05.10.2018 8:08

Байкеры мінулага стагоддзя

— Які ж я байкер! Мы  і слова такога не ведалі, – не асацыіруе сябе з сучаснымі матацыклістамі мой тата Аляксандр Каранік, якому гэтым летам споўнілася 78 гадоў.


Між тым большасць мужчын у нашай вёсцы Няровы, што на Валожыншчыне, з 60-х гадоў мінулага стагоддзя ездзілі на «марцыклетах» (так называюць іх на мясцовым слэнгу). Машыны на той час ніхто не меў, дарагімі былі яны для простага люду, а вось матацыклы многія маглі сабе дазволіць. Тата стаў адным з першых, хто ў 1963-м набыў жалезнага каня, быў ён тады яшчэ халасцяком.  

— Як цяпер памятаю, у магазіне суседняй вёскі Сакаўшчына купіў у крэдыт «Каўроўца», — успамінае тата. — Быў ён ненадзейным, за чатыры гады чатыры калянвалы памяняў. Памятаю, у чарговы раз зламаўся, давялося ноччу мяняць, бо раніцай тэрмінова трэба было некуды адпраўляцца. У Вішнева ездзіў на курсы матацыклістаў, вёў іх Рычард Грыбоўскі. Месяц адвучыўся, у райцэнтры правы атрымаў. І ў іх між іншым ніводнай «дзіркі». Ніколі хутчэй за 70 кіламетраў за гадзіну не ездзіў, не тое што цяперашнія байкеры і за сто газуюць…

Дарэчы, у першыя гады ад матацыклістаў не патрабавалі, каб у час руху надзявалі шлемы, яны з’явіліся пазней. З 1963 года тата з’ездзіў восем «марцыклетаў». «Каўроўца» змяніла венгерская «Панонія» — вельмі надзейная і камфортная. На той час мой тата быў студэнтам-завочнікам Мінскага педінстытута. Летам на сесіі часта ездзіў на матацыкле, а ставіў яго, каб не ўкралі, прама на кухні ў інтэрнаце свайго сябра. Добра, што жыў той на першым паверсе. Шмат каму з аднавяскоўцаў прыгнаў ён з Мінска «Панонію», іх у нашай вёсцы быў цэлы парк. Каштаваў матацыкл каля 600 рублёў, у той час як настаўніцкая зарплата была 70-80. За сем гадоў тата наездзіў на сваёй «Паноніі» 78 тысяч кіламетраў.

На пад’ём быў вельмі лёгкі: часта з мамай ездзілі на яе радзіму на Смаргоншчыну. Аднойчы асеннімі канікуламі замест мамы тата ўзяў мяне. Калі выязджалі, было цёпла, а пакуль пабылі ў гасцях, ударыў мароз, выпаў сняжок. Нас апранулі ў кажухі, каб не змерзлі. Ехалі назад, нібы дзяды марозы, ледзь умясціліся на вузкім сядзенні.

Гук татавага матацыкла я навучылася пазнаваць з дзяцінства. Чамусьці ён адрозніваўся ад іншых, мы з мамай і сястрой чулі яго за кіламетр. Памятаю, засяджуся летам з сябрамі вечарам на лавачцы ля школы і раптам чую, як на супрацьлеглым канцы вёскі тата заводзіць матацыкл. Падхопліваюся, бягу насустрач і злуюся: чаму па іншых ніхто не ездзіць, а мне пара дадому…

Жыццё стала паляпшацца, зарплаты раслі, і ў таты з’явіўся матацыкл «Днепр МТ-10» з каляскай ажно за 1800 рублёў. Аднак быў ён не вельмі камфортным, і тата памяняўся са сваяком на «Іжа». Я ж любіла ездзіць у калясцы чырвонай чэшскай «Явы». Мне яна вельмі падабалася, а тату – не. Гаворыць, што была яна для яго занадта хуткаснай. Пасля яе пачалася эпоха «мінскіх», якая цягнецца і сёння. Аднаго з трох «мінскачоў» у таты ўкралі.

— Паехаў у Валожын, каб у гаспадарчым магазіне купіць дзесяць кілаграмаў цвікоў для школы. Як звычайна, матацыкл да слупа прыхіліў, шлем на ручку павесіў, ключ у замку пакінуў. Вяртаюся, не магу зразумець, куды мой матацыкл дзеўся. Нават падумаць не мог, што яго вось так сярод белага дня могуць украсці, — і цяпер недаўмявае тата.

Звярнуўся ў міліцыю, аднак так прапажу і не знайшлі. І ў свае 78 гадоў тата садзіцца за руль жалезнага каня. Безумоўна, у сталіцу даўно ўжо не ездзіць, ды і ў Валожын за 18 кіламетраў стаў выбірацца ўсё радзей. А вось па мястэчку, у магазіны, на рынак у суседнія вёскі выязджае. 22 гады таму тата атрымаў траўму, яму аднялі нагу. Але ад матацыкла не адмовіўся, наадварот, ён даў яму магчымасць не адчуваць сябе абмежаваным у руху. Як толькі прыстасаваўся хадзіць на пратэзе, сеў за руль. Цяжка было пратэзам пераключаць перадачы, таму прымацаваў вяроўку і пераключаў рукой. Многія знаёмыя дзівіліся, што Каранік пасля цяжкай траўмы па-ранейшаму на матацыкле. Але трэба ведаць характар майго таты: ён ніколі не мірыўся з абставінамі і быў упэўнены, што ўсё атрымаецца. На той час школу з нашай вёскі перанеслі ў суседнюю, ён нават зімой ездзіў на работу на матацыкле, для большай устойлівасці прымацаваў да яго апорныя калёсікі ад дзіцячага веласіпеда… Пры дапамозе жалезнага сябра вырашаў усе гаспадарчыя пытанні: і бульба з поля ў яго была ў час звезена, і агарод заараны...
Узрост бярэ сваё, усё радзей тата заводзіць старэнькага «мінскача». Але не-не ды і пачую яго пазнавальны з дзяцінства рокат. Цёпла і спакойна становіцца на душы: моцныя татавы рукі па-ранейшаму надзейна трымаюць руль, жыццё працягваецца…


Фота: сямейны архіў.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/perekrestki-zhizni/item/3379-bajkery-minulaga-stagoddzya.html#sigProIdffaff4571a
Прочитано 15123 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить