25.11.2019 11:39

Почтальон Татьяна Улащик: «Нашла работу по объявлению»

Чарговы фен ад «МГ» мы ўручылі Таццяне Улашчык, якая працуе ў аддзяленні паштовай сувязі №2 і з’яўляецца нашай даўняй падпісчыцай. Па выніках квартальнай падпісной кампаніі на «Маладзечанку» яна таксама ў лідарах.

Почтальон Татьяна Улащик. Почтальон Татьяна Улащик.

На працягу 37 гадоў Таццяна была хімікам на «Электрамодулі».

— Я ўбачыла аб’яву аб тым, што патрабуецца паштальён. Не вагаючыся, паспяшалася ўладкоўвацца на работу, тым больш што на вытворчасці насталі не лепшыя часы. Напэўна, гэта лёс… — успамінае жанчына пачатак свайго шляху ў тады абсалютна новую для сябе сферу.

Яна ніколі не пашкадавала аб сваім рашэнні. Цяпер ужо з усмешкай успамінае той дзень, калі восем гадоў таму першы раз адправілася на давераную ёй тэрыторыю – у прыватны сектар у раёне чыгуначнага прыпынку «Фестывальны».

— Там адных толькі Красненскіх праездаў ажно шэсць! Памятаю, прысела ў роздуме на камень: як жа адрасатаў знайсці?! На вуліцы ні душы — няма ў каго спытацца. Але супакоілася і паціху разабралася. І сёння многія адрасы ў гэтым раёне нават навігатары ў аўтамабілях не могуць падказаць. А я ўжо гідам магу быць, — усміхаецца паштальён.

На яе тэрыторыі абслугоўвання таксама вуліцы Мінская, братоў Канаржэўскіх, Красненская, Заслаўская, Гарэцкага, Мінская. Тым часам у размовах пра будзённае-надзённае мы перасеклі чыгуначнае палатно і паглыбіліся ў той самы прыватны сектар паблізу «Фестывальнага».

— Бачыце, якая тут прыгожая прырода! Калі прыходжу сюды, адпачываю душой, — працягвае яна.

І тут жа Таццяна пачынае расказваць пра нашых падпісчыкаў і ўвогуле пра работу:

— У гэтым доме з «Маладзечанкай» сябруюць ужо даўно, а вунь у тым толькі нядаўна далучыліся да кола чытачоў, бо сям’я маладая. Хачу вызначыць сям’ю Ялфімавых – таксама даўнія падпісчыкі «МГ», мне яны сталі, нібы родныя людзі… Дарэчы, самая незвычайная пошта, якую мне даводзілася дастаўляць — пчолы, запакаваныя ў спецыяльную кардонку з сеткай і дзірачкамі, каб яны дыхалі і не вылецелі. Такая «бандэроль» прыйшла ад беларускага пчаляра, — усміхаецца мая субяседніца.

Таццяна пазнаёміла з сям’ёй нашых падпісчыкаў Дзмітрыя і Ірыны Ананьевых, у якой «МГ» чытаюць ужо некалькі пакаленняў. Дзмітрый працуе інжынерам па абслугоўванні газавага абсталявання, Ірына – адміністратарам у арганізацыі па арэндзе жылля. У іх тры дачкі. Старэйшыя ўжо самі мамы. У Марыны і Юліі па трое сыноў і дачцэ. А малодшая Антаніна — шасцікласніца гімназіі №7. Кожны ў гэтай сям’і знаходзіць нешта цікавае для сябе ў нашай газеце.

— Я па «МГ» рыхтуюся да інфармацыйных гадзін у гімназіі, — гаворыць Антаніна.

— А я люблю чытаць матэрыялы пра людзей і розныя парады для дачнікаў, — далучаецца Ірына.

— Я ж па газеце сачу за падзеямі, што адбываюцца ў нашым раёне. Заўсёды звяртаю ўвагу на анонсы бліжэйшых мерапрыемстваў. Мы любім дзесьці пабываць і быць у курсе ўсіх спраў! Нашым малышам таксама падабаецца гартаць «МГ», з непадробнай цікавасцю яны разглядаюць фотаздымкі. «МГ» нават цікавая нашаму сабаку Анікенцію. Глядзіць на старонкі — і нібыта сапраўды штосьці чытае. З «Маладзечанскай газетай» у нас нікому не сумна! – рэзюмуе Марына.

Тэрыторыя абслугоўвання ў Таццяны Улашчык не абмяжоўвацца прыватным сектарам паблізу «Фестывальнага». Шэраг яе адрасатаў жыве ў шматпавярхоўках па Вялікім Гасцінцы і вуліцы Тамары Дудко. Тут знаходзіцца таксама восем прадпрыемстваў і арганізацый. Сярод іх самыя актыўныя нашы падпісчыкі — СШ №14, яслі-сад №7 і ААТ «Амазон-Каларыт». За рабочую змену Таццяна праходзіць 17 кіламетраў, але на стомленасць не скардзіцца.

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 706 раз Последнее изменение 25.11.2019 11:39
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить