20.06.2018 14:05

Пра гарадскіх кароў і іх гаспадароў

Ёсць яшчэ людзі, якія трымаюць кароў, жывучы нават у рысе горада. Іх дзецям, унукам, праўнукам пашанцавала: яны ведаюць смак сырадою.

...З дзяцінства памятаю рытуал: падоіць бабуля раніцай карову — і нясе мне, соннай, вялікі кубак сырадою. Выпіваю яго з заплюшчанымі вачыма і далей сплю соладка, даглядаю крылаты сон…

Цяпер той кубак сырадою таксама здаецца далёкім сном. Даўно няма бабулі, пастарэлі бацькі, з таблеткай валідолу пад языком прадалі кароўку ў калгас. Сёння ў маёй вёсцы Няровы на Валожыншчыне ні ў адным двары не пачуеш такога звыклага раней мычання, звону струменяў малака ў дайніцы. А ў гады майго дзяцінства ў поле ганялі два статкі, раздзяліўшы двары напалову. І такі малюнак у многіх вёсках, дзе засталіся адны пенсіянеры. Ды і маладзейшыя не спяшаюцца заводзіць гаспадарку: клопатна, працаёмка, лепш у магазіне малака купіць…

Тым больш дзіўна, што на ўскрайку Маладзечна, у прыватным сектары па вуліцы Велікасельскай, ёсць рупліўцы, якія не рассталіся са сваімі рагулямі, кожны дзень ганяюць іх на пашу, нарыхтоўваюць сена на зіму. Іх дзецям, унукам, праўнукам пашанцавала: яны ведаюць смак сырадою.

Вячаславу Руткоўскаму 79 гадоў. Родам ён з вёскі Паляны Лебедзеўскага сельсавета. Больш за паўвека таму купілі з жонкай дом у Вялікім Сяле (раней Велікасельская была вёскай Цюрлёўскага сельсавета), добраўпарадкавалі. Амаль 40 гадоў Вячаслаў Дзмітрыевіч працаваў зваршчыкам у Райсельгастэхніцы, на пенсіі перайшоў на водаканал. Гаспадарка ў іх з жонкай раней была вялікая: па тры каровы трымалі. Штодня па 10-15 літраў малака здавалі ў калгас імя Прытыцкага. Мужчына і цяпер памятае, што малаказборшчыка звалі Іван Бондар. Сена нарыхтоўваць добраму зваршчыку было няцяжка: за яго залатыя рукі то ў адным калгасе выпішуць, то ў іншым.



За 50 гадоў рагуль змяніў нямала, расказвае, што раней ездзіў па іх у «сталіцу кароў» – вёску Гародзькі на Валожыншчыне. А сваю цяперашнюю Малютку чорна-белай масці выгадаваў з цялушкі. Сёлета аўдавеў Вячаслаў Дзмітрыевіч, аднак кароўку прадаваць не збіраецца. Ён і пры жонцы сам яе даіў, жывёла лепш яго слухалася.

— Яна разумная, на ласку адказвае ласкай, а калі сварыцца пачну, можа і ўбрыкнуць, — расказвае гаспадар, пагладжваючы сваю Малютку.

Усё ўмее Віктар Дзмітрыевіч: і тварог зробіць, і масла ў драўлянай бойцы саб’е. Трымае яшчэ парсючка і курэй – поўны камплект у гаспадарцы.

— Люблю я гэту справу, з дзяцінства да яе прывучаны. І прадукты дамашнія люблю. Штораз як карову падаю — літруху сырадою ўрэжу! – гаворыць мужчына.

Мо, таму і выглядае нашмат маладзейшым за свае гады? У гэтыя чэрвеньскія дні кожны дзень ідзе ў бок Ушы з касой. Каб зімой кароўка была сытай, трэба назапасіць шэсць вазоў сена – тры тоны. У асноўным сам накошвае, здараецца, што ўдаецца набыць рулон, які цяпер каштуе каля 50 рублёў. Дарэчы, цэняцца сёння і каровы: рагулю можна купіць за 1400-1500 долараў.

— А колькі ўсяго на Велікасельскай кароў? – пытаюся ў яшчэ адной гаспадыні Ганны Горбач.


— Адзінаццаць. А ў савецкі час іх колькасць даходзіла да сотні, — расказвае жанчына, прытрымліваючы сваю Красулю, каб не скіравала занадта хутка дадому. — Тады адна сям’я пасвіла раз у тры месяцы.
Цяпер велікасельцы таксама кааперуюцца, за месяц кожнай сям’і даводзіцца выходзіць на пашу два-тры разы. Выганяюць першы раз, як і ў даўніну, на Юр’я – 6 мая. Пасвяць з паловы восьмай раніцы да пяці вечара – можна сказаць, поўны рабочы дзень.

Ганна Віктараўна, як і Вячаслаў Дзмітрыевіч, шмат дзесяцігоддзяў жыве на Велікасельскай. Яна з Вілейшчыны, выйшла замуж за карэннага мясцовага жыхара Івана Горбача. Спачатку гаспадаркі ў іх не было, але калі з’явіліся сыны-пагодкі, маці Ганны падарыла ім цялушку: каб дзеці раслі на свойскім малацэ. З таго часу і павяліся ў гаспадарцы каровы, а на стале не пераводзяцца сырадой, смятанка, тварог. А масла Ганна Віктараўна прыстасавалася ўзбіваць прыборам, які муж зрабіў з дрыля: чатыры хвіліны — і гатова. Смак такі, што ніякае магазіннае з ім не параўнаеш. Дзеля гэтага і клапоціцца штодня пра сваю Красулю, пасвіць яе ўздоўж берагоў Ушы.

Паглядзіш здалёк на невялікі статак і падумаеш: што за працавітыя і руплівыя гэтыя людзі, якія на фоне гарадскіх шматпавярховак захавалі маленькі астравок спрадвечнага сялянскага жыцця…

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 23190 раз Последнее изменение 20.06.2018 14:05
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить