25.02.2020 14:45

У Палачанах падвялі вынікі конкурсу сярод жывёлаводаў

Малочнатаварны комплекс «Груздава» акцыянернага таварыства «Палачаны» — адзін з буйных у раёне. Тут працуе згуртаваны і дружны калектыў. Тэхналогія вытворчасці прадукцыі падтрымліваецца на высокім узроўні. Нездарма ўзнагароджанне лепшых работнікаў жывёлагадоўлі гаспадаркі прайшло менавіта тут.

Адзначыць перадавікоў прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Саланенка, кіраўнік таварыства Алена Халматава, старшыня прафкама гаспадаркі Наталля Бажко. У пакоі адпачынку сабраліся пераможцы спаборніцтва сярод жывёлаводаў, што праводзіцца ў «Палачанах», а таксама прызнаныя лепшымі ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод». Віноўнікамі ўрачыстасці былі прадстаўнікі некалькіх ферм. Жывёлаводы пачулі шмат цёплых слоў у свой адрас, за добрасумленную працу атрымалі падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі.

У час ушанавання адзначалася важнасць работы на малочнатаварных фермах і комплексе. Ад гэтых аб’ектаў шмат у чым залежыць фінансавы стан гаспадаркі. Акрамя таго, жывёлагадоўля забяспечвае работай многіх жыхароў у сель-
скай мясцовасці. А эфектыўнасць вытворчасці непасрэдна ўплывае на зарплату і дабрабыт работнікаў.

— МТК «Груздава» шматпрофільны, — зазначыла выконваючая абавязкі начальніка комплексу Ларыса Зянькевіч. – Тут утрымліваецца дойны статак, буйная рагатая жывёла на адкорме і вырошчванні. Вопытныя работнікі комплексу добрасумленна выконваюць свае абавязкі. Бытавыя ўмовы ў жывёлаводаў годныя. Дзякуючы высокай культуры вытворчасці малако пастаўляецца на перапрацоўку ў асноўным сортам «экстра».

Пра арганізацыю працы жывёлаводаў расказала Наталля Бажко. Яна падкрэсліла, што важным для работнікаў з’яўляецца матывацыя. Таму ў гаспадарцы праводзіцца конкурс сярод спецыялістаў ферм. Умовы конкурсу і паказчыкі распрацоўваюцца па кожнай спецыяльнасці – для аператараў машыннага даення, жывёлаводаў па адкорме маладняку, па дарошчванні буйной рагатай жывёлы і гэтак далей. Спаборніцтва ахоплівае ўсе фермы.

— Конкурс праводзіцца з 2016 года, — паведаміла Наталля Фёдараўна. – Дзякуючы яму ў людзей з’яўляецца дадатковы матыў паляпшаць свае паказчыкі. Вынікі рэгулярна даводзяцца да работнікаў. Адзначаюцца лепшыя спецыялісты на кожнай ферме і па гаспадарцы ў цэлым. Перадавікі атрымліваюць грашовыя прэміі. Прэміруецца таксама лепшая ферма.

Уладзімір Саланенка лічыць вопыт правядзення такіх спаборніцтваў вартым для пераймання іншымі гаспадаркамі Маладзечаншчыны. Гэта яшчэ больш падкрэсліць важнасць прафесіі жывёлавода. Важна і тое, што чалавечы фактар заўсёды быў вызначальным у любой сферы дзейнасці. Калі спецыяліст бачыць, што яго інтарэсы ўлічваюцца, ён працуе з поўнай аддачай.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 363 раз Последнее изменение 25.02.2020 14:45
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить