28.09.2018 15:12

Хто стане уладаром сяла, стане вядома на «Дажынках»

Источник

Адзін з самых маляўнічых куткоў Міншчыны вёска Сёмкава прымала ў мінулую суботу ўдзельнікаў абласнога этапу штогадовага рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2018».
Маладзечанскі раён на конкурсе прадстаўляла сям’я Паўла і Таццяны Несцерчукоў з вёскі Краснае.

Фото из архива "МГ". Фото из архива "МГ". "Маладзечанская газета"


Сёлета за званне самай лепшай, працавітай, дружнай, эрудзіраванай і крэатыўнай ячэйкі грамадства змагаліся 22 сельскія сям’і з усіх куткоў Міншчыны. Прафесіі татаў і мам самыя розныя. Сярод удзельнікаў праекта былі механізатары, жывёлаводы, слесары, інжынеры, урачы, педагогі, музыканты і іншыя, хто сваё жыццё і прафесійную дзейнасць звязаў з сельскай мясцовасцю.

— Як вядома, арганізатарам і ідэйным натхняльнікам маштабнага мерапрыемства з’яўляецца грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», — нагадала другі сакратар Маладзечанскага райкама БРСМ Марта Несцяровіч. — Традыцыйна на абласным этапе праекта ўдзельнікам было прапанавана некалькі конкурсных заданняў. Кожная сям’я прадстаўляла сваю гаспадарлівасць і гасціннасць у конкурсе візітных картак «Вітаем па-беларуску», дэманстравала ўменне хутка запрэгчы і распрэгчы каня (конкурс «Наезнікі»), зладжанасць у сячэнні і складзіраванні дроў (конкурс «Дрывасекі»), прафесіяналізм у вырабе лавачак (конкурс «Лаўкачы»), хуткасць і спрыт у спартыўнай эстафеце. Акрамя таго, сем’і спаборнічалі ў інтэлектуальнай віктарыне на лепшае веданне сваёй малой радзімы (конкурс «Інтэлектуалы сяла»).

Перад пачаткам спаборніцтваў у фармаце адкрытага дыялогу прайшла нефармальная сустрэча старшыні Мінскага аблвыканкама Анатолія Ісачэнкі з удзельнікамі абласнога форума сельскай моладзі. Анатолій Міхайлавіч адказаў на пытанні маладых спецыялістаў, настаўнікаў, урачоў, пачынаючых прадпрымальнікаў і кіраўнікоў фермерскіх гаспадарак.

Сям'я Несцярчук: Таццяна і Павел, іх дзеці Аляксандр і Ангеліна.



— Было цяжка вызначыць, якая з дваццаці дзвюх сямейных каманд была, напрыклад, самай гасціннай, творчай і крэатыўнай, — расказвае Марта. — Усе канкурсанты выдатна падрыхтавалі свае імправізаваныя падворкі. Але прадстаўнікі Маладзечаншчыны ўсё ж вызначаліся сярод іншых. Іх падворак прыцягваў сваім асаблівым нацыянальным каларытам, багаццем і фантазіяй у прыгатаванні страў. І гэта невыпадкова. Таццяна не толькі выдатная гаспадыня. Яна добра спявае, выкладае ў школе музыку. Да таго ж захапляецца ручной вышыўкай. Сама вышывае і беражліва захоўвае ручнікі, абрусы, сурвэткі, іншыя арыгінальныя рэчы, якія засталіся ёй у спадчыну ад бабулі і прабабкі. Таму жадаючых палюбавацца сапраўднай прыгажосцю, а заадно пакаштаваць смачныя стравы, пацікавіцца сакрэтамі іх прыгатавання і ўвогуле пазнаёміцца бліжэй з маладой, творчай сям’ёй Несцерчукоў з Краснага было шмат.

Увогуле, музыка, песні, смех гучалі на стадыёне ў Сёмкаве пастаянна, нават нягледзячы на дождж і моцны вецер, якія суправаджалі ўсё свята. Не паўплывала непагадзь і на высокі дух саперніцтва ў час правядзення конкурсаў. Каля пяці гадзін сямейныя каманды змагаліся за званне лепшай. Былі адзначаны пераможцы ў конкурсах. А вось за галоўны прыз давядзецца яшчэ паспрачацца. Журы вызначыла пяцёрку лідараў, якія прымуць удзел у абласных Дажынках, якія пройдуць у Мядзеле. Менавіта тут і вырашыцца галоўная інтрыга конкурсу, і мы нарэшце даведаемся, хто ж стане пераможцам абласнога этапу сямейнага праекта «Уладар сяла-2018».

Фота: Ірына МЯНЦЮК.


Прочитано 1091 раз Последнее изменение 28.09.2018 15:12
Вячаслаў Табулін

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить