04.11.2019 7:29

«Цёця Света ездзіць на веласіпедзе, прывозіць газеты і заўсёды ўсміхаецца»

Так гавораць пра паштальёна Святлану Прудніковіч двайняты Цімур і Арцём Алексіевічы, якія жывуць па вуліцы Маладзёжнай у Цюрлях. Ім усяго па пяць гадоў, але яны ведаюць, што па серадах і суботах іх бабуля з дзядулем – Людміла і Леанід Ягаловічы — чакаюць любімую газету, якую прывозіць у вялікай сумцы на веласіпедзе і пакідае ў іх паштовай скрынцы вясёлая, усмешлівая цёця Света.

Паштальён Святлана Прудніковіч. Паштальён Святлана Прудніковіч.


Не толькі прыносіць, але і не забываецца нагадаць, што заканчваецца квартал ці паўгоддзе і трэба аформіць падпіску на «Маладзечанскую газету».

— Выпісваем «раёнку» з таго часу, як пажаніліся, а было гэта ў 1982 годзе. Мы яшчэ ў горадзе жылі, — прыгадваюць Леанід Пятровіч і Людміла Вадзімаўна.

Расказваюць, што неаднойчы карысталіся аб’явамі ў нашай газеце, калі рамантавалі свой дом. Часта бачаць на старонках знаёмыя прозвішчы.

— Раней шмат пісала ў газету мая зямлячка з Вывераў Зінаіда Храпко. Жыццёвыя ў яе артыкулы, з карыснымі парадамі, — гаворыць гаспадар.

— Я люблю пра людзей з незвычайным лёсам чытаць, апошнім часам вы шмат такіх герояў знаходзіце, — падключаецца гаспадыня.

Прыемна, што па вуліцы Маладзёжнай у нас нямала падпісчыкаў.

— Сліжы, Маісеенкі, Шышла, Гапоненкі, — загінае пальцы паштальён. – У Вязаўцы – Радзівонавы, Буйніцкія, Абрамчыкі, Танкевічы…

Усяго ж Святлана Уладзіміраўна прыносіць нашу газету ў 135 дамоў Цюрлёў, Вязаўца, Вярхоўкі, Куклаўшчыны. У знак удзячнасці за папулярызацыю і распаўсюджанне нашага выдання рэдакцыя ўзнагародзіла Святлану Прудніковіч падарункам – электрычным фенам.

Нельга не сказаць пра тое, што ў 2020-м будзе 20 гадоў, як яна працуе на Цюрлёўскім аддзяленні паштовай сувязі. Тут невялікі калектыў, усяго трое чалавек. Мы дзякуем за падтрымку яго загадчыцы Яніне Багушэвіч, паштальёну Але Корсак. Неаднойчы праводзілі тут дзень падпісчыка і заўсёды адчувалі добразычлівасць, шчырую цікавасць паштальёнаў да сваёй «раёнкі».

— Я і сама яе выпісваю, — гаворыць Святлана Уладзіміраўна. – А як інакш людзей агітаваць? Трэба ж і самому ведаць, пра што вы пішаце, што ў раёне адбываецца. Мяне, напрыклад, пытанні добраўпарадкавання найперш турбуюць.
І гэта зразумела: Святлана Прудніковіч – стараста вёскі Вязавец. Гэта яе малая радзіма, дзе яна жыве ўвесь час, стварыла сям’ю, нарадзіла дачушак Алёну і Віку. Старэйшая – супрацоўніца банка, малодшая вучыцца ў восьмым класе СШ №2. У Вязаўцы 154 дамы, шмат адзінокіх пенсіянераў, якія часта звяртаюцца да старасты з рознымі пытаннямі, просьбамі. Тым больш што бачаць яе часта — практычна штодня. У час нядаўняй сустрэчы старшыні Маладзечанскага райвыканкама Юрыя Горлава з насельніцтвам Цюрлёўскага сельсавета Святлана Уладзіміраўна ўзняла пытанне добраўпарадкавання вуліц Паўночнай і Новай у Вязаўцы: жыхары даўно просяць іх заасфальтаваць. У мінулыя гады стараста звярталася ў Цюрлёўскі сельвыканкам, каб у вёсцы зрабілі вулічнае асвятленне, пытанне было вырашана. Два гады таму ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе ў гэтым населеным пункце прайшло свята вёскі, якое тут з цеплынёй прыгадваюць і сёння. І зноў стараста прымала актыўны ўдзел у яго падрыхтоўцы. Яна ведае ўсіх жыхароў, з многімі сябруе. Калі ідзе па вуліцы, кожнаму ўсміхнецца, спытаецца, як справы. Сельскі паштальён – незаменны чалавек, якога вельмі паважаюць і чакаюць у кожным доме. Мы разумеем, што ад такіх шчырых, старанных работнікаў сувязі ў многім залежыць узровень нашай падпіскі. І калі падсумоўваем у канцы квартала колькасць выпісаных экзэмпляраў газеты, мы заўсёды з удзячнасцю памятаем, што гэта плён працы Святланы Уладзіміраўны і яе калег з усяго раёна.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 130 раз Последнее изменение 04.11.2019 7:29
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить