10.01.2020 14:51

«Пакуль мы будзем рухацца, жыццё нас будзе слухацца!»

Гэтыя словы ў поўнай меры можна аднесці да жыхаркі вёскі Дамашы Дануты Чапурок, якой, як і нашаму раёну, у студзені 2020 споўнілася 80 гадоў.

Данута Іосіфаўна 47 гадоў адпрацавала ў жывёлагадоўлі, доўгі час загадвала фермамі, за высокія паказчыкі ўзнагароджана шматлікімі граматамі і падзякамі. Такія шчырыя вясковыя працаўнікі – залаты фонд раёна, яго гордасць і слава.

Вёска ёсць, а мясцовага жыхара – ніводнага

Яе родная вёска Каменшчына ўтульна прымасцілася на беразе Заходняй Беразіны, на самай мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. У лепшыя часы тут было 13 хат. Большасць з іх і цяпер стаіць, а вось мясцовага жыхара – ніводнага, толькі некалькі дачнікаў… Данута Іосіфаўна – старэйшая з чацвярых дзяцей Марыі і Іосіфа Арцішэўскіх, моцнай, працавітай сям’і. Яе ўчэпістая дзіцячая памяць захавала ўспаміны, як у канцы вайны ратаваліся ад бамбёжак ды снарадаў у схроне, выкапаным у полі. Суседнюю вёску Ермакі фашысты спалілі, жыхароў сагналі на расстрэл. Мясцовы ксёндз угаварыў адпусціць жанчын і дзяцей, а вось мужчын загінула шмат. Каменшчына ўцалела, але ўсе чатыры гады акупацыі людзі жылі ў страху. Ды рук не апускалі: як бы цяжка ні было, жыта сеялі, бульбу садзілі, жывёлу трымалі… З маленства Дана навучылася і жыта жаць, і лён малаціць. Калі крыху падрасла, маці пасадзіла за кросны: кожная вясковая дзяўчына павінна была да замужжа наткаць сабе на пасаг ручнікоў ды посцілак. А каб іх аздобіць, трэба было ўмець вышываць, вязаць кручком карункі. Усе гэтыя навыкі перадаваліся ад маці дачцэ. А яшчэ – песні, дзякуючы якім нават самая цяжкая работа здавалася лягчэйшай. Спрадвеку спявалі ў Каменшчыне, калі жалі жыта, зграбалі сена ці рвалі лён. І ў родзе Арцішэўскіх, Чапуркоў усе вельмі музыкальныя, галасістыя.

Працоўная кніжка -- з восьмага класа

Пасля стварэння калгасаў Даніна маці працавала даяркай на ферме, даглядала 25 кароў. Старэйшая дачка была яе першай памочніцай, лёгка выдойвала па 6-7 рагуль. На канікулах зарабляла працадні: жыта жала, лён ірвала. Працоўная кніжка ў яе з 1955 года, на той час яна вучылася ў восьмым класе Хоўхлаўскай школы. Дарэчы, школ у яе жыцці было ажно чатыры, прычым першыя дзве – у Валожынскім раёне, якія былі бліжэй. Што цікава, усе дзесяць гадоў сядзела за партай з сяброўкай Антанінай Сакалоўскай, з якой падтрымліваюць сувязь і цяпер. Пасля школы Дана завочна закончыла Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымала спецыяльнасць заатэхніка.

Сукенку шыла за дзень

Яшчэ ў дзявоцтве Дана паўгода вучылася ў мясцовай швачкі, хутка схапіла ўсе сакрэты, асвоіла нажную машынку «Зінгер». Адзенне атрымлівалася ў яе спраўнае, ужо замужам абшывала ўсё наваколле. Сукенку магла пашыць за дзень, за паркалёвую брала ўсяго рубель, за штапельную – тры. Шыла спадніцы, мужчынскія штаны, а вось жанчыны штаны ніколі не заказвалі, тады іх не насілі. Па тканіну на веласіпедах ездзілі за 18 кіламетраў у Валожын. Да Маладзечна, якое было за 30 кіламетраў, хадзіла грузавое таксі: машына з фанернай будкай. Памятае Данута Іосіфаўна кірмашы ў Гарадку, з якіх бацькі прывозілі дзецям баранкі ды цукеркі-ляндрынкі.

А яшчэ жанчына з усмешкай прыгадвае, як з сяброўкай паехалі ў Валожын па новыя туфлі да 1 Мая, заблудзіліся, нейкім цудам прайшлі праз КПП воінскай часці. Калі іх спынілі на тэрыторыі суровыя ваенныя, расплакаліся: «Мы думалі, што ідзём у магазін».

Спачатку – шафа з пасагам, потым -- нявеста

У 17 гадоў Дана пазнаёмілася са сваім будучым мужам Іванам Чапурком з суседніх Ермакоў. Ён быў на пяць гадоў старэйшы, вярнуўся дамоў пасля службы ў арміі. Убачыў Дану ў клубе пасля кіно – і, як потым ёй прызнаўся, у сэрцы нешта ёкнула. І сэрца дзяўчыны таксама адазвалася. Калі Дане толькі споўнілася 18 гадоў, згулялі вялікае вяселле ў маі 1959 года. Сукенку нявеста пашыла сабе сама, тканіну на яе прыслаў з Канады хросны бацька Мікодзій Арцішэўскі. Распісаліся ў сельсавеце, а вось вянчацца не рашыліся. Сватам быў сваяк старшыня калгаса Георгій Разнічэнка, які строга папярэдзіў, каб камсамольцы ў царкву не хадзілі.

Спачатку вяселле гулялі ў доме нявесты, затым усе госці скіраваліся да жаніха ў Ермакі. Але наперад маладых сюды прывезлі шафу з пасагам -- пасцельнай бялізнай, падушкамі, абрусамі ды дыванамі. Дана сама выткала, абвязала карункамі вялізны вясельны ручнік, які, калі прыйшла ў дом бацькоў мужа, павесіла на абразы. Па вясковай традыцыі свёкар павінен быў зняць з плячэй нявесткі белае кужэльнае пакрывала. Але ён так разгубіўся, што пачаў зрываць з яе галавы вэлюм…

Дана і Іван пажаніліся ў маі 1959-га. На другім здымку сельская моладзь 1950-х. Дана – другая злева.

«Муж заплятаў дочкам косы»

Восем гадоў маладыя жылі з бацькамі мужа, гадавалі дачок Свету і Аню, працавалі ў калгасе імя Кірава, будавалі свой дом. Іван Аляксандравіч (на вялікі жаль, яго ўжо 27 гадоў няма ў жывых) быў токарам-зваршчыкам. Дочкі прыгадваюць, як зімой было весела катацца на «дрындах» -- выгнутых жалязяках, якія змайстраваў для іх тата. Рукі ў яго былі залатыя. Нават косы дочкам заплятаў, бо матуля ў чатыры раніцы спяшалася на сваю ферму. Доўгі час была загадчыцай жывёлагадоўчага комплексу у Каменшчыне. Расказвае, што тады ўсё рабілі ўручную – даілі кароў, раздавалі кармы. І дома вялікая гаспадарка – дзве каровы, конь, свінні. Але на ўсё ў яе хапала часу: шыла дочкам уборы, пякла смачныя пірагі.

-- Мама навучыла нас не толькі добра гатаваць, шыць, вязаць. Самае галоўнае, яна навучала нас будаваць адносіны з людзьмі, шанаваць сваіх блізкіх, -- гаворыць малодшая дачка Ганна Владыка, якая шмат дзесяцігоддзяў узначальвала цэнтралізаваную клубную сістэму раёна.

Дарэчы, яны з маці нарадзіліся ў адзін дзень – 1 студзеня. Старэйшая Святлана жыве разам з маці. Яна доўгі час працавала на швейнай фабрыцы «Камсамолка». Жанчына не толькі добра шые, але і цудоўна вяжа кручком, пруткамі, яе вырабы адрозніваюцца дасканаласцю і выдатным густам.

На хутары «Вясёлка»

У 1972 годзе сям’я Чапурок рашылася крута змяніць жыццё, перабрацца бліжэй да горада. Ізноў пачалася будоўля: у Дамашах купілі маленькі дамок па цяперашняй вуліцы Савецкай. Спачатку там жылі толькі чатыры сям’і: Чапуркі, Цярэшкі, Бялько, Мажэйкі, якія называлі свае сядзібы «Хутар Вясёлка». Чапуркі дабудоўвалі хацінку, пазней узвялі на ўчастку новы дом. «Усё жыццё я ў будоўлі, падабаецца мне гэта справа», -- гаворыць мая субяседніца, якая ўмее і цэментны раствор развесці, і цэглу пакласці.

Дана Іосіфаўна узначальвала ферму «Агароднікі» ў саўгасе імя Гастэлы. З цеплынёй прыгадвае даярак Соф’ю Цеслік, Людмілу Павалаеву, якія ніколі не падводзілі. Пазней яна загадвала свінафермай у Лешне, якая заўсёды была на перадавых пазіцыях. Працавала там яшчэ шэсць гадоў пасля пенсіі.

І цяпер, у сваім паважным узросце, яна не можа без справы: трымае немалую гаспадарку, даглядае агарод, кветнік, клапоціцца аб добраўпарадкаванні сядзібы.
-- Гэтым летам будзем дах на доме мяняць, матэрыялы ўжо купілі! – дзеліцца юбілярка і дадае. – Для мяне галоўнае – увесь час рухацца, працаваць, будаваць планы, якія не даюць расслабляцца. Тады я і адчуваю сябе здаровай і бадзёрай.
Радуюць Дануту Іосіфаўну ўнукі Сяргей, Аляксей, Дзяніс, праўнукі Насця, Паліна, Арсеній. Яна любіць, калі вялікая сям’я на святы збіраецца на бацькоўскай сядзібе ў Дамашах. І тады тут абавязкова гучаць любімыя яшчэ з маладосці песні «Старый клен», «Ой, рябина кудрявая». «Мамачка, запявай!» -- звычайна гавораць дочкі. І ціха радуюцца, што голас у яе па-ранейшаму звонкі, моцны і малады, непадуладны часу…

Данута Чапурок з малодшай дачкой Ганнай Владыка.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: АЎТАР, архіў Дануты ЧАПУРОК.



Прочитано 226 раз Последнее изменение 10.01.2020 14:51
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить