14.10.2019 8:59

Жыве ў Вязынцы мама Марыя

«Што можа быць больш каштоўным, чым укласці свае сілы ў дзіця, у яго душу?» — разважае мнагадзетная і адначасова прыёмная мама з Вязынкі Марыя Брэская. Разам з мужам Віктарам яны выхоўваюць чацвярых дзяцей, сярод якіх і прыёмная дачушка.

Марыя са старэйшымі дочкамі Міланай і Аняй. Марыя са старэйшымі дочкамі Міланай і Аняй. "Маладзечанская газета".

Акрамя таго, па паўгода даглядалі спачатку траіх, а потым дваіх малышоў, якіх органы апекі забіралі з праблемных сем’яў. Марыя і Віктар рабілі ўсё, што ад іх залежала, каб бацькі гэтых дзетак справіліся з няпростай жыццёвай сітуацыяй. У абодвух выпадках малышоў вярнулі ў іх біялагічныя сем’і.

Каб Мілана не вырасла эгаісткай

Марыя – мінчанка. Яе тата – будаўнік з душой паэта, мама – выхавальніца ў дзіцячым садзе. Старэйшая сястра, малодшы брат – звычайная савецкая сям’я. Пасля школы Марыя пайшла працаваць у фірму па вырабе трыкатажу, паралельна атрымлівала духоўную адукацыю, яна настаўніца нядзельнай школы.

— Мы з мужам веруючыя, абодва належым да Царквы хрысціян веры евангельскай, — расказвае мая субяседніца. — Пазнаёміліся, адразу адчулі, што нашы душы роднасныя, вырашылі стварыць сям’ю, і вось ужо будзе 22 гады, як мы разам.

Праз год у іх нарадзілася Міланка. Спачатку жылі ў Мінску, але перспектывы абзавесціся сваім жыллём былі вельмі аддаленыя. Між тым у Вязынцы пабудаваў дом бацька Марыі, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця. Сцены ды дах – дом патрабаваў аддзелкі з нуля, укладанняў як вялікіх намаганняў, так і фінансаў. Віктар па прафесіі мікраэлектроншчык, аднак у няпростыя гады развалу былога Саюза ўладкавацца па спецыяльнасці было цяжка. Разам з братамі ў дасканаласці асвоіў будаўнічую справу. Таму на сямейным савеце вырашылі: Віктар з Марыяй справяцца з вялікай, у дзвесце квадратных метраў, двухпавярховай будынінай. Так 15 гадоў таму яны сталі жыхарамі вуліцы Школьнай у Вязынцы, пакой за пакоем пачалі абжываць свой вялікі дом. І чым утульней у ім станавілася, тым больш яны марылі аб браціку ці сястрычцы для Міланы. Ім хацелася, каб дачка, якая проста купалася ў любові, не вырасла эгаісткай. Ды толькі аднаго жадання іншы раз мала… Дзеці – гэта найвялікшы божы дар, і яго трэба заслужыць, лічыць Марыя.

Аднойчы яна выпадкова ўбачыла запрашэнне на работу ў якасці прыёмных бацькоў. Аказалася, гэта была зусім не выпадковасць… Яны з мужам вырашылі ўзяць у сям’ю дзяўчынку трох-пяці гадоў. У аддзеле адукацыі ім прапанавалі ўсяго адну кандыдатуру – трохгадовую Анюту, якую зусім нядаўна забралі з сям’і ў сацыяльны цэнтр. Як потым аказалася, з яе татам Марыя вучылася ў паралельным класе, ён памёр ад цяжкай хваробы ў 30 гадоў, мама з-за шкодных звычак не справілася з доглядам малышкі.

Дзяўчынка ім вельмі спадабалася. Узялі яе на выхадныя, і Марыя адразу пачала афармляць дакументы для ўладкавання на работу ў аддзел адукацыі ў якасці прыёмнай мамы. А Анюта ледзь не з першага дня пачала называць іх мамай і татам, а Мілану сястрой. Вельмі любіла гуляць у лялькі, і бацькі купілі ёй вялікага пупса, каляску. Дзіцячаму шчасцю не было мяжы! Марыя шмат займалася з ёю: развівала маўленне, слоўнікавы запас. Узяла ў сваёй мамы метадычкі, працавала па іх. У выніку яшчэ да школы Аня навучылася чытаць. Цяпер яна ў дзясятым класе. Добра вучыцца, як і Мілана, закончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Вельмі любіць дзяцей, знаходзіць з імі агульную мову, дапамагае маме ў доглядзе малодшых і не выключае, што ў будучыні стане педагогам.

Мілана пасля Белдзяржуніверсітэта працуе веб-дызайнерам, жыве ў Мінску. Бацькі выхавалі яе самастойнай, самадастатковай. Яна шмат чым захапляецца, ездзіць на работу на веласіпедзе, удзельнічае ў марафонах. Яе прыезд дадому – сапраўднае свята для малодшых сясцёр і брата…

Калі Аня падрасла, па рэкамендацыі органаў апекі Марыя растлумачыла, што ў яе ёсць і родная мама. На жаль, за гэтыя 13 гадоў жанчына ні разу не пацікавілася, як жыве яе дачка…

— Мы з Аняй молімся за яе здароўе, просім у Бога, каб дапамог ёй справіцца з цяжкасцямі, — гаворыць Марыя.

І ў яе голасе ніводнай ноткі асуджэння…

Нельга не сказаць і пра тое, што ўслед за Марыяй прыёмнай мамай стала і яе матуля Галіна Іванаўна. На той час яна была ўжо на пенсіі, даглядала малодшага сына з інваліднасцю. І гэта не перашкодзіла ёй аддаць сваю любоў і клопат 11-гадоваму Уладзіку, цяпер ужо даросламу маладому чалавеку, у якога ёсць свая сям’я.

Дом напоўніўся дзіцячымі галасамі

Неаднойчы чула гісторыі, калі ў сям’і з’яўляліся ўласныя дзеці пасля таго як бацькі бралі сірату. Вось і гісторыя Брэскіх не выключэнне. Урачы не пакідалі Марыі ніякай надзеі, аднак здарыўся сапраўды цуд: яна нарадзіла спачатку сыночка Мар’яна, затым дачушку Эрыку. Мар’яну цяпер восем гадоў, ён вучыцца ў другім класе. Мама называе яго інтэлектуалам. Хлопчык расце вельмі цікаўным і ўжо нават сам здымае мультфільмы. Эрыцы пяць гадоў, яна не ходзіць у садзік, праводзіць час з мамай. Калі выпадае вольная хвілінка, Марыя любіць займацца рукадзеллем. Цудоўна шые, вяжа, асвоіла пляценне з газетных трубачак. У яе выдатны дызайнерскі, мастацкі густ, што адчуваецца ў кожным кутку дома.

І ўсё ж галоўны яе клопат – дзеці. Як прыёмная мама, яна перыядычна павышае кваліфікацыю, трымае сувязь са спецыялістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Была на курсах у Мінску, атрымала шмат карыснай інфармацыі, пазнаёмілася з іншымі прыёмнымі мамамі. Сябруе са Святланай з Радашковіч, якая ўзяла на сябе клопат аб дваіх дзецях.

Па просьбе спецыялістаў СПЦ Марыя двойчы на паўгода брала да сябе зусім маленькіх дзетак. У першым выпадку гэта былі дзве дзяўчынкі-двайняты па два з паловай года і іх шасцімесячная сястрычка. У другім – два брацікі: старэйшаму было тры гады, малодшаму – 10 месяцаў.

— Калі нас папрасілі часова прытуліць дзяцей, на сямейным савеце вырашылі, што справімся, — успамінае Марыя. — Якраз на той час муж закончыў аддзелку вялікага дзіцячага пакоя, у якім ёсць дзе разгуляцца. Мы вырашылі: гэта добры знак.
Безумоўна, я не пайшла б на такі крок, каб не падтрымка мужа. Ён у нас вельмі надзейны, працавіты, руплівы. Акрамя асноўнай работы, з’яўляецца дырэктарам нядзельнай школы, у якую ходзяць і нашы дзеці.

Марыя не ўтойвае, што цяжка было фізічна і маральна. Шкада малышоў, адарваных ад родных бацькоў, якія не разумеюць, што з імі адбываецца. Шкада бацькоў, што збочылі з правільнай дарогі… Стараліся наладзіць з імі кантакт, пераканаць, што яны з мужам на іх баку, што яны перажываюць і жадаюць іх сям’і хутчэй уз’яднацца. На шчасце, так і адбылося. Дзяўчынкі ўжо год са сваімі бацькамі. Хлопчыкі жылі ў Брэскіх гэтым летам, толькі ў пачатку кастрычніка іх адвезлі да маці, якая адна гадуе траіх сыноў. Каб іх не страціць, закадзіравалася, адрамантавала дом, уладкавалася на работу. Яна наведвала сыноў кожныя выхадныя, тэлефанавала, перажывала. Марыя верыць: жанчына справіцца, бо вельмі любіць сваіх дзяцей і не ўяўляе без іх свайго жыцця. На развітанне Брэскія з дапамогай сяброў, сваякоў сабралі хлопчыкам «прыданае»: адзенне, цацкі. Такая падтрымка жанчыне цяпер вельмі патрэбная.

— Мамачка, а мы будзем піць чай з піражком? – прыспешвае нашу размову пяцігадовая Эрыка.

— Абавязкова! — Марыя разлівае па кубках кіпень, рэжа апетытны пірог з клубніцамі. А дачка прыціскаецца да матулі і даверліва дзеліцца са мной самай галоўнай навіной:

— Хутка ў нас будзе маленькі брацік!

Напярэдадні Новага года ў мнагадзетнай сям’і чакаецца папаўненне. Усё атрымліваецца так, як марылі Марыя і Віктар у пачатку сямейнага жыцця: іх вялікі ўтульны дом напоўніўся дзіцячымі галасамі.

Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І БРЭСКІХ.

***

Калі вы хочаце стаць прыёмнымі бацькамі

Побач з вамі жывуць дзеці, у якіх сёння няма сям’і. Ім трэба дапамагчы перажыць гора ад расставання з бацькамі і зноў наладзіць адносіны з раднёй і блізкімі, абараніць правы і законныя інтарэсы, дапамагчы стаць самастойнымі і заняць дастойнае месца ў жыцці. Гэта няпроста, таму што патрабуе сур’ёзных ведаў, навыкаў, уласнага бацькоўскага вопыту. Гэта прафесійна аплачваемая работа прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў дзіцячага дома сямейнага тыпу. Гэту прафесію вы можаце асвоіць!

Калі вы гатовы працаваць, выхоўваючы дзяцей з асаблівым лёсам, звяртайцеся ва ўпраўленне па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама па тэл. 54-41-64.

Атрымаць кансультацыю пра магчымасці прафесійнага сямейнага клопату можна ў ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр Маладзечанскага раёна» па тэл. 74-67-68, 74-61-51.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/sotsium/item/5496-zhyve-vyazyntsy-mama-maryya.html#sigProId6b31bcf144
Прочитано 461 раз Последнее изменение 14.10.2019 8:59
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить