27.05.2020 9:23

Віды блеларускіх ручнікоў. З калекцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея

Унікальная рэч у матэрыяльнай культуры беларусаў – ручнік. Выкарыстоўваўся ён амаль ва ўсіх народных абрадах і святах, суправаджаў чалавека ад нараджэння да апошняга дня.

Фрагмент бракараўскага ручніка. Фрагмент бракараўскага ручніка.

Калекцыя Мінскага абласнога краязнаўчага музея расказвае аб беларускім ручніку ва ўсёй паўнаце яго рэгіянальных адметнасцей.

З вялікай павагай і ўдзячнасцю хочацца ўспомніць Людмілу Дайноўскую, якая больш за 30 гадоў вяла калекцыю ткацтва ў музеі і займалася паглыбленым вывучэннем і падрабязнай класіфікацыяй калекцыі ручнікоў. Дзякуючы яе намаганням калекцыя народных тканін вырасла амаль удвая і цяпер налічвае больш за тысячу адзінак. Скарбніца працягвае папаўняцца. Гараджане перадаюць спадчыну сваіх продкаў, каб захаваць для будучых пакаленняў.

Сярод вырабаў з фондаў музея можна выдзеліць некалькі тыпаў ручнікоў.

Віленскія шматнітовыя і пераборныя

Гэты тып ручніка распаўсюджаны на значным абшары паўночна-заходняй часткі Беларусі, да якой адносілася тэрыторыя былой Вілен-скай губерні (сучасныя Валожынскі, Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі раёны). Дэкаратыўна стрыманыя, вельмі блізкія да народных тканін суседніх краін Літвы і Латвіі. На мастацкае аблічча ручнікоў наклала свой адбітак і старажытнае язычніцтва. Увасобілася гэта ў асаблівым шанаванні зямлі і яе раслін, што пазначана ў натуральных колерах ільняных ручнікоў. Каларыстычнае вырашэнне – двухколернае. Для ткацтва выкарыстоўваўся адбелены і шэры натуральны лён. Арнамент складаўся з геаметрычных, шашачных матываў.

Галоўны захавальнік музея Аляксандр Сяргей дэманструе ручнік з калекцыі «Ткацтва».

Капыльскія закладныя

Тэхніка закладнога ткацтва па-мясцоваму называлася «старасвецкае ткацтва», што сведчыць аб старажытнасці паходжання. Закладное ткацтва звязана з культурай Сярэдняй Азіі. Гэту традыцыю разам з бязворсавымі дыванамі прынеслі да нас качэўнікі. Бытаванне закладнога ткацтва на тэрыторыі Украіны адыграла сваю ролю ў пашырэнні яго і на беларускім усходзе. Закладныя ручнікі прывозілі на Капыльшчыну мясцовыя гандляры, выкарыстоўваючы зручны водны шлях. Белыя з важкімі чырвонымі канцамі капыльскія за-кладныя ручнікі адрозніваюцца сваёй незвычайнай святочнасцю.

Чэрвеньска-бярэзінскія

Яны захавалі найбольш старадаўнія рысы свайго рэгіёна і маюць вельмі простае мастацкае вырашэнне – канцы ручнікоў упрыгожаны браным геаметрычным арнаментам (часцей ромбавым з кропкамі ці рашоткай унутры).

Слуцкія

Высокую якасць і дасканаласць слуцкім ручні-кам прынесла старажытная традыцыя ткацкага рамяства ў гэтым рэгіёне. Тканыя вырабы слуцкіх мануфактур ведалі ў многіх гарадах Заходняй Еўропы. Для ручнікоў характэрна выкарыстанне пафарбаванага ў блакітны, зялёны, вохрыста-карычневы колеры лёну і белай бавоўны. Сярод матываў найчасцей сустракаліся вазон з кветкамі, выявы птушак абапал дрэва, ільвы ў геральдычнай кампазіцыі. Дадатковае аздабленне канцоў – рознакаляровымі шаўковымі стужкамі.

Бракараўскія

Значную частку беларускіх ручнікоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя складаюць ручнікі, вышываныя крыжыкам, якія не маюць лакальнай адметнасці. У гэты час хутка развіваліся капіталістычныя адносіны. У сялянскім асяроддзі распаўсюдзіліся новыя матэрыялы. Гэта фабрычнае палатно, каляровыя баваўняныя ніткі, кнігі і часопісы з узорамі для вышывання крыжыкам. Самымі вядомымі былі малюнкі парфумернай фірмы «Бракар і К», заснаванай у Маскве ў 1864 годзе. У якасці прывабнай рэкламы пакупнікам мыла і адэкалону бясплатна раздаваліся лістоўкі з малюнкамі ўзораў для вышыўкі. Так прыйшлі выявы вянкоў, карон, птушак і жывёл, а таксама надпісы, манаграмы, літары з розных шрыфтоў і сюжэтныя малюнкі.

Вольга ШЫЛЬКО,
загадчык аддзела Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

 

Прочитано 343 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить