14.02.2017 15:51

«Я не баюся смерці. Баюся прычыніць боль маці»

Гэтыя радкі, старанна напісаныя ад рукі друкаванымі літарамі, сваякі знайшлі ў запісной кніжцы Сяргея Аўдзевіча пасля яго гібелі. Складзены ў некалі разоў лісток з надпісам стаў адным з экспанатаў музейнага пакоя Беразінскага аграрна-тэхнічнага прафесіянальнага  ліцэя, які ў 1986 годзе закончыў будучы воін-інтэрнацыяналіст.

У ліцэі працуе жанчына, якая і цяпер, амаль праз 30 гадоў, не можа без слёз успамінаць гэтага юнака. Бібліятэкар Людміла Аўдзевіч была замужам за братам Сяргея Анатоліем. Штогод 15 лютага, у Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, Людміла Іосіфаўна расказвае сённяшнім навучэнцам пра кароткае – усяго ў 20 гадоў — жыццё звычайнага сельскага хлопца, які любіў маму і маленькіх пляменнікаў, разбіраўся ў тэхніцы, бегаў на рэчку вудзіць рыбу, чытаў кнігі пра лётчыкаў… І навекі застаўся салдатам.

Мог выдаіць 20 кароў
Сяргей быў малодшым дзіцем у сям’і Аўдзевічаў з вёскі Бароўшчына, што за сем кіламетраў ад пасёлка Беразін-
скае. Акрамя яго, падрасталі старэйшыя сястра Людміла і брат Анатолій. Бацька Дзмітрый Сцяпанавіч працаваў у ахове на адным з прадпрыемстваў Маладзечна. Маці Любоў Пятроўна была даяркай, раздойвала кароў, якіх у яе групе было з паўсотні. Сяргей амаль штодня ёй дапамагаў, дваццаць кароў мог падаіць… Жыла сям’я небагата, дзецям даводзілася нараўне з дарослымі працаваць па гаспадарцы, у полі. Як і большасць сельскіх хлопцаў, Сяргей умеў і каня запрэгчы, і за плугам хадзіць. У вучобе быў «серадняком», а вось у зборы макулатуры ці металалому, іншых піянерскіх справах — першым. Любіў чытаць, прыходзіў па кніжкі да Людмілы, якая на той час працавала ў сельскай бібліятэцы ва Укропаве. Асабліва яго захаплялі творы пра лётчыкаў, прыгодніцкія раманы.  

«Сярод вясковых хлопцаў ён быў лідарам. Мог і пахуліганіць, і пабіцца, як гэта часта бывае сярод падлеткаў. Іншы раз з сінякамі хадзіў. Але вялікіх праблем у бацькоў з ім не было. Мы з ім сябравалі, да маіх  парад ён прыслухоўваўся. Памятаю, перад пачаткам навучальнага года выбіралі яму ў Беразінскім новы касцюм. Апрануў, да люстэрка падышоў, заўсміхаўся. Тую нясмелую хлапечую ўсмешку мне ніколі не забыць…», — расказвае субяседніца.

Развітваўся некалькі разоў
Пасля школы Сяргей паступіў у Беразінскае СПТВ-42, асвоіў прафесію  экскаватаршчыка. Да арміі, куды яго за-
бралі самым апошнім сярод аднакласнікаў, уладкаваўся трактарыстам у мясцовы калгас «Гарадзілава»: падвозіў ваду на ферму.

Па традыцыі савецкіх часоў бацькі наладзілі для Сяргея праводзіны, сабралі за сталом сваякоў, сяброў, суседзяў. Праводзіла яго і каханая дзяўчына, ветфельчар, якая прыехала ў гаспадарку па размеркаванні. На ферме з ёю і пазнаёміўся…

На наступны дзень Сяргей рана пайшоў праз лясок на аўтобус, каб не спазніцца на зборны пункт. Праз пару хвілін вярнуўся – нешта забыўся. Развітаўся, а з паўдарогі зноў скіраваў дамоў, хацеў яшчэ раз абняць матулю… Ніяк не мог адарвацца ад родных людзей і мясцін, нібы невядомая сіла трымала яго, не хацела адпускаць.

«Як хочацца паляжаць на траве ў цяньку!»  
Паўгода Сяргей спасцігаў азы ваеннай справы ў «вучэбцы» ў Ташкенце. Перад яе заканчэннем прыслаў сям’і брата пісьмо, у якім паведаміў, што могуць адправіць служыць у Германію ці Афганістан. Папрасіў пакуль нічога не гаварыць бацькам, каб лішні раз не хваляваць іх.

А потым пісьмы сталі прыходзіць з Афганістана. Пасля яго смерці гартаючы салдацкі блакнот-дзённік, Людміла Іосіфаўна зразумела, як цяжка перажываў ён гібель сваіх баявых таварышаў, якой смяротнай рызыцы падвяргаўся сам. Ён служыў разведчыкам-кулямётчыкам у дэсанце, часта даводзілася хадзіць у разведку, некалькі разоў быў паранены.
У чэрвені 1988 года часць, у якой служыў наш зямляк, павінны былі вывезці з Афганістана. З вялікім нецярпеннем салдаты чакалі гэтага дня. У сваім дзённіку Сяргей напісаў: «На свеце шмат дарог, але лепшая з іх – дарога дадому».

Паведаміў у пісьме сваякам радасную вестку: «Мама, 16 чэрвеня наша часць будзе вывезена ў СССР. Таму не перажывайце за мяне, хутка сустрэнемся. Мілая мама, ты не ўяўляеш сабе, як мне хочацца дадому, як мне хочацца ўбачыць вас, паляжаць у густой і зялёнай траве дзе-небудзь у цяньку, бо ў нас тут у цені 50 градусаў…».
На вялікі жаль, не давялося яму абняць блізкіх, пахадзіць басанож па траве. 25 мая 1988 года Сяргей Аўдзевіч загінуў у час наступальнай аперацыі. За мужнасць і гераізм ён пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём «За баявыя заслугі».

Сябры яго звалі «Цюльпанам»
Перад выпускным у сваёй Укропаўскай дзевяцігодцы Сяргей залез у агародчык да аднавяскоўцаў і налаташыў вялікі букет цюльпанаў. Пра гэты ўчынак стала вядома, меў непрыемнасці, а мянушка «Цюльпан» з таго часу прыклеілася да яго.
Прайшлі гады, усе забыліся пра гэты выпадак. Успомнілі толькі тады, калі ў родную вёску прывезлі цынкавую труну з астанкамі Сяргея. Як вядома, целы загінулых – груз №200 — з Афганістана дастаўлялі самалёты Ан-12, якія ў народзе называлі «чорнымі цюльпанамі». Такое трагічнае супадзенне…

Не стала Сяргея – не стала і сям’і
Людміла Іосіфаўна ўспамінае: нягледзячы на забароны ваенных, ноччу перад пахаваннем брат адчыніў труну, каб пераканацца, што там сапраўды Сяргей. Маці не паказалі, баючыся за яе псіхіку… Але і для мужчын гібель роднага чалавека стала велізарнай душэўнай траўмай, з якой яны так і не змаглі справіцца. У тыя дні, відаць, нешта надламалася ў іх. Заўчасна пайшлі з жыцця Анатолій, бацька Сяргея, маці хварэла, яе не стала ў 2014-м. З вялікай сям’і засталася адна сястра, але і на яе лёс выпала шмат цяжкіх выпрабаванняў…

Хавалі Сяргея на гарадзілаўскіх могілках з ваеннымі ўшанаваннямі. Сабралася ўсё наваколле, аднакласніца чытала чуллівыя вершы, прысвечаныя яму. Людміла Іосіфаўна расказвае, што сельскі Савет, ваенкамат дапамагалі бацькам, забяспечвалі палівам, выдзялялі матэрыяльную дапамогу. Кожны год 30 красавіка, у дзень нараджэння Сяргея, на магіле ляжаць свежыя букеты – не забываюць сябры, аднакласнікі. Часта бывае на могілках і Людміла Іосіфаўна. У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў прыходзіць сюды разам з навучэнцамі ліцэя, перад Радаўніцай хлопцы дапамагаюць ёй навесці парадак на магіле.

Гэта жанчына зрабіла многае па захаванні памяці пра Сяргея Аўдзевіча. Няшмат засталося яго ўласных рэчаў. Частку перадалі ў музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў СШ №14. Сапраўдныя рэліквіі захоўваюцца і ў музейным пакоі ліцэя: франтавая біклажка, блакнот, пісьмы сваякам, фотаздымкі.  Разам з навучэнцамі, якія прыходзяць у бібліятэку на заняткі аб’яднання па інтарэсах «Спадчына», Людміла Іосіфаўна падрыхтавала прэзентацыю, прысвечаную воіну-інтэрнацыяналісту, аформіла альбом. Гартае яго старонкі разам з сённяшнімі равеснікамі Сяргея і просіць Бога, каб на іх долю не выпалі такія выпрабаванні, каб  больш ніколі маці не адпраўлялі сыноў на вайну…


Фота: Аляксей ПЛАТКО, архіў Беразінскага аграрна-тэхнічнага прафесіянальнага ліцэя.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/regionalnyj-aktsent/item/932-ya-ne-bayusya-smertsi-bayusya-prychynits-bol-matsi.html#sigProIdfdb8c9c5d4
Прочитано 1392 раз Последнее изменение 14.02.2017 15:51
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить