10.06.2019 15:25

Мой галоўны герой – чалавек працы

Успаміны Аркадзч Жураўлёва, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, журналіста.

Здаецца, свежыя ў памяці кастрычніцкія сонечныя дні 1972 года. Юначая мара стаць студэнтам Гродзенскага педінстытута лопнула як паветраны шарык: мама гэтым часам ляжала ў Войстамскай бальніцы, а я быў на гаспадарцы, даглядаў малодшых брата з сястрою. Так лёс прывёў мяне ў Маладзечна ў ТВ-87 радыётэхнікі. Паколькі да слова меў душэўную цягу, праз колькі дзён наведаў раённую газету «Святло камунізму». Прынёс першую  заметку пра конкурс «Ану, хлопцы!». Загадчык аддзела пісьмаў Навум Жалязняк прачытаў і аднёс адказнаму сакратару Рыгору Філіповічу. З той пары я стаў пазаштатным карэспандэнтам маладзечанскай «раёнкі».

Наперадзе было багата падзей і цікавых людзей, што сустракаліся на шляху маладога рабочага на новым заводзе сілавых паўправадніковых вентыляў. Інструментальны цэх, дзе я тады працаваў, штодня даваў свежыя падзеі, рэкорды, факты. І я рупіўся, каб пра іх ведалі іншыя. На старонках газеты з’яўляліся ўсё новыя публікацыі: пра рабочага настаўніка Валянціна Жыткевіча, партыйнае і камсамольскае жыццё завода, лепшыя рабочыя і маладзёжныя брыгады… Мяне пачалі запрашаць на розныя пасяджэнні, сходы: моладзь «гарэла» новымі ідэямі. Усё ішло цікава.

І вось я атрымаў павестку ў ваенкамат. Два гады службы ў Паўночнай групе войскаў праляцелі хутка, тым больш што разам са службай ратнай ішла работа ваенкора.

У старшынскіх пагонах прыйшоў на журфак БДУ. Літаральна з першых дзён студэнцтва адрадзіў сувязі з многімі газетамі і часопісамі, а найперш — з маладзечанскай «раёнкай», тым больш што Н.Я. Жалязняк рэгулярна ў сваіх лістах паведамляў мне пра мясцовыя навіны, натхняў на вучобу. І я лічыў сваім абавязкам сябраваць з газетай.
Кожны год нараджаў сваіх герояў. На арэну выходзілі ўсё новыя перадавікі пяцігодак – слесары і зборшчыцы, токары і зваршчыкі, інжынеры і ліцейшчыкі. Гэта лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР К.П. Рак, В.Р. Юшкоў, М.С. Рубін, У.А. Маліноўскі, І.Я. Іванкевіч, Н.П. Палкіна, М.Я. Капорын, М.В. Зенчык, У.В. Гарбацэвіч… Я прывязаўся да рабочага калектыву на цэлых дваццаць гадоў.

Стараўся працаваць шчыра. Амаль у кожным нумары «Святла камунізму» быў матэрыял з завода СПВ.

У маім архіве захоўваюцца не толькі публікацыі той пары, але і Ганаровыя граматы газеты. Разам з В.А. Ляшковічам быў у ліку пераможцаў літаратурнага конкурсу «Кастрычнік у нашай біяграфіі» за нарыс «Абавязак камуніста». На пятнаццаць прэміяльных рублёў купіў сваім дзецям ладную бібліятэчку.

Дарэчы, пры падрыхтоўцы дыпломнай работы ва ўніверсітэце не меў аніякага клопату, бо тэма ляжала на паверхні: «Чалавек працы на старонках маладзечанскай раённай газеты «Святло камунізму» па матэрыялах уласных публікацый». Мэтр беларускай журналістыкі Барыс Стральцоў як кіраўнік кафедры ацаніў работу на «выдатна».

...Калі крочу па Цэнтральнай плошчы, заўсёды міжволі кідаю погляд на гасцініцу. Успамінаецца той час, калі напярэдадні 600-годдзя майго любімага горада «раёнка» праводзіла анкету. І я прапанаваў, каб на фасадзе будуемай гасцініцы быў гадзіннік. І  ён з’явіўся. Я ўсміхаюся і адначасова дзякую раённай газеце за веру ў моц  друкаванага слова.
Фота: архіў «МГ».

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/radi-neskolkikh-strochek-v-gazete/item/4681-moj-galo-ny-geroj-chalavek-pratsy.html#sigProId67535b57fc
Прочитано 252 раз Последнее изменение 10.06.2019 15:25
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить