12.07.2019 16:25

«Тата выразаў з газеты літары і вучыў мяне чытаць»

Успамінае наша пастаянная падпісчыца з Маладзечна Софія Чапурок, якая захавала нумар раённай газеты за 1945 год.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации. "Маладзечанская газета"

— Гэта тое нямногае, што засталося на памяць пра майго тату Івана Феафілавіча Чапурка, жыхара вёскі Ермакі былога Хоўхлаўскага сельсавета, — гаворыць Софія Іванаўна.

Яна беражліва дастае з папкі пажоўклы, пацёрты на згібах адзіночны лісток фармату А3. Гэта сапраўдны музейны ці архіўны экспанат: 55-ы нумар папярэдніцы нашага выдання — газеты «Чырвоны сцяг» за 6 верасня 1945 года. Тады яна была друкаваным органам Маладзечанскага райкама КП(б) і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Падпісаны нумар адказным сакратаром Ф.Ф. Цемнікавым. Рэдакцыя знаходзілася па вуліцы Камуністычнай, 11. Можна было туды пазваніць: тэлефон праз горад (так напісана ў газеце) №48.

Уся першая паласа гэтага «баявога» лістка – зварот таварыша Сталіна да народа. А на адваротным баку – мясцовая інфармацыя. Тут і заметка, падпісаная старшынёй Раёўскага сельсавета Фурманавым (імя чамусьці не ўказвалася), і разважанні дэпутата вёскі Выверы Ганны Дылеўскай, і пісьмо селяніна з Вывераў Кісяля… Усе допісы – пра тое, як аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, уздымаць узровень жыцця народа. Якім бы палітызаваным ні было выданне, але ў ім праглядаюцца надзённыя клопаты, трывогі, спадзяванні простых людзей. Яны давяраюць газеце, лічаць яе сваёй трыбунай, спадзяюцца з яе дапамогай вырашыць набалелыя праблемы. І так было заўсёды…

— Як удалося вам захаваць такі рарытэт? – пытаюся ў Софіі Іванаўны.
— Мой тата цікавіўся палітыкай і пры кожнай магчымасці купляў свежыя газеты, прагна іх чытаў, тыя, што спадабаліся, адкладваў. Ён служыў яшчэ ў Царскай Арміі ў Пецярбургу, вывучыўся там медыцыне і быў ваенным медыкам. Вярнуўся дадому з куфэркам, у якім захоўваў свой «скарб». Разам з гэтым нумарам газеты я знайшла там татаў сшытак з апісаннем розных хвароб і рэцэптамі. Мне было ўсяго 12 гадоў, калі ён памёр у 1950 годзе. Здароўе меў слабае: фашысты паранілі яго ў першыя дні вайны, калі гналі вясковых жыхароў на расстрэл за тое, што ў сутычцы ля нашай вёскі савецкія салдаты шмат ворагаў пабілі. Тады і мяне малую мама на руках несла, цудам мы засталіся жывымі, а хаты нашы спалілі. Доўга мы жылі ў зямлянцы, па чужых кутах туліліся… Але нягледзячы на ўсе цяжкасці, тата выдатна падрыхтаваў мяне да школы. І, дарэчы, пры дапамозе газет, бо ніякіх кніг, а тым больш буквара, у нас не было. Тата выразаў з газетных загалоўкаў вялікія літары, наклейваў іх на больш тоўстую паперу, затым зноў выразаў. Так зрабіў для мяне алфавіт, вучыў па ім чытаць спачатку па складах, потым і словамі…

Цікавасць да газет, і найперш да «раёнкі», перадалася і Софіі. Пачала выпісваць яе, як толькі пасля Полацкага сельгастэхнікума прыехала працаваць аграномам у калгас «Сталінец» Гарадзілаўскага сельсавета. Была там камсамольскім сакратаром, праводзіла палітінфармацыі, і газета ёй у гэтым дапамагала. Там уступіла ў партыю, а неўзабаве ёй прапанавалі месца галоўнага агранома калгаса Кірава (цяпер ААТ «Селеўцы»). Доўгі час была партыйным лідарам гаспадаркі. За працоўныя поспехі яна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пра поспехі Софіі Чапурок неаднойчы расказвалася на старонках нашай газеты, якая ў тыя часы называлася «Святло камунізму». І ўвесь гэты час да нашых дзён Софія Іванаўна выпісвае «раёнку». Яшчэ больш, агітуе падпісвацца суседзяў, знаёмых.

— Дзякуючы газеце я заўсёды ў курсе ўсіх навін, ведаю, дзе што адбываецца, куды можна схадзіць, — дзеліцца чытачка. – Знаёмыя пытаюцца, адкуль я пра гэта даведалася, а я нязменна адказваю: «З «Маладзечанскай газеты»! І шчыра здзіўляюся, калі яе не выпісваюць. Так і кажу: «Як вы без яе жывяце?». Дзякуючы «маладзечанцы» я не адчуваю сябе адарванай ад жыцця. Уся наша сям’я яе чытае. Аднойчы завялі гутарку, якія прафесіі самыя паважаныя і складаныя. І вырашылі, што гэта прафесія журналіста, якому пастаянна трэба быць на вастрыні жыцця, унікаць у розныя праблемы, умець наладжваць стасункі з людзьмі. І пісаць пра гэта так, каб было цікава шырокаму колу чытачоў…

Пасля такіх слоў і такой ацэнкі ў нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, вырастаюць крылы за плячамі. Калі «раёнку» захоўваюць 74 гады як дарагую сямейную рэліквію і выпісваюць усё свядомае жыццё – значыць, праца мінулых і цяперашніх пакаленняў маладзечанскіх журналістаў недарэмная…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/radi-neskolkikh-strochek-v-gazete/item/4872-tata-vyraza-z-gazety-litary-i-vuchy-myane-chytats.html#sigProId19d3aa5e15
Прочитано 254 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить