17.01.2020 9:13

Акцыя «Нашы дзеці» завяршылася мюзіклам

Юныя маладзечанцы атрымалі ў падарунак ласункі ад раённага выканаўчага камітэта і раённага аддзялення Беларускага фонду міру, а яшчэ мюзікл ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».

Акцыя «Нашы дзеці» завяршылася мюзіклам "Маладзечанская газета".

На працягу месяца ў краіне праводзілася рэспубліканская дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Мы неаднойчы расказвалі пра мерапрыемствы ў рамках гэтай акцыі. Нядаўна ў нашым раёне прагучаў яе фінальны святочны акорд.

Урачыстае закрыццё (дарэчы, як і адкрыццё) праводзілася на базе цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Гэта ўстанова стала адным з навагодніх «эпіцэнтраў» у раёне. Сярод найбольш маштабных мерапрыемстваў акцыі «Нашы дзеці» -- раённы інклюзіўны фестываль «Запалі сваю зорку!», дабрачынныя ранішнікі, якія аб’ядналі мнагадзетныя, прыёмныя і апякунскія сем’і, а таксама сем’і, якія апынуліся ў складнай жыццёвай сітуацыі. А на акцыю «Цуды на Каляды» сабраліся выключна піянеры.
Ва ўрачыстым закрыцці акцыі прыняў удзел намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Актанаровіч. Ён зазначыў, што вельмі важна надаваць увагу абсалютна кожнаму дзіцяці. Увогуле, у нашым раёне ў дабрачынных мерапрыемствах прынялі ўдзел шматлікія арганізацыі, прадпрыемствы. Іх прадстаўнікі пабывалі ў цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, школах-інтэрнатах, іншых дзіцячых калектывах.

Звярнулася з прывітальным словам да прысутных начальнік упраўлення па адукацыі райвыканкама Іна Драпеза. Пабывала на мерапрыемстве і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Валько. Госці перадалі дзецям падарункі ад мясцовых улад і раённага аддзялення Беларускага фонду міру.

«Маладзік» прадставіў юнай публіцы навагодні мюзікл «Патэлефануйце Снягурачцы!». Дзеці і іх бацькі дапамаглі казачным героям перамагчы зло. У ролі Дзеда Мароза быў педагог дадатковай адукацыі Аляксей Цецін, Снягурачку сыграла яго калега малады спецыяліст Карына Бабаян. Для дзяцей прыдумалі таксама цікавыя гульні, якія сталі часткай мюзікла. А за творчы нумар, падрыхтаваны гледачамі, можна было атрымаць цукеркі.

Усіх уразіла выстаўка дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Навагоднія скрыжалі». Адмысловыя вырабы прадставілі ўмельцы з устаноў адукацыі раёна. Чаго тут толькі не было! Ёлкі з пластыкавых відэльцаў, паперы і вязаныя, казачны домік з макароны, снегавік з бервяна, а яшчэ вырабы з воўны, скуры, лёну, саломы… Нават сканструявалі аб’ёмны палац гімнастыкі.

Дзеці і дарослыя са светлым сумам развіталіся з мінулым годам, які ўжо стаў гісторыяй. Але яны спадзяюцца, што 2020-ы будзе таксама багаты на яркія падзеі.

Ірына РАБУШКА.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/sotsium/item/6077-aktsyya-nashy-dzetsi-zavyarshylasya-myuziklam.html#sigProId5ef0dfd43f
Прочитано 122 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить