Мы выраслі на гэтай сажалцы, якую ўсе звалі «Салтаноўскай». На яе беразе ў гады Першай сусветнай вайны кухня стаяла, непадалёк шпіталь рускай арміі размяшчаўся. А пасярэдзіне сажалкі салдаты выкапалі глыбокі калодзеж, да якога вёў масток, — расказваюць браты Садоўскія. – У дзяцінстве летам мы тут купаліся, карасёў, краснапёрак лавілі. А зімой рабілі «крутуху»: у лёд забівалі трывалы кол, на апору замацоўвалі кола з жэрдкай, да якой прывязвалі санкі. Кола раскручвалі, чалавек на санках кружыў з вялікай хуткасцю, нібы на сапраўдным атракцыёне…

Вясковыя дзеці выраслі, многія перабраліся ў горад. Сажалка з часам зарасла, зацягнулася глеем. Рыба ў ёй перавялася, від стаў непрыглядным. Гэтай вясной браты Садоўскія рашылі яе пачысціць. Звярнуліся да старшыні Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктара Станішэўскага, які падтрымаў іх ініцыятыву, дапамог атрымаць дазвол ва УП «Камунальнік» на раскарчоўку кустоў па берагах. Міхаіл і Яўгеній прайшліся па вёсцы, і многія адгукнуліся, дапамаглі, як, напрыклад, сусед Юрый Гайковіч ці Аляксандр Космач, які працаваў на экскаватары. Перад пачаткам работ спусцілі з вадаёма ваду. Затым пачысцілі дно, вывезлі глей, павыкарчоўвалі кусты, выраўнівалі тэрыторыю. Засталося засеяць травой берагі ды дачакацца, пакуль з’явіцца вада. Браты мяркуюць, што сажалка напоўніцца праз год, у час вясенняй паводкі.

«Гарадскія шпакоўні  не для мяне!»

Браты Садоўскія аказаліся надзвычай цікавымі людзьмі. Малодшы, 36-гадовы Яўгеній, з жонкай Святланай, сынамі Арцёмам і Максімам жыве ў Салтанах у купленым і адрамантаваным доме, працуе на ўласнай падсобнай гаспадарцы. У ёй чатыры каровы і цялушка, свінні, іншая жыўнасць. Малако Садоўскія прадаюць індывідуальнаму прадпрымальніку, гэта іх асноўная крыніца даходу. Маюць сучасны даільны апарат, ёсць і электрапастух. Частку сена гаспадар нарыхтоўвае сам, а частку купляе ў ААТ «Гарадзілава». Вялікая падмога — уласная міні-піларама, майстэрня, трактар з прычапнымі агрэгатамі. Работы на зямлі шмат, але Яўгенію гэта падабаецца.

— Гарадскія «шпакоўні» не для мяне! – прызнаецца мужчына, які ў маладосці працаваў у Маладзечне на прадпрыемстве «Энва», жыў у інтэрнаце і ўрэшце вярнуўся ў родную вёску. – Не магу я вечарам на канапе перад тэлевізарам ляжаць. Я з дзяцінства з дзедам за плугам хадзіў, каня вадзіў. Жывёлу люблю, жыццё на прыродзе. Паглядзіце, якія ў нас горы: вунь Каралеўскія, далей – Канюхоўскія. А якія лясы! Калі малы быў, вельмі любіў грыбы збіраць. Каб усіх апярэдзіць, з ліхтарыкам ноччу ў лес бегаў, ведаў, дзе яны растуць, і заўсёды знаходзіў…

Крылатыя мары Міхаіла 

На ўчастку сваёй бабулі, побач з сядзібай маці Алы Андрэеўны, Міхаіл пабудаваў прыгожы і, галоўнае, экалагічны дом з сасны, лазню ў такім жа стылі. Выкапаў невялічкую сажалку, у якую запусціў карпа, амура. У двары – драўляныя арэлі, над домам узвышаецца сплеценае з лазы гняздо для буслоў.

— Прыляталі, кружылі… Спадзяюся, у наступным годзе паселяцца, — з надзеяй гаворыць гаспадар.

Міхаіл працуе станочнікам на Мінскім мэблевым цэнтры. У іх з жонкай Кацярынай дзве дачушкі – Маргарыта і Валерыя. Акрамя таго, мужчына аформіў апеку над дачкой і сынам школьнага сябра, які з-за праблем са зрокам апынуўся ў складанай сітуацыі. Міхаіл шмат гадоў дапамагае гэтай сям’і.

Хапае ў яго энергіі і на хобі: з дзяцінства захапляецца суднамадэлізмам. У школьныя гады наведваў у Палацы піянераў гурток, які вёў Міхаіл Бурэц, а ў дарослым жыцці і сам вучыў хлопчыкаў. Шмат караблёў падарыў сябрам, некаторыя ўпрыгожваюць яго дом. Цяпер стварае мадэль легендарнага расійскага парусніка «Дванаццаць апосталаў».

Маці гандлявала ў краме на даму

Пазнаёміліся мы і з маці братоў Алай Радкоўскай, карэннай жыхаркай Салтаноў. Цікава, што ў сярэдзіне 1980-х яна адкрыла краму на даму ад райспажыўсаюза, шмат гадоў у ёй гандлявала, забяспечвала аднавяскоўцаў прадуктамі, таварамі паўсядзённага попыту. Ала Андрэеўна расказвае, што раней іх вёска дзялілася на дзве – Салтаны і Казарэзы. Коз і авечак тут сапраўды было вельмі шмат, кароў налічвалася 70. Быў у вёсцы пастаянны пастух, ці, як яго ўсе называлі, «пастыр Грыша», які гнаў статак і «трубіў у трубачку», а за сваю працу прасіў купіць «напітку і чырвонай каўбасы». Многія гаспадары тут мелі свае невялікія сажалкі, у якіх адбельвалі лён, паілі жывёлу, палівалі з іх грады цёплай вадзіцай. Сажалкі называлі па імёнах гаспадароў: Паўлушава, Прохарава. З даўніх часоў у Салтанах жылі Радкоўскія, Сіняўскія, Траска.

Дзед працаваў млынаром

Асаблівая гордасць мясцовых жыхароў – ветраны млын пачатку мінулага стагоддзя, зроблены па тыпу нямецкай казлоўкі. Пра яго мы не раз расказвалі на старонках газеты. Ала Андрэеўна ўспамінае, што яго пры Польшчы купіў і перавёз з Валожыншчыны Іосіф Сіняўскі. Мясцовыя старажылы расказвалі, што гаспадар, каб выклікаць вецер, часта выходзіў да млына і свістаў. Каштоўнасць млына ў яго аўтэнтычнасці, у тым, што да гэтага часу захаваўся яго арыгінальны механізм. Такіх у Беларусі адзінкі.

Браты Садоўскія расказваюць, што іх дзед Андрэй Радкоўскі доўгі час працаваў млынаром. І яны памятаюць, як стаялі ў чарзе вазы са збожжам, якое прывозілі з усяго наваколля, бо памол атрымліваўся тонкі, якасны. Пазней калгас устанавіў электрычны рухавік. На адным з жорнаў пазначана дата: 1975 год. Гэта год, калі жоран памянялі, стары ляжыць тут жа. Млын мае патрэбу ў тэрміновай рэканструкцыі: з кожным годам ён разбураецца ўсё больш.

Старшыня Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктар Станішэўскі заклапочаны лёсам рарытэта, адзначае, што ўжо аформлены дакументы для перадачы млына ва ўласнасць сельсавета.

— Цяпер мы шукаем спонсараў, якія б дапамаглі адрэстаўраваць млын. Вельмі хочацца яго захаваць! Былі прапановы перавезці яго ў іншую мясцовасць, але мы адмовіліся, — гаворыць Віктар Казіміравіч і спадзяецца, што пасля выхаду матэрыялу ў газеце адгукнуцца зацікаўленыя людзі, якія змогуць дапамагчы.

— Я зняў памеры млына, зрабіў дакладную схему. Хачу на сваім участку ля сажалкі зрабіць яго макет у маштабе адзін да трох, — дзеліцца планамі Міхаіл Садоўскі.

Можна не сумнявацца: ён зробіць. І такім чынам захавае памяць пра ўнікальны вятрак, падобных на які ў Беларусі амаль не засталося. І пра дзеда Андрэя, які малоў збожжа ўсяму наваколлю.

 Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/sotsium/item/6755-ne-patreben-nam-berag-turetski.html#sigProIdbfa74fd275
Прочитано 896 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить