22.06.2020 12:14

Чаму трэба з'ездзіць у Лоск

Ёсць у Беларусі населеныя пункты, у якія ўлюбляешся адразу. Куды хочацца вяртацца зноў і зноў. У якіх адчуваецца непарыўная сувязь часоў. Адным з іх з’яўляецца вёска Лоск у Валожынскім раёне.

Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса закрыты ўжо шмат гадоў. Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса закрыты ўжо шмат гадоў. "Маладзечанская газета".

Першае маё наведванне паселішча было звязана з работай – рыхтаваў матэрыял у газету пра крыніцу, што знаходзіцца ў гэтай вёсцы і лічыцца святой. Першага ўражання хапіла, каб праз кароткі час зноў сабрацца ў дарогу.

Аўтавандроўка праходзіла праз Палачаны, Беразінскае, станцыю Валожын. Шлях склаў 55 кіламетраў. Па дарозе любаваўся наваколлем — від з узвышша на даліну Бярэзіны казачны. На пад’ездзе да Лоска ёсць некалькі крутых пад’ёмаў. Ля самой вёскі знаходзіцца замчышча. Тут у XIV-XVIII стагоддзях стаяла крэпасць.

Калі будзеце на гэтым месцы, звярніце ўвагу на ўдалае размяшчэнне былога замка. З двух бакоў яго цячэ рэчка. Вышыня насыпу метраў 15-20. Каб абараніць цытадэль па ўсім контуры, нашы продкі дадаткова выкапалі роў. Яго месцазнаходжанне бачнае і цяпер.

Да брамы вяла адна дарога, якая мела выгляд серпанціну (па ёй турыстам і трэба паднімацца на пляцоўку). Такім чынам, пры штурме ворагі не маглі прымяніць сценабітныя прылады. Ды і проста падысці да замка было не так проста. Як сведчаць гісторыкі, у перыяд росквіту яго акружаў дзясятак трох’ярусных вежаў. Для ўзвядзення ўмацаванняў камяні звозілі з усёй акругі.

Вяршыня замчышча – выдатная глядзельная пляцоўка. Мясцовыя жыхары часта паднімаюцца сюды.

Некалькі дзясяткаў метраў па галоўнай вуліцы — і перад намі адкрываецца будынак касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса. Храм цалкам драўляны. Ён не дзейнічае ўжо шмат гадоў. Сцены і дах паступова разбураюцца. Аднак калі глядзіш на касцёл, дакранаешся да яго счарнелых сцен, адчуваеш нейкую жыватворную энергію — быццам святыня перадае сілу для супрацьстаяння ўсім
жыццёвым цяжкасцям. Пры гэтым сама яна памірае.

Такое вось чуллівае атрымліваецца развітанне са светам…

Як паведамілі мясцовыя жыхары, раней касцёл вянчала вежа. Яе разбурыла дрэва, якое ў час буры ўпала на храм. Пэўны час будынак выкарыстоўвалі пад склад. Цікава, што пры ўзвядзенні касцёла цвікі амаль не прымяняліся. Сцены вырубленыя спосабам «ластаўчын хвост», таму яны вельмі трывалыя.

Ля касцёла размясцілася плябань (дом ксяндза). Нядаўна яго выкупіла сям’я з Мінска. Маляўніча глядзіцца алея лістоўніц побач. Тут мастакі часта ладзяць пленэры.

— Мясцовыя краявіды натхняюць на творчасць, — прызналася мастачка Вольга Навіцкая, з якой мы пазнаёміліся ў Лоску. — Тут ёсць усё, чым можа ганарыцца Беларусь. Прыгожыя пейзажы, гістарычныя славутасці, душэўныя, працавітыя людзі. На гэтай зямлі ствараюцца сапраўдныя мастацкія шэдэўры.

Сапраўды, у вёсцы я сустракаў ветлівых, добразычлівых людзей. Яны заўсёды гатовы былі прыйсці на дапамогу, падказвалі, дзе знаходзіцца тая або іншая славутасць. У час падарожжа яшчэ раз пераканаўся, што менавіта ў такіх паселішчах, як Лоск, у поўнай меры захаваліся лепшыя рысы беларусаў.

Мясцовыя жыхары падказалі некалькі невядомых мне сцяжынак, па якіх можна прайсці да крыніцы. Выбраў тую, што ідзе ля царквы Святога Георгія. Пабудавалі гэты храм у 1856 годзе на высокім узгорку. Ён бачны практычна з любой кропкі населенага пункта.

За царквой знаходзіцца каменны крыж, высечаны з суцэльнага кавалка пароды. Такіх артэфактаў у Беларусі захавалася няшмат. Крыж ляжыць на каменным пастаменце. Побач — магіла святара.
Ад царквы да крыніцы вядзе акуратная дарожка. Ля вытоку абсталявана купель. Мясцовыя жыхары кажуць, што вада ў ёй цудадзейная. Калі акунацца з верай, можна пазбавіцца ад многіх хвароб. Вада ў купелі вельмі халодная, таму перад акунаннем разлічвайце свае сілы. Аднак тое, што яна цудоўна наталяе смагу, можа пераканацца кожны.

Па дарозе дамоў злавіў сябе на думцы, што і гэта маё падарожжа ў Лоск не апошняе. Нават спланаваў сабе бюджэтны маршрут на дзень. Акрамя Лоска ён уключыць Крэва і Залессе. Гэтыя населеныя пункты знаходзяцца даволі недалёка адзін ад аднаго. Чаму б у бліжэйшыя выхадныя вам, паважаныя чытачы, не скарыстаць гэту падказку?

Цікавыя факты пра Лоск:

Усяго ў Лоску тры вуліцы – Цэнтральная, Садовая і Зарэчная.

У сярэднія вякі Лоск быў фарпостам Полацкага княства.

Ян Кішка, адзін з гаспадароў паселішча, у 1570 годзе заснаваў у Лоскім замку друкарню. У ёй каля двух дзесяцігоддзяў працаваў асветнік-рэфарматар Сымон Будны.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра Лоск (Лошаск) адносіцца да XIV стагоддзя.

На тэрыторыі Лоскага замка знаходзіліся аж два палацы.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/puteshestviya/item/7091-chamu-treba-z-ezdzits-u-losk.html#sigProId8ff53c1b5f
Прочитано 1851 раз Последнее изменение 22.06.2020 12:14
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Маладзечна – Латыгаль — Вязынь

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить