25.05.2020 11:07

Эйфелева вежа пачакае. Час вывучаць свой край!

Новы, 2020 год Жанна Дудчанка, прафесійны экскурсавод з больш чым 30-гадовым стажам, сустракала ў Львове. Тады і падумаць не магла, што давядзецца надоўга развітацца з адным з любімых гарадоў.

Звычайна май вельмі насычаны на экскурсіі. У мінулыя гады Жанна Вітальеўна некалькі разоў за месяц вазіла групы ў Санкт-Пецярбург, Львоў, Маскву, іншыя гарады. Аднак сёлета эпідэміялагічная сітуацыя пазбавіла ўсіх нас магчымасці планаваць паездкі нават у блізкае замежжа. Але ж заўзятым турыстам уседзець дома цяжка. У якасці альтэрнатывы экскурсавод прапануе адкрываць цікавыя месцы ў сваім рэгіёне, глыбей унікнуць у яго гісторыю, абагаціць свой кругагляд.

Разам з сяброўкамі Ларысай Зайцавай, адміністратарам медыцынскага цэнтра «Салюс», і Аленай Мантуш, псіхолагам гімназіі №7, Жанна пяць гадоў таму адправілася ў першую аўтавандроўку па родным краі. З сакавіка гэтага года жанчыны паспелі праехаць па трох маршрутах, і ўсе яны ўкладваюцца ў формулу «Радыус – 100»: ад дома не больш за сто кіламетраў. Як звычайна, Ларыса — за рулём сваёй машыны, Жанна – за штурмана. Праўда, калі раней вандроўніцы любілі зайсці паабедаць ці папіць кавы ў кафэ, то цяпер перакус бяруць з сабой. Калі заходзяць у храмы, надзяваюць маскі і пальчаткі, антысептык таксама заўсёды пад рукой. У мінулыя гады жанчыны любілі пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, цяпер захоўваюць сацыяльнае дыстанцыраванне. Мы па-прасілі Жанну Дудчанка расказаць пра некаторыя маршруты, па якіх могуць адправіцца без рызыкі для здароўя іншыя аматары падарожжаў.

Маршрут на пару гадзін: чароўная Ганута

— Здавалася б, на блізкай да нас Вілейшчыне мы бачылі ўсё. Аднак нядаўна адкрылі для сябе яшчэ адно каларытнае месца – сядзібу Гануту ў вёсцы Ручыцы. У другой палове XVIII стагоддзя яна належала роду Агінскіх, — запрашае ў вандроўку мая субяседніца. – Рэспект Вілейскаму таварыству аховы помнікаў, намаганнямі якога ў такіх знакавых месцах пастаўлены змястоўныя інфармацыйныя стэнды! Уезд у сядзібу аформлены ў выглядзе брамы. Сама ж яна не захавалася, засталіся толькі рэшткі прыдарожнай капліцы і пейзажнага парку. У Ручыцы ёсць царква, раней у жніўні тут праходзілі вялікія фэсты. Назад мы вярталіся не па шашы, зрабілі круг па гравійцы, каб праехаць па маляўнічым беразе Нарачанкі. А яшчэ нас ўразі-ла вёска Шведы – заасфальтаваная, з сучаснымі прыгожымі дамамі.

Маршрут на паўдня: Крэва – Маліноўшчына

— Нам хацелася ўбачыць, як вядзецца рэстаўрацыя Крэў-скага замка, што знаходзіцца за 65 кіламетраў ад Маладзечна, — гаворыць экскурсавод. – Парадаваліся, калі ўбачылі, што закансерваваная Княжая вежа, адноўлена адна сцяна, прычым яе кладка такая, як была ў XIV стагоддзі. Дарэчы, гэта першы на Беларусі поўнасцю мураваны замак. Ён мае вялікае гістарычнае значэнне: менавіта тут у 1385 годзе была падпісана Крэўская унія аб саюзе паміж ВКЛ і Польшчай.
Непадалёк ад Крэва знаходзі-цца яшчэ адзін цікавы аб’ект – Свята-Увядзенскі жаночы манастыр у вёсцы Багушы. Маладзечанкі праехалі па брукаванцы гэтай вёскі, непадалёк ад якой у Першую сусветную ваяваў «Батальён смерці» пад кіраўніцтвам Марыі Бачкаровай. А па дарозе дадому заехалі ў Маліноўшчыну, дзе захаваліся рэшткі сядзібы паноў Свентаржэцкіх. На тэрыторыі завода «Аквадыў» знаходзіцца пірамідальная капліца-пахавальня (яе можна ўбачыць, калі падняцца на ўзгорак). Захаваліся і рэшткі некалі шыкоўнага пейзажнага парку, у ім – помнік-абеліск Міхаілу Свентаржэцкаму.

Маршрут на дзень: Даўгінава – Будслаў – Крывічы

— Перш чым расказаць пра Даўгінава, якое за 60 кіламетраў ад Маладзечна, хачу звярнуць увагу на незвычайны помнік зніклым вёскам, што размешчаны па дарозе з Вілейкі на Куранец.
Абавязкова ля яго затрымайцеся! – дае параду мая субяседніца. – Заслугоўвае ўвагі і 200-гадовы неагатычны касцёл у вёсцы Касцяневічы. А Даўгінава ведаюць як радзіму вядомага пісьменніка Змітрака Бядулі. Славіцца аграгарадок і сваім касцёлам святога Стані-слава 1853 года. Цікавы факт напісаў пра яго вядомы мінскі экскурсавод Анатолій Варава (ганаруся, што знаёмая з ім!) у сваім даведніку «Там, дзе пле-шчацца Нарач». У касцёле служыў ксёндз Каласантый Львовіч, які ўсе свае сродкі аддаў на яго будаўніцтва. Імя ксяндза прыгадвае Адам Міцкевіч у сваёй паэме «Дзяды». Ёсць у Даўгінаве і царква, брама ля якой – якраз як ля Лебедзеўскай царквы. За дзесяць кіламетраў – вёска Камена, адкуль больш за 160 гадоў таму пачаў сваю экспедыцыю па Віліі граф Канстанцін Тышкевіч. Акрамя таго, Камена вядомая адзіным на Беларусі валуном, які мае імя – Варацішын крыж. Праўда, ён знаходзіцца на сядзібе адных з гаспадароў, аднак убачыць яго можна.

Далейшы шлях маладзечанак скіроўваўся на Мядзельшчыну, у Будслаў, які ад Даўгінава за 20 кіламетраў. Будслаўскі касцёл адзін з трох каталіцкіх храмаў Беларусі, якія маюць тытул малой базілікі (падобныя ёсць у Гродне і Пінску). Цудатворная ікона Божай Маці Будслаўскай 1598 года каранаваная папскімі каронамі, такіх у нашай краіне ўсяго сем. Апісана шмат выпадкаў выздараўлення людзей дзякуючы гэтай іконе. У мінулым годзе Будслаўская пілігрымка атрымала статус нематэрыяльнай каштоўнасці ЮНЕСКА. Летам пакланіцца Будслаўскай Божай Маці прыходзіць да 40 тысяч паломнікаў. Аднак у нядзелю, калі сюды прыехалі Жанна, Ларыса і Алена, на службе было ўсяго чалавек 20. Касцёл вельмі вялікі і велічны. Не ўсе ведаюць, што тут захаваўся драўляны алтар XVII стагоддзя майстра Пятра Грамеля. Яго можна параўнаць з адчыненай каштоўнай скарбонкай, унутры якой знаходзяцца 20 скульптур… Ён разме-шчаны ў капліцы за сучасным алтаром, калі няма службы, туды можна прайсці.

Непадалёк ад касцёла знахо-дзіцца кафэ «Паўлінка», назва якога нагадвае пра тое, што ў Будславе нарадзілася і спачыла Паўліна Мядзёлка, першая выканаўца ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы. На доме, дзе яна жыла, ёсць мемарыяльная дошка.

Злева: гэта капліца ў Гануце захавалася з часоў князёў Агінскіх.  

Жанна Дудчанка, Ларыса Зайцава, Алена Мантуш ля мемарыяльнага комплексу ахвярам Першай сусветнай вайны на Вілейшчыне. 

У Крывічах, былым раённым цэнтры на Мядзельшчыне, знаходзяцца Траецкая царква 1887 года, касцёл трынітарыяў (былы манастыр). Тут цячэ маляўнічая рака Сэрвач. Па дарозе на Маладзечна нашы падарожніцы скіраваліся на Вязынь, прагуляліся па ліпавай алеі.

— Адзін вандроўнік некалі сказаў: «У кожнага сваё месца сілы, якое зараджае яго новай энергіяй, куды хочацца вяртацца зноў і зноў». Жадаю чытачам «МГ», каб у іх абавязкова было такое месца, а калі пакуль няма, неадкладна адпраўляйцеся на яго пошукі, — пажадала на развітанне экскурсавод.

Куды яшчэ можна паехаць?

Рэкамендацыі Жанны Дудчанка

1. Вёска Заброддзе Вілейскага раёна, дзе мастак і края-знавец Барыс Цітовіч стварыў музей Першай сусветнай вайны.
2. У вёсцы Войстам Смаргонскага раёна ёсць прыгожы касцёл Прасвятой Тройцы 1927 года, помнік архітэктуры ў стылі мадэрн.
3. У вёсцы Жодзішкі на Вілейшчыне можна ўбачыць касцёл, панскую сядзібу, будынак калегіума, часткова адноўлены вадзяны млын.
4. У Іўі на Гродзеншчыне ў савецкія часы знаходзілася адзіная мячэць, якая дзейнічала. Ля касцёла ёсць статуя Ісуса Хрыста — як у Рыа-дэ-Жанэйра, толькі меншая па памерах. У гэтым раёне ў вёсцы Жамыслаўль знаходзіцца палаца-паркавы комплекс сярэдзіны XIX стагоддзя, адзін з самых прыгожых у Беларусі.
Шмат цікавай інфармацыі пра вандроўкі па родным краі можна знайсці на сайце «Глобус Беларусі».

Фота: архіў Жанны ДУДЧАНКА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/puteshestviya/item/6918-ejfeleva-vezha-pachakae-chas-vyvuchats-svoj-kraj.html#sigProId68339d1732
Прочитано 240 раз Последнее изменение 25.05.2020 11:07
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить