09.09.2019 9:09

Што ўразіла і здзівіла маладзечанцаў на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме

Сфатаграфаваліся з Сапегам, надрукавалі верш Купалы, пакаштавалі верашчаку...

Ддзень беларускага пісьменства ў Слоніме. Ддзень беларускага пісьменства ў Слоніме. "Маладзечанская газета"

Асобы, якія нас аб’ядноўваюць

Ад Маладзечна да Слоніма, 50-тысячнага раённага цэнтра Гродзенскай вобласці, амаль 250 кіламетраў. Нягледзячы на вялікую адлегласць, нашы гарады многае аб’ядноўвае. Напрыклад, паланэз Агінскага «Развітанне з радзімай». Гэта мелодыя з 2015 года штодня роўна ў поўдзень гучыць са слонімскай чатырохпавярховай пажарнай вежы па вуліцы Пушкіна. І невыпадкова. Яе аўтар кампазітар Міхал Клеафас Агінскі, гаспадар маладзечанскага замка, у юнацтве часта бываў у гасцях у свайго дзядзькі Міхала Казіміра

Агінскага ў Слоніме, вучыўся тут музыцы. Дзякуючы Агінскім Слонім у той час называлі «Палескімі Афінамі». Яны пабудавалі ў горадзе прадпрыемствы, друкарню, тэатр, канал, які злучыў Чарнаморскі і Балтыйскі басейны (цяпер ён аднаўляецца дзякуючы групе энтузіястаў).

Яшчэ адна гістарычная асоба, якая яднае нашы гарады, – канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. Галоўныя ўрачыстасці Дня беларускага пісьменства пачаліся з адкрыцця велічнага чатырохметровага помніка гэтаму дзяржаўнаму дзеячу, мецэнату і асветніку, старасту Слоніма. Дзякуючы яму горад стаў адным з самых заможных, атрымаў Магдэбургскае права і герб з выявай ільва (сімпатычнае львяня стала сімвалам Дня беларускага пісьменства). Што тычыцца нашага горада, то вядома, што ў канцы XVI стагоддзя Сапега набыў маладзечанскія ўладанні, шмат намаганняў прыкладаў, каб адрамантаваць палац і гаспадарчыя пабудовы.

У нашым горадзе ёсць вуліца імя Валянціна Таўлая, паэта, літаратуразнаўца, журналіста. На ёй знаходзіцца друкарня «Перамога», у будынку якой шмат гадоў размяшчалася рэдакцыя нашай газеты. Таўлай, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, у 1934 годзе быў арыштаваны ўладамі буржуазнай Польшчы і знаходзіўся пад следствам у Маладзечанскай турме. А яго дзяцінства прай-
шло ў вёсцы Рудаўка пад Слонімам, у гэтым горадзе ён вучыўся ў польскай гімназіі.
Ужо толькі гэтых фактаў дастаткова, каб супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча на чале з выконваючай абавязкі дырэктара Галінай Адамовіч (а разам з імі і аўтар гэтых радкоў) з асаблівым піетэтам адправіліся ў Слонім.

Заданні квэста – далучэнне да гісторыі горада

Многія з нас наведвалі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, а вось у Слонім, які знаходзіцца ўсяго за сем кіламетраў, не заязджалі. А дарэмна: тут шмат помнікаў архітэктуры, храмаў. Мы з вялікай цікавасцю абышлі ўвесь цэнтр, дзе захавалася гістарычная забудова з адна- і двухпавярховымі дамамі, вузкімі вуліцамі, старажытнымі храмамі, якія надаюць гораду асаблівы шарм. Звярнулі ўвагу на моладзь, якая бегала па горадзе з картамі, нешта ў іх пісала. Аказваецца, у рамках свята праходзіў квэст «Код Сапегі», галоўная яго мэта – зацікавіць моладзь багатай гісторыяй горада. Трыста першых чалавек, якія разгадалі код Сапегі (гэта слова «заснавальнік»), атрымалі прызы — выдадзеную да свята настольную гульню.
Мы, які і іншыя госці горада, сфатаграфаваліся ля помніка Льву Сапегу (сярод яго стваральнікаў вядомы беларускі скульптар, ураджэнец Слонімшчыны Іван Міско), паслухалі беларускіх выканаўцаў і літаратараў у час урачыстага адкрыцця свята на галоўнай сцэне ля раённага Дома культуры, пабывалі на фестывалі кнігі і прэсы, выстаўках, прэзентацыях, тэматычных пляцоўках… На адной з іх выступалі прадстаўнікі розных дыяспар, сярод якіх і нашы землякі — новы кіраўнік культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў «Краяны» Ясенія Мікуліч, былы старшыня Леанід Лысакабылка. Рады былі сустрэць яшчэ аднаго маладзечанца — дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Паўла Сапоцьку.

Найлепшы сувенір – друкаванае слова

Вялікі выбар кніг, і найперш беларускіх аўтараў, сустрэчы з пісьменнікамі, артыстамі – неад’емныя складальнікі свята, яго душа. Штогод у яго рамках уручаюць Нацыянальную літаратурную прэмію. Адметна, што сёлета сярод лаўрэатаў быў ураджэнец Слонімшчыны Уладзімір Ягоўдзік, пераможца ў намінацыі «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва». Лепшым празаічным творам прызнаны «Геній» Алега Ждана, паэтычным – зборнік «Сланечнік» Міколы Маляўкі.

Вялікую цікаваць выклікалі экспанаты друкарскага дворыка, дзе працаваў станок часоў Францыска Скарыны, што рэканструяваў лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзімір Ліхадзедаў. Кожны жадаючы мог аддрукаваць на ім першую старонку Скарынаўскай Бібліі, праўда, трэба было адстаяць чаргу, а ў нас бракавала часу. Але нам удалося пакруціць ручку друкарскага станка часоў Другой сусветнай вайны, які аднавілі работнікі Воранаўскай друкарні на чале з яе дырэктарам Сяргеем Кацубам. А на памяць застаўся надрукаваны на гэтым рарытэце верш «Спадчына» Янкі Купалы. Палюбаваліся мы і адным з сімвалаў свята – зубрам, якога стварылі з фрагментаў друкарскіх станкоў XIX-XX стагоддзяў. Яго шэрсць – друкарскі шрыфт, сэрца – механізм станка…

На адной з рэтра-выставак была магчымасць паспрабаваць напісаць ручкай з пяром, абмакваючы яго ў чарніліцу. Скажу вам, стукаць па камп’ютарных клавішах нашмат прасцей…

У супрацоўнікаў Слонімскага раённага цэнтра рамёстваў мы спыталі, якія іх сувеніры карыстаюцца найбольшым попытам.

— Драўляныя пёры – сімвал свята, мы іх вельмі шмат вырабілі, — адказалі яны.
Куплялі госці і гліняныя званочкі, магніцікі, кубкі, салодкія пернікі, футболкі з беларускай сімволікай мясцовай вытворчасці. У павільёнах «Белпошты» можна было набыць выпушчаныя да свята паштоўкі і канверты, маркі на якіх гасілі спецыяльным штэмпелем.

Ад ежы духоўнай да стравы святочнай

Што самае смачнае пакаштаваць у Слоніме — пацікавіліся мы ў мясцовых жыхароў.
— Злева ад помніка Сапегу прапануюць стравы нацыянальнай кухні. У вялікім чыгунку – верашчака, якую падаюць з блінамі, пакаштуйце — не пашкадуеце! – далі нам параду.

Ветлівыя дзяўчаты, работніцы мясцовага райспажыўтаварыства, як ні стараліся, у запас бліноў не маглі напячы – разыходзіліся імгненна. І не дзіва: порцыя верашчакі з двума блінамі каштавала крыху больш за два рублі.

Трэба сказаць, што харчовых павільёнаў было шмат, кожны мог выбраць тое, што яму па гусце і па кашальку. Суровыя рыцары смажылі на ражне цэлых парасят. Прыгажуні ў нацыянальных строях прапаноўвалі прадэгуставаць хлебную і кандытарскую прадукцыю. На дэсерт мы купілі гродзенскае марожанае ў вафельным ражку – натуральнае, смачнае.

Было прыемна, калі прадавец на касе па-беларуску нас прывітала, спыталася, адкуль прыехалі, ці спадабаўся нам Слонім.

Вельмі спадабаўся! Пяць гадзін у гэтым старажытным горадзе ў Дзень пісьменства, падарылі шмат уражанняў. Мы ў чарговы раз пераканаліся, што кожны беларускі горад – свая адметная старонка ў гісторыі, культуры нашай краіны. Галоўнае – не сядзець дома, імкнуцца адкрыць для сябе невядомую Беларусь, умець здзіўляцца.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 292 раз Последнее изменение 09.09.2019 9:09
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить