Последние новости

26.03.2018 18:57

Вадзіцель-дальнабойшчык з Маладзечна расказаў пра сваю работу

У месяц ён можа пабываць у дзесяці краінах, змяніць шматлікую колькасць часавых паясоў. За адзін тыдзень ён можна адчуць на сабе тэмпературу ад +15 да -40 градусаў. А яго прафесія ўваходзіць у спіс самых небяспечных прафесій свету. Якое яно, жыццё ў кабіне памерам 2 на 2 метры, даведаемся ад вадзіцеля-дальнабойшчыка з Маладзечна.

Вадзіцель-дальнабойшчык з Маладзечна расказаў пра сваю работу "Маладзечанская газета"


Збылася мара
Віталій Ушакоў марыў аб такой экстрэмальнай прафесіі яшчэ з дзяцінства. Родны дзядзька працаваў вадзіцелем, і калі заязджаў у госці з замежнымі пачастункамі і займальнымі гісторыямі, хлопцу вельмі хацелася такога ж лёсу. Спачатку ён развозіў грузы па Беларусі, адначасова вучыўся і здаваў экзамены на ўсе неабходныя для працы вадзіцельскія катэгорыі. А калі нарэшце пайшоў працаваць па прафесіі, аб якой так доўга марыў, рамантычны флёр быццам растварыўся і перад маладым чалавекам паўсталі паўсядзённыя рэаліі. Аказалася, што праца гэтая толькі для рашучых, моцных як фізічна, так і маральна, для тых, хто не баіцца цяжкасцей і гатовы рызыкаваць. Віталію пашанцавала – ён валодае менавіта такімі рысамі характару.

— Спачатку працаваць было крыху боязна,— дзеліцца вадзіцель. — Ехаць у іншыя краіны, калі не ведаеш мовы і часта не разумееш, чаго ад цябе хочуць, было нават няёмка. Даводзілася «размаўляць» з іншаземцамі жэстамі, але з часам важныя і найбольш ужывальныя словы і тэрміны запаміналіся. А вось і відавочныя плюсы няпростай прафесіі – узнікае вострае жаданне вывучаць мовы, даведацца як мага больш інфармацыі пра краіны, у якія трэба ехаць, а таксама з’яўляецца магчымасць сістэматычна практыкавацца ў моўных зносінах. Іншы раз трывогу адчуваў не толькі ад няведання мовы, звычаяў жыхароў іншых краін, але і ад абставін, якія ўзнікалі навокал. Часта, напрыклад, даводзілася быць сведкам жудасных аўтамабільных катастроф, іншы раз і мне цудам удавалася пазбегнуць сутыкненняў. Нярэдка даводзілася начаваць у чыстым полі, калі побач няма ні душы, і наадварот пасярод шумнай вуліцы, адкуль чуліся гоман і сваркі… Прывыкаеш да ўсяго. І, па праўдзе кажучы, з цягам часу ўсё цяжэй было трапіць у абставіны, якія вымусілі б згубіць раўнавагу.

Ежу гатуе сам
Спяць вадзіцелі міжнародных рэйсаў амаль што заўсёды ў кабіне. Кожны стараецца эканоміць і не плаціць грошы за начлег у гасцініцы. Фірма не прадугледжвае выплаты на гэтыя мэты, але аднойчы за некалькі гадоў працы Віталій правёў у расійскай гасцініцы больш за тыдзень – сур’ёзна зламаўся аўтамабіль і яго рамантавалі на станцыі.

Аднак, праводзячы тыдні і нават месяцы ў кабіне, вадзіцель не скардзіцца на ўмовы працы і адпачынку. У машыне ёсць ложак з артапедычным матрацам і нават газавая пліта з балонам. Карыстацца ёй можна на паркоўках у спецыяльна адведзеных для гэтага месцах. Балон захоўваецца ў металічным кантэйнеры, які мацуецца звонку. Для захоўвання прадуктаў харчавання ў кабіне ўстаноўлены невялічкі халадзільнік з маразільнікам.

— Ежу звычайна гатую сам, — дзеліцца Віталій. –  Канешне, выязджаючы з дому, жонка складвае ўжо прыгатаваныя стравы, якія мне трэба толькі разагрэць. Але халадзільнік невялікі, таму застаецца рабіць пакупкі па дарозе. Калі шлях трымаю на Еўропу, закупаюся прадуктамі ў Польшчы, там амаль напалову танней, чым у нас. Акрамя гатовых прадуктаў, купляю і сырое мяса. Калі ж еду ў Расію ці Казахстан, усе прадукты, асабліва мясныя, набываю ў Беларусі. Не скажу, што там даражэй, але смак аніякі і якасць таксама. У тым баку набываю ў крамах звычайна толькі ваду, хлеб і крупы з агароднінай.



У кафэ дальнабойшчыкі харчуюцца рэдка, тут ізноў іграе ролю эканомія. Але ў кожнага вадзіцеля ёсць свае любімыя месцы, дзе суадноснасць якасці і кошту задавальняе. Віталій кажа, што ведае некалькі такіх месцаў у Расіі і Казахстане, найбольш смачная кухня яму падаецца ў польскіх кафэ. А ў Еўропе паесці танна і смачна яму не ўдалося – там амаль што ўсюды фастфуд, а звычнае першае і другое толькі ў рэстаранах, і кошт там завоблачны.

Свечка супраць маразоў
За гады працы Віталій пабываў у розных краінах: Германіі, Францыі, Галандыі, Бельгіі, Швейцарыі, а таксама ў Расіі, Туркменістане і Казахстане. Несумненна, кожная з іх мае свае асаблівасці і нюансы, звязаныя з працай. Напрыклад, выконваць рэйсы ў Казахстан лічыцца сярод вадзіцеляў цяжкай работай. Зімой там вельмі холадна і тэхніка часта не вытрымлівае.

— Аднойчы ў час аднаго з рэйсаў тэмпература апусцілася да мінус сарака градусаў, — успамінае Віталій. — Замерзла дызельнае паліва, машына спынілася, і мне давялося начаваць у полі. Пры такім марозе са строю выйшаў і аўтаномны ацяпляльнік, ці як мы яго называем, «вебаста» (гэта прыбор, што падтрымлівае патрэбную тэмпературу ў кабіне). Навокал не было ні будынкаў, ні машын, ні людзей. Я баяўся замерзнуць. Апрануў на сябе ўсё адзенне, якое было ў кабіне. Перыядычна запальваў кампактную газавую пліту, якую заўсёды важу з сабой. Але ненадоўга, каб не атруціцца. Раніцай, калі развіднела, з дапамогай калег адрамантаваў ацяпляльнік. Вопытныя вадзіцелі параілі заўсёды вазіць з сабой свечкі, пажадана вялікія па дыяметры і даўжыні. Вядома, каб гарэлі даўжэй. Маўляў, пакуль у кабіне гарыць свечка, ніколі не замерзнеш. Але гэта таксама на крайні выпадак.

Летам жа там, наадварот, спякотна, а прыняць душ праблематычна. Аднак вадзіцелі стараюцца і тут адшукаць плюсы – дадому можна прывесці смачныя дыні і кавуны, духмяныя сухафрукты. Нягледзячы на цяжкія ўмовы надвор’я дальнабойшчыкі не адмаўляюцца ад паездак у Казахстан яшчэ і таму, што плацяць за рэйсы добра, бо машына праходзіць вялізны кіламетраж. А яшчэ ў гэтай краіне спецыфічная кухня – тут паспрабаваў незвычайныя для беларусаў, але паўсядзённыя для казахаў стравы, прыгатаваныя з мяса коней і вярблюдаў.

Адзін і без аховы
У Заходнюю Еўропу дальнабойшчыкі заўсёды едуць ахвотней. Па-першае, зусім іншы ўзровень жыцця. Ёсць дзе спыніцца, прыняць душ, пасціраць сваё адзенне – шматлікія стаянкі ўключаюць у сябе гэтыя паслугі, і часцей за ўсё яны бясплатныя. Па-другое, клімат у Заходняй Еўропе больш літасцівы, і такіх рэзкіх анамальна нізкіх ці высокіх тэмператур там няма. Па-трэцяе, можна набыць са скідкамі якасныя і патрэбныя тавары для дома. Але з наплывам эмігрантаў у Еўропу пачасціліся і выпадкі крадзяжу грузу з прычэпаў.

— Аднойчы я начаваў на стаянцы ў Гановеры (Германія), — расказвае дальнабойшчык. – Раніцай аглядаў машыну і ўбачыў, што тэнт парэзаны. Зламыснікі праніклі ў прычэп, але груз іх не зацікавіў, таму яны нічога не ўзялі. А вось калега стаў ахвярай новага метаду крадзяжу. Пакуль хлопец спаў, яму ў кабіну праз вентыляцыйную сістэму запусцілі атрутны газ, затым ускрылі замкі і выкралі ўсе каштоўныя рэчы – грошы, ноўтбук, нават ланцужок з крыжыкам і пярсцёнак. Вадзіцель потым тыдзень правёў у рэанімацыі, але ён задаволены, што застаўся жывым.

Самымі небяспечнымі для дальнабойшчыкаў Віталій лічыць расійскія гарады Чалябінск, Магнітагорск, Троіцк, Валгаград. Рэкеціры пад’язджаюць да вадзіцеляў на запраўках, на стаянках і патрабуюць заплаціць ім за тое, каб даехаць без перашкод. Пагражаюць парэзамі тэнту, шын, біццём фар і шкла ў вокнах, нават фізічнай расправай.

— Сумы яны называюць немаленькія і, безумоўна, нікому не хочацца аддаваць грошы, заробленыя сумленнай працай, — працягвае Віталій. – У маіх калег былі выпадкі, калі за адмову заплаціць бандыты парэзалі ўсе калёсы, пашкодзілі машыну. У маёй практыцы таксама была такая сустрэча, але мне пашчасціла, я схітрыў і з’ехаў. Калі ж вадзіцель вырашае заплаціць, яму прапаноўваюць набыць нешта накшталт абанемента, які дае права не плаціць у гэтым горадзе вызначаны тэрмін. У сувязі з гэтым тут пачалі працаваць так званыя групы хуткага рэагавання, якія аказваюць паслугі па суправаджэнні вадзіцеля і грузу. Дальнабойшчык можа скарыстацца такой паслугай, каб быць упэўненым у сваёй бяспецы. У гэтым выпадку ў кабіну да вадзіцеля садзіцца ахоўнік у форме і са зброяй, які павінен абараняць кліента ад бандытаў. Паслугі таксама платныя, але легальныя, што дае права быць упэўненым аб веданні ўлады дадзенага прававога безгранічча.

За тысячы кіламетраў ад радзімы
Каб зарабіць больш грошай, вадзіцелю-дальнабойшчыку трэба больш часу праводзіць за рулём. Існуюць вызначаныя рэгламенты, якія рэгулююць час працы і час адпачынку, але па словах Віталія, не ўсе вадзіцелі іх прытрымліваюцца. У Еўропе дальнабойшчык заплаціць вялікі штраф, калі не будзе прытрымлівацца рэжыму. А вось у Расіі на гэты конт правяраюць рэдка, у Казахстане не правяраюць наогул – няма патрэбнага абсталявання.

Вадзіцелям хочацца хутчэй даехаць да месца, таму за рулём яны нярэдка праводзяць суткі. Гэта прафесія аднімае шмат здароўя – сядзячая праца, язда ў начны час, парушэнні рэжыму сну…

— Але самае складанае ў маёй прафесіі тое, што я вымушаны знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад сваіх блізкіх і радні, – прызнаецца Віталій. – І хаця дзякуючы інтэрнэту, мабільнаму тэлефону мы штодня падтрымліваем сувязь, аднак я ўсё роўна вельмі сумую і хвалююся за іх. А знайсці альтэрнатыву працы з такой зарплатай у нашай краіне амаль немагчыма.

Алеся ЗАКРЭЎСКАЯ.
Фота: архіў Віталія УШАКОВА.

Прочитано 14237 раз Последнее изменение 26.03.2018 18:57
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить