07.02.2020 14:41

Вучні і педагогі маладзечанскай гімназіі №10 сустракалі кітайскі новы год

Тут вывучаюць кітайскую мову.

Вучні і педагогі маладзечанскай гімназіі №10 сустракалі кітайскі новы год "Маладзечанская газета"

У мясцовай гімназіі №10 перакананы: «хадзіць драконам» трэба ўмець! Тут па традыцыях Паднябеснай адзначалі кітайскі Новы год Чунь цзэ, што азначае свята вясны.

У гэтай установе, адной з нямногіх у вобласці, на працягу чатырох гадоў вывучаюць кітайскую мову і культуру. Цяпер заняткі наведваюць звыш ста хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі з «дзясятай» гімназіі, але і з іншых гарадскіх навучальных устаноў і Чысцінскай СШ.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з інстытутам Канфуцыя пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У гімназію прыязджаюць валанцёры з Паднябеснай. Другі год запар з дзецьмі займаецца малады чалавек Лю Бао, які закончыў Хайнаньскі ўніверсітэт трапічнага акіяна па спецыяльнасці «руская мова» і мае ступень бакалаўра. Дзякуючы яго карпатлівай рабоце вучні перамагаюць на раённых і абласных алімпіядах па кітайскай мове. Таксама нашы педагогі папулярызуюць культуру і традыцыі Паднябеснай на іншых уроках і пазакласных мерапрыемствах. А ў рамках Тыдня культуры Кітайскай рэспублікі мы другі год запар адзначаем Чунь цзэ — свята вясны, — зазначыла дырэктар гімназіі №10 Таццяна Камкова.

Тым часам у фае ўстановы пачуліся пералівы кітайскай музыкі. Гірлянды з кветак, фігуры драконаў, чырвоныя папяровыя ліхтарыкі, вееры, нават самы дробны элемент дэкору, як мае быць у Паднябеснай, меў свой сакральны сэнс. Усё гэта стварала святочную атмасферу, якую дапаўняў водар страў, прыгатаваных Лю Бао па народных рэцэптах яго краіны. Малады чалавек заўважае, што прыехаў з правінцыі Хэнань у Беларусь удасканальваць веды рускай мовы ўслед за сваімі суайчыннікамі, якія таксама тут працавалі ў якасці валанцёраў. Толькі пра наш горад іншаземец нічога не ведаў. Цяпер яму вельмі падабаюцца Маладзечна і мясцовыя жыхары, якія, на яго погляд, вызначаюцца дабрынёй і шчырасцю. Адаптаваўся Лю Бао і гатаваць кітайскія стравы з нашых прадуктаў.

Удзельнікаў і гасцей свята вясны асабліва ўразіў тушанымі курынымі лапамі. А пельмені ён раіў начыняць абавязкова свінінай з сельдэрэем.

У час мерапрыемства працавалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі. Напрыклад, можна было павучыцца мастацтву арыгамі, паўдзельнічаць у майстар-класе па карыстанні кітайскімі палачкамі, асвоіць розныя гульні, намаляваць вясёлы аквагрым… Нарэшце, унікнуць у мудрагелістую і загадкавую каліграфію. Дзесяцікласніца СШ №12 Паліна Караваева ахвотна пагадзілася напісаць для «МГ» іерогліфамі «солнце» і «весна», якія лічацца аднымі з галоўных сімвалаў Чунь цзэ. Школьніца даўно захопленая культурай і традыцыямі Паднябеснай і марыць звязаць свой прафесійны лёс з кітайскай медыцынай.

Кульмінацыяй свята стаў танец Дракона. Каб унесці вялізную міфічную істоту з паперы і тканіны 10-метровай даўжыні, пад яе покрывам спатрэбілася схавацца дзесяцярым вучням. Рухацца такім чынам амаль што ўсляпую вельмі не проста. «Хадзіць драконам» дзяцей навучыла харэограф Таццяна Галоўчыц. Шмат намаганняў у арганізацыю мерапрыемства ўклалі настаўніцы музыкі Наталля Паўлюшчык, Аксана Ганчарук і Алена Сербіна, якая выкладае выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Увогуле, да кітайскага Чунь цзэ рыхтавалася ўся гімназія. Прадчуванне беларускай вясны, што ўжо не за гарамі, стварае асаблівы настрой…

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

 

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/obrazovanie/item/6226-vuchni-i-pedagogi-maladzechanskaj-gimnazii-10-sustrakali-kitajski-novy-god.html#sigProId0c544e4e15
Прочитано 1227 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить