22.01.2020 15:03

Формула поспеху — тры «К»: кадры, каровы, кармы

Так лічыць дырэктар ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч. Менавіта гэта формула ляжыць у аснове жывёлагадоўчых дасягненняў гаспадаркі. Яе кіраўнік паспяхова прымяняе на практыцы.

— Таварыства я ўзначаліў 1 студзеня 2017 года, — гаворыць Дзмітрый Мікалаевіч. – Сітуацыя ў гаспадарцы тады вымушала жадаць лепшага. Аднак у мяне быў ужо вопыт паспяховага кіравання — у свой час вывеў на перадавыя пазіцыі Лагойскі СК «Трайпл-агра». Таму і ў Гарадзілаве пачаў дзейнічаць рашуча. Вырашыў перш за ўсё кадравае пытанне.

Так, на Маладзечаншчыну Дзмітрый Грамовіч запрасіў спецыялістаў, якія выдатна сябе паказалі ў СК «Трайпл-агра». Вялікую ўвагу ён надаў навядзенню дысцыпліны і парадку. Павысілася матывацыя працы работнікаў. За тры гады сярэдняя заработная плата ў таварыстве вырасла ўдвая і перавысіла тысячу рублёў. Людзі разумеюць: іх дабрабыт непасрэдна залежыць ад колькасці і якасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
А па гэтых паказчыках гаспадарка ў раёне на перадавых пазіцыях. Усё малако «Гарадзілава» пастаўляе на перапрацоўку толькі сортам «экстра». З яго вырабляецца, у тым ліку, дзіцячае харчаванне.

— З 2017 года пастаўкі малака павялічыліся на 4 тысячы тон, — гаворыць субяседнік. – Штогод прыбаўка сярэдняга надою ад каровы складае каля 1200 літраў. У канцы мінулага года выйшлі на паказчык у 7696 літраў. Мінімальная планка, якую намецілі на канец 2020-га, – 8500 літраў. Планы амбіцыйныя, але цалкам рэальныя. Зачын для далейшага нарошчвання аб’ёмаў прадукцыі створаны добры. Цяпер выручка за малако за месяц складае паўмільёна рублёў, а сярэднясутачны надой на карову – 23 літры.

Наконт другога «К» вышэйзгаданай формулы Дзмітрый Грамовіч падкрэсліў, што ў гаспадарцы былі значна палепшаны ўмовы ўтрымання дойнага статка.
Адрамантаваныя і добраўпарадкаваныя ўсе аб’екты жывёлагадоўлі (у «Гарадзілаве» дзейнічаюць чатыры малочнатаварныя фермы і таварная ферма па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы). Паспяхова вядзецца племянная работа.

Усё гэта стала магчымым дзякуючы фінансавым укладанням у развіццё вытворчасці. На гэтыя мэты штомесяц выдаткоўваецца каля 800 тысяч рублёў з выручкі таварыства. Важнае значэнне мае і выканальніцкая дысцыпліна. Кантраляваць тэхналагічныя працэсы на фермах можна нават з кабінета дырэктара. Для гэтага на аб’ектах устаноўлены 88 відэакамер, а выводзіцца «карцінка» на спецыяльны манітор.

— Паляпшэнне якасці кармоў таксама было адным з прыярытэтаў, — зазначыў Дзмітрый Мікалаевіч. – Змянілі структуру пасяўных плошчаў, дадаткова адвялі палі пад травы і кукурузу, правялі неабходныя агратэхнічныя мерапрыемствы. У выніку па нарыхтоўцы кармоў таварыства адно з лепшых у вобласці. Штогод «Гарадзілава» прадае іншым гаспадаркам 5-6 тысяч тон кармоў і атрымлівае ад гэтага дадатковы прыбытак.

Развітваючыся з Дзмітрыем Грамовічам, мы пажадалі яму ажыццявіць усе пачынанні на карысць гаспадаркі і раёна. А тое, што «Гарадзілава» рухаецца ў правільным кірунку, не выклікае сумненняў.

Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 112 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить