10.03.2017 14:24

Яны занесены на Дошку Гонару за 2016 год

Расказваем пра маладзечанцаў, перадавікоў працы за 2016 год, а таксама лепшыя калектывы.

Лепшы работнік аховы здароўя -- Кацярына Зяневіч

Колькі трэба працаваць пасля ўніверсітэта, каб адчуць у сабе патэнцыял кіраўніка, узяць адказнасць за калектыў? Безумоўна, усё залежыць ад канкрэтнага чалавека, абставін, аднак у большасці выпадкаў ад адной кар’ернай прыступкі да іншай праходзяць нават не гады, а дзесяцігоддзі. Маладых кіраўнікоў у нас можна пералічыць на пальцах.

Нядаўна мы пазнаёміліся з Кацярынай Зяневіч, урачом агульнай практыкі. У жніўні будзе два гады як яна закончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Паўтара з іх загадвае Аляхновіцкай амбулаторыяй, узначальвае калектыў з 20 чалавек. І выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Па выніках раённага працоўнага спаборніцтва за мінулы год малады спецыяліст названа лепшым работнікам аховы здароўя, яе партрэт будзе змешчаны на раённай Дошцы гонару. Акрамя таго, Аляхновіцкая амбулаторыя перамагла ў абласным аглядзе якасці культуры і медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2016 год, калектыў быў узнагароджаны дыпломам. Такая высокая ацэнка не толькі ў маштабах раёна, але і вобласці сведчыць аб якаснай медыцынскай дапамозе, добрай аснашчанасці лячэбнай установы, прафесіяналізме кіраўніка і ўсіх работнікаў.  

«Прыязджайце пасля абеду, калі ў амбулаторыі больш спакойна. У мяне штодня вялікія прыёмы», — папярэдзіла Кацярына. А пры сустрэчы расказала, што зімой, у разгар прастудных захворванняў, даводзілася  прымаць па 60-70 чалавек. На ўчастку, які налічвае амаль тры тысячы чалавек, Кацярына Яўгеньеўна, як яе з павагай называюць пацыенты і калегі, адзіны ўрач. Прычым урач-універсал, які вядзе прыём як тэрапеўт, неўролаг, оталарынголаг, акуліст, хірург і нават робіць дробныя хірургічныя аперацыі. Пасля прыёму наведвае па выкліках хворых, якія па стане здароўя не могуць прыйсці ў амбулаторыю. Асаблівая ўвага – дзецям да года, якіх на ўчастку 35, да 18 гадоў – 505. На тэрыторыі амбулаторыі знаходзіцца Дубраўскі ФАП. Нягледзячы на вялікую нагрузку, урач кожнаму пацыенту стараецца ўдзяліць максімум увагі.
«Нашы поспехі – заслуга ўсяго калектыву», — гаворыць маладая загадчыца і з удзячнасцю называе памочнікаў урача, якія бяруць на сябе значную частку работы. Гэта Алена Яцыновіч, Надзея Шымель, Ганна Моклая. Дарэчы, доўгі час памочнікам урача працуе ў Красненскай амбулаторыі мама Кацярыны Ала Мікалаеўна, яе медыцынскі стаж складае звыш 30 гадоў. «Калі ўсе дзеці ішлі ў сад, я — да мамы ў амбулаторыю», — успамінае дзяцінства мая субяседніца, якая рана зразумела, што хоча быць медыкам. Магчыма, прызванне лячыць людзей перадалося ёй разам з генамі: у радні 13 медыкаў – вялікі сямейны клан…

У школе Кацярына мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў медуніверсітэт. Але з рэпетытатарам займалася толькі па хіміі, астатнія прадметы асвойвала сама, на ЦТ набрала высокія балы. Паколькі вучылася па мэтавым накіраванні ЦРБ, па размеркаванні прыехала ў свой раён. Пачынала ўрачом-тэрапеўтам у роднай Красненскай амбулаторыі, амаль адразу яе накіравалі на курсы ўрача агульнай практыкі, пасля якіх прапанавалі ўзначаліць Аляхновіцкую амбулаторыю. Тут часта мяняліся загадчыкі і востра стаяла пытанне з урачом. Кацярына згадзілася, хаця не ўтойвае, што ў першыя месяцы было вельмі цяжка сумяшчаць лячэбную і арганізацыйную работу, унікаць у афармленне дакументацыі, вырашаць шматлікія гаспадарчыя пытанні. Дапамагло тое, што праходзіла інтэрнатуру ў розных аддзяленнях цэнтральнай раённай бальніцы, ведае загадчыкаў, вопытных урачоў, у якіх заўсёды можна пракансультавацца. Яна ўдзячная за дапамогу і падтрымку галоўнаму урачу ЦРБ Таццяне Шамадзі, яе намесніку па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Уладзіміру Сымановічу, загадчыцы Красненскай амбулаторыі Зоі Курэц.

— Былі выпадкі, калі даводзілася ратаваць чалавеку жыццё?
— Нядаўна з самай раніцы звярнулася маладая жанчына, якая вельмі дрэнна сябе адчувала. Аказалася, у яе развіўся анафілактычны шок у выніку алергіі на дэзінфіцыруючыя сродкі, якія яна выкарыстоўвае на рабоце. Мы з калегамі літаральна за лічаныя хвіліны ўвялі ёй лякарствы, аказалі неабходную дапамогу, шпіталізавалі. Цяпер яна адчувае сябе добра.

— Кацярына, як, на вашу думку, трэба падтрымліваць сваё здароўе?
— Лічу, што самае галоўнае – здаровае харчаванне. Нельга есці фастфуд, чыпсы, даваць іх дзецям, бо гэта вельмі шкодна. А яшчэ карысныя фізічныя нагрузкі з улікам узросту і самаадчування. Мяне вельмі радуе, што цяпер многія маладыя людзі захапляюцца спортам, ходзяць у трэнажорныя залы.

— А самі чым любіце займацца ў вольны час?
— Вельмі люблю прагулкі, адпачынак на прыродзе з сябрамі.  

— У жніўні заканчваецца тэрмін вашай адпрацоўкі па размеркаванні. Плануеце застацца ў Аляхновічах?
— Цяжка загадваць наперад, але сёння магу сказаць, што мне вельмі падабаюцца мая работа і наш дружны калектыў, радуе, што ўдалося знайсці паразуменне з мясцовымі жыхарамі. І Аляхнові-
чы палюбіла – тут вельмі прыгожыя мясціны. Як бы ні склалася жыццё, заўсёды буду памятаць, што тут я зрабіла свае першыя самастойныя крокі ў прафесію і зразумела, што выбрала медыцыну невыпадкова.

Лепшы работнік гандлю

Рыта Прышляк з маленства ведала, што будзе працаваць у сферы гандлю. Літаральна з трох гадоў і да школы яна выхоўвалася, як сама гаворыць, у… магазіне.

Замест дзіцячага сада Рыта хадзіла на работу разам са сваёй цёцяй,     якая працавала ў філіяле па продажы галантарэйных тавараў і парфумерыі ад мясцовага ўнівермага, што ў свой час размяшчаўся на тэрыторыі рынку райспажыўтаварыства. Прыбягала дзяўчынка ў магазін і на школьных перапынках.

Сёлета спаўняецца 30 гадоў працоўнай дзейнасці Рыты Прышляк, загадчыцы магазіна №3 ЗАТ «Гандлёвы Дом «Алекор». У яе скарбонцы шмат Ганаровых грамат за поспехі ў рабоце. А па выніках за мінулы год яна названа лепшым работнікам гандлю на Маладзечаншчыне.


— Наогул, у мяне сёлета 100-гадовая дата, – з усмешкай зазначае Рыта Валікаўна. – 30 — працоўнай дзейнасці, 20 — «Алекору» і ўласны залаты юбілей. Калі гэтыя лічбы скласці, якраз сотня атрымаецца!  

Дарэчы, ужо ў шэсць гадоў Рыта асвоіла лічыльнік савецкага ўзору. А ў якасці прадаўца паспрабавала сябе, калі ёй не было і пяці гадоў.

— Цёця дазволіла мне прадаць тавар сапраўднаму пакупніку. Малады чалавек набыў адэкалон «Наташа». Гэты момант назаўсёды застаўся ў памяці! – гаворыць яна.    

Пасля заканчэння Навагрудскага гандлёва-эканамічнага тэхнікума Рыта ўжо ў якасці дыпламаванага маладога спецыяліста – старшага прадаўца — трапіла ў магазін гаспадарчых тавараў, які таксама знаходзіўся на тэрыторыі рынку райспажыўтаварыства. І літаральна праз паўтара года яе прызначылі загадчыцай магазіна ўцэненых тавараў.
— Там было столькі дзіўнага тавару! Мы нават не заўсёды ведалі яго прызначэнне, а ў суправаджальных дакументах ніякага тлумачэння не давалася. Доўгі час на паліцах ляжала партыя набораў з дзвюх невялікіх металічных палачак. Думалі, ніколі іх не прададзім. Нарэшце, у магазін прыйшоў мужчына, які вельмі ўзрадаваўся, што іх знайшоў. Ён купіў усю партыю гэтых палачак. І толькі ад яго мы даведаліся, што яны прызначаны для барабаннай устаноўкі, — успамінае працоўныя будні Рыта Валікаўна.

Пасля ліквідацыі магазіна ўцэненых тавараў Рыце давялося стаць на ўлік па беспрацоўі ў службе занятасці. На той час яна ўжо мела вышэйшую адукацыю таваразнаўца (закончыла інстытут народнай гаспадаркі) і стаж работы большы за 10 гадоў. Рыта вырашыла набыць дадатковую кваліфікацыю бухгалтара і закончыла адпаведныя курсы ў мясцовым гандлёва-эканамічным каледжы.

Неўзабаве ў горадзе адкрыўся магазін «Алекор» на вуліцы Багдана Хмяльніцкага, у якім Рыта Валікаўна прайшла шлях ад прадаўца да загадчыцы. За 20 гадоў работы склаўся дружны калектыў, якім яна кіруе пяты год. Працаваць на карысць пакупнікоў – галоўнае, да чаго тут імкнуцца.

— Да работы ў сферы гандлю прывыкнуць немагчыма – кожны дзень не падобны на іншы. Яна нагадвае акцёрства. Толькі для артыстаў ролі пішуць сцэнарысты, а мы іх складаем самі… — філасофствуе субяседніца. – Трэба адчуваць настрой пакупнікоў і дапамагчы сарыентавацца ў выбары тавару. Прыемна, што ў нас ёсць нямала пастаянных наведвальнікаў і пастаўшчыкоў.      

Работнікі сеткі «Алекор» рэгулярна бываюць на навучальных семінарах па продажы тых ці іншых тавараў. І гэта, безумоўна, дапамагае ў далейшай дзейнасці.
— Мы вывучаем попыт на многія віды гаспадарчай і будаўнічай прадукцыі, прылад для догляду прысядзібных участкаў, посуд, бытавую тэхніку, прадметы інтэр’ера… Актыўна працуем з заказамі спажыўцоў, — усміхаецца субяседніца.

… У Рыты Валікаўны жыццё распісана літаральна па хвілінах. Яна ўжо нават ведае, чым будзе займацца на пенсіі. Гаворыць, што пойдзе танцаваць. Рыта з дзяцінства захаплялася народнымі танцамі, была салісткай у школьным ансамблі. Яе ўжо даўно запрашаюць у заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Спадчына» Палаца культуры.

Чытайце таксама: Коллективы и труженики, занесенные на доску Почета Молодечненского района по итогам работы в 2016 году.

                                    Урачысты сход з гэтай нагоды ў мінулую пятніцу прайшоў у Палацы культуры.

Лепшы работнік прамысловасці

Пераплётчыца друкарні «Перамога» Алена Міхнёва па-сапраўднаму любіць сваю работу. Яна шчыра радуецца, калі рулоны белай паперы з яе дапамогай ператвараюцца ў прыгожыя кнігі, сшыткі, часопісы, календары, блакноты, іншую паліграфічную прадукцыю.

— У час работы заўсёды ўяўляю тых, хто будзе карыстацца вырабамі друкарні, — гаворыць Алена Пятроўна. – Сярод іх дзеці, студэнты, работнікі прадпрыемстваў, хатнія гаспадыні… Калі працуеш для людзей, то справу выконваеш якасна, укладваеш у яе ўвесь свой прафесіяналізм. Прыемна, што прадукцыя «Перамогі» карыстаецца попытам. Значыць, прадпрыемства ўносіць свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Маладзечаншчыны.

23 гады таму А. Міхнёва ўладкавалася ў друкарню. Яе першая спецыяльнасць – машыніст рэзальнай машыны. За час работы яна асвоіла іншыя спецыяльнасці, навучылася абслугоўваць самае сучаснае абсталяванне, падрыхтавала нямала маладых спецыялістаў.
— За змену праз мае рукі праходзіць розная прадукцыя, якая з паліграфічных паўфабрыкатаў ператвараецца ў акуратныя кніжныя блокі або брашуры. Асвоіла таксама ламініраванне, выраб блакнотаў, буклетаў і г.д.

Галоўнае ў маёй рабоце – якаснае і ў тэрмін выкананне заказаў, — адзначыла Алена Пятроўна.
Па выніках работы за мінулы год Алена Міхнёва была прызнана адным з лепшых работнікаў прамысловасці Маладзечаншчыны. Яе фатаграфія будзе змешчана на раённай Дошцы гонару. Спецыяліст лічыць, што ў гэтым вялікая заслуга ўсяго калектыву. Цяпер яна будзе імкнуцца апраўдаць давер людзей і працаваць яшчэ больш старанна.

Лепшая ахова здароўя -- паліклініка №3

Мы завіталі ў паліклініку №3 першага сакавіка. І гэта дата аказалася сімвалічнай: у 2012 годзе ў гэты дзень былая чыгуначная паліклініка ўлілася ў сістэму цэнтральнай раённай бальніцы. Першае пяцігоддзе было няпростым i адначасова плённым.

Па выніках раённага працоўнага спаборніцтва за 2016 год паліклініка №3 названа лепшай установай аховы здароўя і занесена на раённую Дошку гонару.

— У перыяд рэфармавання і цяпер кіраўніцтва цэнтральнай раённай бальніцы аказвае нам дапамогу і падтрымку ў адаптацыі да новых умоў работы, — зазначае нязменная на працягу 16 гадоў загадчыца паліклінікі №3 Наталля Капцюг.

У параўнанні з 2011 годам колькасць насельніцтва, якое тут абслугоўваецца, павялічылася амаль удвая. У радыусе пяці кіламетраў гэта ўстанова аказвае медыцынскую дапамогу без малога 17 тысячам чалавек — жыхарам бліжэйшых мікрараёнаў, у тым ліку Залінейнага, і работнікам чыгункі, якіх на сёння больш за 4 тысячы. У зоне асаблівай увагі машыністы, іх памочнікі, іншыя катэгорыі работнікаў, якія адказваюць за бяспеку руху цягнікоў. Медыкі праводзяць штогадовы прафілактычны агляд, вялікую колькасць абследаванняў, даюць парады па здаровым ладзе жыцця.
Для размежавання патоку пацыентаў у паліклініцы працуюць дзве рэгістратуры: адна — для работнікаў чыгункі, другая – для астатніх наведвальнікаў. Ёсць тут і аддзяленне дзённага стацыянару, у структуру ўстановы ўваходзяць здраўпункты лакаматыўнага і рэфрыжэратарнага дэпо, медпункт чыгуначнага вакзала.

Пяць гадоў таму 1 сакавіка перайшла сюды з першай паліклінікі медсястра Аксана Шлойда. Яе перавялі разам з участкам – Залінейным мікрараёнам. Аксана працуе на прыёме з загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Жаннай Кісель. Яны сочаць за здароўем работнікаў лакаматыўнага дэпо, у тым ліку машыністаў.
— Спакойна ездзіце на цягніках, якімі кіруюць вашы пацыенты? — пытаюся ў Аксаны.
— Абсалютна спакойна, у іх здароўі я ўпэўнена! – усміхаецца яна.
— Што ў рабоце вашай паліклінікі можаце асабліва адзначыць, чым найбольш ганарыцеся? — пытанне да загадчыцы.
— Згуртаваны, стабільны  калектыў. Мы – як адна сям’я, — гаворыць Наталля Георгіеўна.

Кіраўнік расказвае, што ўкамплектаванасць урачэбным персаналам складае 67,8 працэнта, усе ўрачы працуюць мінімум на 1,25 стаўкі. Калі здараецца, што на ўчастку няма тэрапеўта, спрацоўвае прынцып брыгаднага падраду: нагрузку бяруць на сябе іншыя ўрачы. Прыём пацыентаў вядзе нават загадчыца, гаворыць, што прымае не менш за 20 чалавек за дзень. У апошнія гады пашырылі функцыі памочнікаў урачоў, за якімі замацаваны вопытныя настаўнікі Жанна Кісель, Ірына Бугай, Тамара Фёдарава, Юлія Шмярко, Генадзій Астапкевіч (ён, дарэчы, прайшоў навучанне і будзе працаваць як урач агульнай практыкі — калі тэрапеўт сумяшчае сумежныя спецыяльнасці неўролага, эндакрынолага, оталарынголага і інш.).
Пашырыўся штат фельчараў, двое з іх працуюць у кабінеце даўрачэбнага прыёму і тым самым аблягчаюць работу ўчастковым тэрапеўтам.

Коллектив поликлиники №3.
Што тычыцца талонаў, то можна не толькі заказаць іх па тэлефоне за тыдзень-два, але і запісацца на прыём у спецыяльным журнале пры  асабістым звароце ў рэгістратуру. Са жніўня мінулага года стаў магчымы заказ талонаў праз інтэрнэт на сайце talon.by.

Н.Капцюг расказвае, што ўсе кабінеты тэрапеўтаў абсталяваны камп’ютарамі і прынтарамі. Устаноўлена лакальная сетка паміж імі і рэгістратурай, кабінетамі медыцынскага статыстыка, прафілактыкі. Цяпер тут працуюць у кірунку ўкаранення электронных рэцэптаў.

Разам з вялікім спектрам бясплатных медыцынскіх паслуг, прадугледжаных сацыяльнымі стандартамі, у паліклініцы аказваюцца і платныя. Гэта кансультацыі вузкіх спецыялістаў, лабараторныя, ультрагукавыя і іншыя метады даследавання. Праходзяць тут агляд на прафпрыгоднасць, допуск да работы, годнасць да кіравання транспартнымі сродкамі і г.д. Тэндэнцыя апошняга часу – аказанне платных паслуг па медыцынскім страхаванні.

Дасягненні паліклінікі, занясенне яе на Дошку гонару – заслуга ўсяго калектыву паліклінікі №3 і адміністрацыі цэнтральнай раённай бальніцы, лічыць Наталля Георгіеўна. Аднак яна заўважае, што як бы ні стараліся ўрачы, па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, толькі 10 працэнтаў здароўя чалавека залежыць ад узроўню медыцынскага абслугоўвання. На 20 працэнтаў уплываюць спадчынныя фактары і навакольнае асяроддзе, а найбольш – на 50 працэнтаў – лад жыцця. Таму медыкі паліклінікі №3 не стамляюцца прапагандаваць здаровы лад жыцця, падтрымліваюць сваіх пацыентаў, якія адмаўляюцца ад шкодных звычак, вучаць іх цаніць кожны пражыты дзень і быць шчаслівымі.

Лепшы работнік бытавога абслугоўвання

Карына Абрамян, закройшчыца 5-га разраду, працуе на ААТ «Завод Рамбыттэхніка». Яна трапіла сюды па размеркаванні пасля заканчэння Мінскага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці. Гэта адна з самых маладых работніц прадпрыемства.

Аб сваёй перамозе дзяўчына даведалася ад сяброў. Потым былі віншаванні. Для Карыны гэта падзея вельмі нечаканая.

… З маленства яна расла ў творчай атмасферы, любіла маляваць, захаплялася рукадзеллем. Яно і не дзіўна. Тата Уладзімір Абрамян – мастак. Мама Алена таксама з творчым палётам (яна піша вершы), нягледзячы на тое, што працуе ў банкаўскай сферы. Спачатку бацькі не адобрылі выбар прафесіі дачкі — бачылі яе ў бухгалтарскай справе. Тым не менш Карына выбрала адну з самых вядомых навучальных устаноў краіны ў падрыхтоўцы спецыялістаў швейнай справы, дзе ў навучэнцаў ёсць магчымасць атрымаць дзве кваліфікацыі – краўца-закройшчыка і мадэльера-канструктара.

Ужо ў час вучобы Карына вылучалася адметным творчым падыходам да работы, разам з аднакурсніцамі стварала розныя мадэлі адзення і цэлыя калекцыі. Іх прадстаўлялі на конкурсах. Летась дзяўчына паспрабавала свае сілы ўжо як прафесіянал. На абласны конкурс мадэльераў-канструктараў і дызайнераў «Модны сілуэт» падрыхтавала калекцыю жаночага адзення ў нацыянальным стылі і заняла другое месца ў намінацыі «Традыцыі беларускага касцюма ў сучаснай інтэрпрэтацыі».

У калекцыі Карыны было пяць мадэляў з ільняной тканіны. Майстрыха працавала на ёй на працягу трох тыдняў, неаднойчы заседжвалася за швейнай машынкай да позняй ночы. Давялося акунуцца ў гісторыю беларускай народнай арнаментацыі. Аздобіла ўборы яркая біжутэрыя – упрыгажэнні Карына зрабіла сама з рознакаляровых стужак.



Цяпер закройшчыца рыхтуецца да конкурсу на распрацоўку дызайну формы экіпажаў «Белавія», які аб’явіла авіякампанія. У Карыны ўжо ёсць пэўныя ідэі, але пакуль яна трымае іх у сакрэце.

— Мая прафесія патрабуе пастаяннага самаўдасканалення. Гэты конкурс — новы творчы кірунак для мяне, — гаворыць субяседніца. — Ды і галоўны прыз варты таго, каб пазмагацца за яго — два білеты па маршруце Мінск — Мілан – Мінск і два запрашальныя білеты на Тыдзень моды ў Мілане. Абавязкова ўзяла б з сабой малодшую сястру Крысціну, якая пайшла ў прафесію ўслед за мной і вучыцца ў тым жа каледжы.

Яшчэ адна мэта Карыны – паўдзельнічаць у рэспубліканскім фестывалі-конкурсе «Млын моды». Марыць яна паспрабаваць сябе і ў якасці дызайнера інтэр’ера.

У кожным дні Карына заўважае прыгожае і чэрпае ў ім натхненне. А яе ўласныя эмоцыі і перажыванні ператвараюцца ў мастацкія палотны. Творца аддае перавагу графіцы – гэта абстракцыя, выкананая гелевай ручкай, пяром або тушшу.
Пазалетась швейную службу далучылі да ААТ «Завод Рамбыттэхніка», раней яна была ў складзе раённага камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва.

— Рэарганізацыю прадпрыемства перажывала не проста, — адзначае намеснік дырэктара Алена Жаўнерчык, якая далучаецца да размовы. – Але галоўнае — узяцца за справу і не баяцца ніякіх цяжкасцей. Мы імкнёмся выконваць пастаўленыя задачы, ствараць належныя ўмовы работы і падтрым-
ліваць лепшыя ініцыятывы спецыялістаў.

Цяпер ад «Рамбыттэхнікі» ў дзесяці населеных пунктах раёна і ў горадзе працуюць комплексныя прыёмныя пункты, дзе насельніцтву аказваюцца паслугі па шыцці і рамонце розных вырабаў. Канкурыраваць у гэтай сферы даволі складана, бо яна актыўна развіваецца і шырока прадстаўлена. «Рамбыттэхніка» — адзіная на Маладзечаншчыне дзяржаўная служба, якая замацавалася ў ёй. Асноўная спецыялізацыя прадпрыемства – шыццё бялізны, сталовых набораў, пледаў, падушак. Гэта прадукцыя не ўступае канкурэнтам па якасці і выйграе па цане. Для работніц цэха невыканальных задач няма. Яны распрацоўваюць дызайн і шыюць літаральна ўсё – ад спецадзення і чахлоў для аўтамабіляў да вытанчанага адзення. Многія віды прадукцыі прадстаўлены ў фірменным гарадскім магазіне. Завод падтрымлівае шэфскія сувязі з мясцовай гімназіяй №7.

Намаганні кіраўніцтва і калектыву недарэмныя — па выніках работы за мінулы год «Рамбыттэхніка» заняла першае месца ў вобласці і другое ў рэспубліцы сярод аналагічных прад-
прыемстваў бытавога абслугоўвання.

Алег Ждан -- лепшы работнік прамысловасці.

У любых абставінах трэба заставацца аптымістам. Нельга апускаць рукі, скардзіцца на жыццё, вінаваціць кагосьці ў сваіх няўдачах. Толькі тады чалавек можа рэалізавацца як асоба. Так лічыць жыхар нашага горада, работнік ПУП «ЭНВА» ГА «БелТІЗ» Алег Ждан.

— Працую на прадпрыемстве амаль 40 гадоў, — гаворыць Алег Іванавіч. – Уладкаваўся на завод пасля заканчэння Маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку. Прафесію слесара механазборачных работ асвоіў яшчэ ў выпускным класе. Заняткі вялі майстры вытворчага навучання. Цяпер працую ў зборачным цэху.

Інтарэсы Алега Ждана не абмяжоўваюцца толькі вытворчай сферай. У яго шмат розных захапленняў. Не прапускае ніводнай прэм’еры Мінскага абласнога драматычнага тэатра. На многіх спектаклях пабываў некалькі разоў, сам раней удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. Субяседніку падабаюцца канцэрты, якія праходзяць у Палацы культуры нашага горада, іншыя культурныя мерапрыемствы. Таксама ён сябруе са спортам.



— Люблю падарожнічаць. У турыстычных злётах і паходах удзельнічаю з юнацкіх гадоў. Наведаў Мір, Нясвіж, Жыровічы, іншыя цікавыя месцы Беларусі. Вельмі падабаецца родная Маладзечаншчына. Асабліва ваколіцы вёскі Даманава. Напіцца вады са святой крыніцы, пабываць ля мясцовай капліцы – вялікае задавальненне. А яшчэ вольны час прысвячаю шашкам і шахматам. Маю першы разрад па гэтых відах спорту. Увогуле, нягледзячы на праблемы са зрокам, жыву паўнавартасным жыццём. Калегі і адміністрацыя цэняць мяне як добрага работніка, а сябры па захапленнях – за шчырасць і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу, — падкрэсліў Алег Іванавіч.

А. Ждан адзначыў, што калектыў «Энвы» — адна вялікая сям’я. На прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для рэабілітацыі інвалідаў. Працуюць шматлікія гурткі і секцыі. Вялікая ўвага надаецца спорту. На заводзе Алег Іванавіч пазнаёміўся з будучай жонкай Антанінай, атрымалі кватэру.

На думку субяседніка, людзей з інваліднасцю не трэба шкадаваць. Неабходна ствараць для іх годныя ўмовы для работы. Тады чалавек абавязкова адбудзецца як асоба, прынясе карысць дзяржаве і грамадству.

Лепшы работнік культуры  -- Уладзімір Яцыновіч

Дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Уладзімір Яцыновіч, нягледзячы на мноства дасягненняў у сваёй кар’еры, не перастае штодня вучыцца – у калег, выхаванцаў і нават… пчол, развядзеннем якіх займаецца ўжо шмат гадоў. Уладзімір Паўлавіч таксама захапляецца гісторыяй і лічыць, што трэба марыць маштабна.

У. Яцыновіч названы лепшым работнікам культуры за 2016 год, і яго імя занесена на Дошку гонару Маладзечанскага раёна.

-- Я шчаслівы чалавек: мне заўсёды шанцавала на таленавітых педагогаў! У гэтым і ёсць сакрэт маіх поспехаў, -- гаворыць Уладзімір Паўлавіч. – Свет музыкі адкрыў мне дзед, мамін бацька, ён быў гарманістам-самавучкам, іграў у складзе сямейнага трыа са стрыечнымі братамі скрыпачом і цымбалістам. Потым лёс звёў мяне з Уладзімірам Сычовым, педагогам тады яшчэ Маладзечанскага музычнага вучылішча, які прыязджаў у маю родную Раёўскую школу выкладаць гурток па класе баяна. Але скажу шчыра, калі прыйшоў час выбару прафесіі, я вагаўся паміж гісторыяй і музыкай. Але апошняя ўсё ж узяла верх.

Уладзімір вырашыў паступаць у музвучылішча. Але на спецыяльнасць па класе баяна маглі падаць дакументы абітурыенты, якія мелі адпаведны атэстат аб заканчэнні музычнай школы. І толькі на габой такі дакумент быў не абавязковым. Галоўнае – веданне нотнай граматы, слых і пачуццё рытму.

-- Першы раз я ўзяў у рукі габой, калі стаў навучэнцам. Разумеў, што займацца ў вучылішчы будзе не проста, але я хацеў прыйсці ў «прафесійную» музыку, -- гаворыць субяседнік. – Мне зноў пашчасціла на педагога. Трапіў у клас Уладзіміра Мішулы. Мы сябруем з ім і сёння. Ён кіруе прыватнай дзіцячай музычнай школай у польскім горадзе Бяла-Падляска і нярэдка прыязджае ў Маладзечна ў якасці члена журы конкурсу сярод юных выканаўцаў музыкі на саксафоне.

Дарэчы, гэта яшчэ адзін музычны інструмент, які асвоіў Уладзімір Паўлавіч, калі праходзіў тэрміновую службу ў аркестры дывізіі, што дыслацыравалася ў Мар’інай Горцы. Пасля арміі ён прадоўжыў навучанне ў музвучылішчы, а затым -- у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе займаўся ў заслужанага артыста БССР Барыса Нічкова. Здольны студэнт паспяхова спалучаў вучобу з педагагічнай дзейнасцю ў родным вучылішчы. Гэтай установе Уладзімір Паўлавіч прысвяціў 27 гадоў, быў загадчыкам аддзялення духавых і ўдарных інструментаў. Многія яго выхаванцы сталі настаўнікамі, працуюць у калектывах Белдзяржфілармоніі, іграюць у складзе аркестраў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, радыё і тэлебачання.

Восьмы год Уладзімір Яцыновіч кіруе дзіцячай школай мастацтваў. Тут працуюць як вопытныя, так і маладыя педагогі. Дырэктар імкнецца быць прыкладам для іх у рабоце. Маладзечанская публіка ўжо добра знаёмая з творчасцю створаных ім калектываў «Бай блюз» і «Ad libitum» (дарэчы, яны маюць званне «народных»). Музыканты дастойна прадстаўляюць Маладзечаншчыну на творчых конкурсах, фестывалях. Васьмёра выхаванцаў Уладзіміра Паўлавіча адзначаліся Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У яго скарбонцы – граматы за поспехі ў рабоце ад раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А ў 2015 годзе У. Яцыновіч быў узнагароджаны нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

Нямногія ведаюць аб тым, што маладзечанец запісаў тры дыскі з нямецкімі арганістамі. Музыка габоя і аргана ў іх выкананні гучала ў час службы ў адной з евангельскіх цэркваў ля Гановера, якую трансліравалі па ўсім свеце.   

Для самога Уладзіміра Паўлавіча найлепшая ўзнагарода – поспехі вучняў і калег. Наогул, установа, якой ён кіруе, адна з самых вялікіх сярод аналагічных у вобласці. Новаўвядзенне гэтага года – школа ранняга развіцця для хлопчыкаў і дзяўчынак ад 3 да 6 гадоў. Такая форма навучання аказалася вельмі запатрабаванай.

-- Радуе, што сучасныя бацькі разумеюць, наколькі неабходная музыка ў выхаванні, прычым не важна, якой урэшце прафесіі аддасць перавагу дзіця. Мае дачка і сын таксама прайшлі праз музычную школу, хаця іх працоўная дзейнасць звязана з медыцынай і эканомікай, -- заўважае Уладзімір Паўлавіч. -- Музыка дапамагае больш глыбока і па-філасофску ставіцца да жыцця. Той, хто зразумеў гэта ў больш познім узросце, прыходзіць да нас на заняткі ў студыю, якая разлічана для дарослых.

Цяпер У. Яцыновіч імкнецца да таго, каб у школе мастацтваў можна было набыць не толькі пачатковую музычную, але і харэаграфічную адукацыю па розных кірунках – ад класічнага да сучаснага. Ужо зроблены пэўныя крокі да ажыццяўлення гэтай мэты. Два гады таму пры школе быў створаны калектыў мажарэтак.

 -- Спадзяюся, што ўдасца арганізаваць таксама дзіцячы тэатр і ставіць на яго сцэне мюзіклы, музычныя спектаклі. Марыць трэба маштабна! І незалежна ад узросту, -- гаворыць Уладзімір Паўлавіч.

 

Прочитано 1408 раз Последнее изменение 10.03.2017 14:24
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить