23.03.2020 9:08

«МГ» на Дружнай выпісваюць дружна, і на Народнай народ чытае…

А дастаўляе нашу газету на гэтыя і іншыя вуліцы аграгарадка Лебедзева Наталля Шуляк, якая амаль 23 гады працуе на мясцовым аддзяленні паштовай сувязі. Па выніках падпіскі на «Маладзечанскую газету» на першы квартал Наталля Анатольеўна адна з лідараў сярод сваіх калег з усяго раёна. Сёння яна прыносіць наша выданне ў 94 сям’і.

Сярод газет, якія дастаўляюць вяскоўцам Наталля Шуляк і яе калегі Валерый Атошанка і Генадзій Рак,  «МГ» самая папулярная. Сярод газет, якія дастаўляюць вяскоўцам Наталля Шуляк і яе калегі Валерый Атошанка і Генадзій Рак, «МГ» самая папулярная. "Маладзечанская газета".

Штораніцы, акрамя нядзелі і панядзелка, Наталля Анатольеўна спяшаецца на аўтобус Ленкаўшчына — Маладзечна, каб своечасова дабрацца на работу ў Лебедзева з Маркава, дзе жыве яе сям’я.
— Лебедзеўскіх людзей ведаю лепш, чым маркаўскіх, бо я родам з гэтых мясцін, — пры-знаецца жанчына. – Нарадзілася ў Малой Боркаўшчыне, закончыла Лебедзеўскую школу. А мае бацькі Зінаіда і Анатолій Валадкевічы жывуць у Грудках. Праўда, цяпер я ім пошту не нашу, туды прыходзіць мотадастаўка.

Затое кожны дзень чакаюць паштальёна з добрымі весткамі жыхары аграгарадка з вуліц Крынічнай і Маладзёжнай, Садовай і Новай, Дружнай і Народнай. Дастаўляе яна пошту і на вуліцы Лугавую, Новую ў Асанава. І сапраўды пацвяр-джае, што на Дружнай на «МГ» найбольш падпісчыкаў. А яшчэ на Народнай, дзе ў пераважнай большасці жывуць работнікі аграфірмы «Лебедзева». Вельмі прыемна, што сельскія працаўнікі выпісваюць нашу газету!
З асаблівай цеплынёй і павагай паштальён расказвае пра тых, хто застаецца верным «раёнцы» на працягу доўгіх гадоў. Сярод іх Антаніна Раманоўская, якая ў сакавіку адзначыла сваё 90-годдзе, кавалер ордэнаў «Знак Пашаны» і Дружбы народаў, былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР сёлетняя 80-гадовая юбілярка Марыя Бажко, адзіны ў Лебедзеве ветэран Вялікай Айчыннай вайны Восіп Піліповіч. Адразу на паўгода заўсёды выпісвае нашу газету Аляксандр Калачык, адзін з пераможцаў віктарыны, прысвечанай
80-годдзю «МГ». І такіх чытачоў у Лебедзеве і яго наваколлі нямала. Таму па серадах і суботах сумка ў паштальёна асабліва цяжкая. Да таго ж састарэлыя вяскоўцы просяць прынесці што-небудзь з тавараў, бо цэны на некаторыя з іх – алей, муку, макароны — на пошце больш танныя, чым у магазіне. Цяпер вырас попыт на насенне, якое тут у вялікім асартыменце.

— Летам цукар дастаўляем, іншы раз адразу па дзесяць кілаграмаў, — падключаецца да нашай размовы Генадзій Рак.

Цікавы факт: разам з Наталляй Шуляк тут разносяць карэспандэнцыю мужчыны-паштальёны, што ў нашым раёне вялікая рэдкасць. Маладзечанец Генадзій Рак тры гады працуе ў аддзяленні. Год таму прыйшоў Валерый Атошанка, які жыве ў Мароськах і абслу-гоўвае сваю вёску. Раней ён працаваў кранаўшчыком у Мінску, надакучыла ездзіць, вось і ўладкаваўся на работу бліжэй да дома, развёў вялікую гаспадарку. Разам з жонкай ён выхоўвае чатырох сыноў.

— А ў вас вялікая сям’я? – пытаюся ў Наталлі Шуляк.

— Муж Сяргей працуе механі-затарам на сортавыпрабавальнай станцыі, сын Дзмітрый заканчвае Полацкі лесатэхнічны каледж, будзе майстрам-лесатэхнікам, праходзіў у нашым лясгасе практыку. А дачушка Софія сёлета пойдзе ў першы клас, — дзеліцца жанчына.
Яны з мужам, як і большасць вясковых жыхароў, трымаюць гаспадарку, садзяць соткі, каб мець усё сваё. Сумяшчаюць работу з клопатамі на сваёй сядзі-бе. Сумаваць няма калі, хоць бы паспець усюды.
— А ці хапае часу нашу газету прачытаць? – пытаюся ў паштальёна.

— Стараюся перагарнуць яе перад тым як выйсці на маршрут. Заўсёды цікава: а раптам там нашы людзі на фота, — гаворыць мая субяседніца. – А вечарам дома ўжо ў больш спакойнай абстаноўцы чытаю.
Прыемна, што Наталля Анатольеўна цікавіцца раённымі навінамі, не адстае ад падзей. А як інакш: паштальён у вёсцы пра ўсё павінен ведаць першым. Трэба ж марку трымаць!

— Прыязджайце на дзень падпісчыка, лебедзеўцы заўсёды адгукаюцца, чакаюць! – запрасіла нас на развітанне загадчыца паштовага аддзялення Таццяна Корсак і ўдакладніла, што сёння «МГ» атрымліваюць 223 мясцовыя жыхары.
Акрамя таго, суботнія нумары на пошце прадаюцца ў розніцу, і яны ніколі не залежваюцца. Значыць, попыт на газету ёсць. А мы, журналісты, заўсёды едзем у Лебедзева з радасцю, бо ведаем: будуць новыя тэмы, новыя сустрэчы, будзе пра што расказаць усяму раёну…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 330 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить