14.02.2020 11:46

Начальнік аддзела ЗАГС Іна Ахполава: «У мінулым годзе хлопчыкаў нарадзілася больш»

Месяц таму аддзел ЗАГС райвыканкама ўзначаліла Іна Ахполава (на фота). Аб тым, якім у плане дэмаграфіі быў для Маладзечаншчыны мінулы год, якімі імёнамі найчасцей называлі бацькі сваіх дзетак, а таксама аб планах і задумах новы кіраўнік расказала «Маладзечанскай газеце».

Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна Ахполава. Начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Іна Ахполава.

— Іна Мікалаеўна, якія ўласныя асацыяцыі ўзніклі ў вас, калі вы пераступілі парог ЗАГСа ў якасці яго кіраўніка?
— Самыя прыемныя. Тут рэгістраваў шлюб мой сын Ігар. Як для любой маці, для мяне гэта падзея светлая і радасная.

— Многія нашы землякі ведаюць вас па мінулым месцы работы ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дзе вы былі галоўным спецыялістам і займаліся арганізацыяй правядзення шматлікіх мерапрыемстваў, каардынавалі кадрава-прававую работу ўстаноў культуры і дзіцячых школ мастацтваў.
— Па першай адукацыі я работнік культуры, кіраўнік самадзейнага народнага харавога калектыву. Але так склаліся абставіны, што ў 1991 годзе, калі мая сям’я пераехала ў Маладзечна, пайшла працаваць у сферу дашкольнай адукацыі горада. З гэтага ж года з’яўляюся салісткай заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца «Спадчына» гарадскога Палаца культуры. Пасля маёй перамогі ў 2000 годзе ў адным з абласных конкурсаў у якасці салісткі з песняй незабыўнага Іосіфа Сушко «Што ж ты мне сэрца параніў» тагачасны загадчык аддзела культуры Аляксандр Рамановіч запрасіў мяне ў свой аддзел. Дваццацігадовая работа ў ім стала для мяне сапраўдным універсітэтам у плане набыцця прафесійных якасцей, умення наладжваць стасункі з людзьмі, вырашаць арганізацыйныя пытанні. Атрымала вышэйшую юрыдычную адукацыю. Яшчэ адной прыступкай стала Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, якую я закончыла на «выдатна». На мой погляд, я праходзіла падрыхтоўку па самым цікавым кірунку навучання – «Псіхалогія кіравання», спецыяльнасць «Кіраванне персаналам». З 2017 года ўвайшла ў рэзерв кіруючых кадраў райвыканкама, а з ліпеня 2019-га – органаў ЗАГСа.

— Колькі спецыялістаў сёння працуе пад вашым кіраўніцтвам?
— Калектыў аддзела ЗАГС нешматлікі: намеснік начальніка Эліна Платановіч, галоўныя спецыялісты Алеся Кавецкая, Юлія Баламут, Анастасія Матыль. Між тым аб’ёмы работы вялікія, і з першых дзён тут разумею, наколькі мне пашанцавала з калегамі. Яны вельмі адказныя, кампетэнтныя спецыялісты, якія могуць замяняць адзін аднаго, у якіх ёсць жаданне ўдасканальваць свае веды, дзяліцца напрацаваным вопытам. Карыстаючыся магчымасцю, хачу адрасаваць словы глыбокай павагі і падзякі маім папярэдніцам, былым начальнікам аддзела ЗАГС. Па шчырасці, было вельмі прыемна, калі ў першыя дні маёй работы патэлефанавалі Ніна Бажко, Ала Івашкевіч, павіншавалі з прызначэннем і выказалі гатоўнасць падтрымаць і дапамагчы, калі будзе такая неабходнасць.

— Якім у плане дэмаграфіі быў для Маладзечанскага раёна мінулы год?
— Аналізуючы паказчыкі, магу сказаць, што некаторыя з іх парадавалі, некаторыя засмуцілі. У 2019 годзе было зарэгістравана 1241 нараджэнне, і гэта на 154 дзіцяці менш, чым у 2018-м. Хлопчыкаў нарадзілася больш – 650, дзяўчынак – 591. У раёне з’явілася на свет 13 пар двайнят. Сярэдні ўзрост матуль – 28 гадоў, татаў – 31. Узрост самых маладых бацькоў – 18 гадоў, сярод іх 11 матуль і адзін тата. Сямёра мужчын сталі татамі ва ўзросце 50 гадоў, узрост 30 самых старэйшых матуль — ад 40 да 45 гадоў. Што тычыцца шлюбаў, то іх зарэгістравана 831 — на 6 больш, чым у папярэднім годзе. Сярэдні ўзрост жанчын, якія бралі шлюб, – 29 гадоў, мужчын – 31. Разводаў было 514, што на 10 менш, чым у мінулым годзе. Смерцяў – 1820 (на 40 выпадкаў менш у параўнанні з 2018 годам).

— А якая сярэдняя працягласць жыцця жыхароў раёна па выніках мінулага года?
— Па гэтым паказчыку захоўваецца тэндэнцыя, якая назіраецца ў цэлым па краіне. У мужчын сярэдняя працягласць жыцця склала 65 гадоў, у жанчын – 77.

— Якімі імёнамі найчасцей называлі бацькі сваіх дзяцей? І наадварот, якія былі рэдкімі?
— Сярод папулярных – Арцём, Максім, Цімафей, Дзмітрый, Софія, Ганна, Анастасія, Дар’я. Рэдка давалі такія імёны, як Марат, Дзям’ян, Васілій, Фядот, Еўдакія, Каталіна, Клара.

— Супрацоўнікі ЗАГСа заўсёды праводзілі вялікую работу па ўмацаванні сямейных каштоўнасцей, павышэнні прэстыжу сям’і, захаванні народных традыцый, абрадаў. Якія планы ў гэтым кірунку?
— Лепшыя традыцыі будуць абавязкова захоўвацца. Мы будзем па-ранейшаму цесна супрацоўнічаць з раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сумесна з якім у нас створана «Школа маладой сям’і». З гэтага месяца псіхолаг цэнтра будзе ў ЗАГСе кансультаваць будучых жаніхоў і нявест, а таксама пары, якія знаходзяцца на мяжы разводу. Будзе падоўжана супрацоўніцтва з Маладзечанскім радзільным домам па арганізацыі шматлікіх акцый з нагоды нараджэння дзяцей. Нашы спецыялісты будуць праводзіць круглыя сталы, лекцыі па пытаннях сямейнага заканадаўства ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, агульнаадукацыйных школах, працоўных калектывах.

— Дзякуй за інтэрв’ю, Іна Мікалаеўна! Наша рэдакцыя таксама спадзяецца на далейшае плённае супрацоўніцтва, каб цікавая інфармацыя і здымкі з розных абрадаў і сямейных урачыстасцей упрыгожвалі старонкі газеты.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 495 раз Последнее изменение 14.02.2020 11:46
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить