Последние новости

×

Внимание

There was a problem rendering your image gallery. Please make sure that the folder you are using in the Simple Image Gallery Pro plugin tags exists and contains valid image files. The plugin could not locate the folder: media/k2/galleries/6006

08.01.2020 9:16

Удзельнікі народнага ўніверсітэта па краязнаўстве пабывалі ў Нацыянальным гістарычным музеі

Народны ўніверсітэт па краязнаўстве -- сумесны праект раённага савета ветэранаў, рэдакцыі «Маладзечанскай газеты», Мінскага абласнога краязнаўчага музея.

З кастрычніка ў народным універсітэце для пенсіянераў раёна распачаты новы курс па краязнаўстве. Заняткі праходзяць кожную трэцюю сераду месяца. На мінулых у слухачоў універсітэта была магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Маладзечанскага раёна да XX стагоддзя, а таксама з экспазіцыяй ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Рэктар універсітэта Наталля Гайковіч прапанавала правесці снежаньскія заняткі ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь у Мінску, і слухачы яе падтрымалі. Актыўнасць нашых пенсіянераў, іх зацікаўленасць гісторыяй свайго краю не можа не радаваць, адзначае намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ніна Шарыпава, якая ўзяла на сябе частку арганізацыйных пытанняў. Суправаджала пенсіянераў супрацоўніца Мінскага абласнога краязнаўчага музея Лідзія Курыловіч, якая па дарозе расказала шмат цікавага пра населеныя пункты раёна, знакамітых землякоў, пазнаёміла з мікрараёнамі Мінска.

Нельга не адзначыць, што на экскурсію ў Нацыянальны гістарычны музей маладзечанцы ехалі з асаблівым настроем: дырэктарам гэтай установы працуе наш зямляк Павел Сапоцька. У свой час ён закончыў гімназію №7, затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Ён адзін з самых маладых кіраўнікоў музеяў краіны, быў прызначаны на гэту пасаду два гады таму, калі яму было 26. Да гэтага ўзначальваў мастацкую галерэю «Універсітэт культуры». Акрамя таго, Павел Міхайлавіч выкладае ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, з’яўляецца старшынёй праўлення Мінскага абласнога аддзялення Беларускага фонду культуры, займаецца грамадскай дзейнасцю. Як ён расказаў у час сустрэчы з землякамі, у 2020 годзе пачнецца будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея, які будзе знаходзіцца на праспекце Пераможцаў насупраць музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Павел Сапоцька.

У знак удзячнасці за цёплы прыём і магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй музея Наталля Гайковіч уручыла Паўлу Сапоцьку кнігу «Памяць. Маладзечна. Маладзечанскі раён», а таксама кнігу Клары Філіпавай «Жывым – помніць…» пра нашых землякоў — ветэранаў вайны. Дырэктар запэўніў, што гэтыя выданні зоймуць сваё месца ў фондах музея. У сваю чаргу, ён падарыў землякам важкі том, прысвечаны Нацыянальнаму гістарычнаму музею.

Супрацоўнікі музея Алена Кобзева і Яўгенія Ясько пазнаёмілі маладзечанцаў з экспазіцыяй. Тут знаходзіцца самая шматлікая музейная калекцыя ў Беларусі – больш за 470 тысяч адзінак. Сярод іх нямала ўнікальных экспанатаў, як, напрыклад, адзіная ў Беларусі драўляная фігурка мужчыны часоў каменнага веку, фібулы-брошкі жалезнага веку, знакамітыя слуцкія паясы. З цікавасцю разглядалі маладзечанцы багатую калекцыю скарбаў з розных куткоў Беларусі, наведалі выстаўку «Беларусь: адраджэнне духоўнасці», любаваліся калекцыяй твораў усходняга і заходнееўрапейскага мастацтва князёў Дандуковых-Корсакавых з маёнтка Раманава Аршанскага павета Магілёўскай губерні.

У Нацыянальным гістарычным музеі знаходзіцца ўнікальны скарб, знойдзены ў 1990-я гады ля вёскі Літва на Маладзечаншчыне. Яго ўмоўная назва «Пояс Вітаўта», агульная вага – 805,4 грама. Гэта паясны гарнітур XIV-XV стагоддзяў, які складаецца з 11 сярэбраных круглых пласцін, дэкарыраваных раслінным арнаментам, выявамі птушак і васіліскаў, а таксама спражка з наканечнікам. Гэты скарб унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Як скласці свой радавод?

З чаго пачынаць? Дзе шукаць звесткі пра сваіх продкаў? Пра гэта слухачам народнага ўніверсітэта па краязнаўстве расказаў кандыдат гістарычных навук супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Вадзім УРУБЛЕЎСКІ, сустрэча з якім адбылася ў сценах Нацыянальнага гістарычнага музея.

Навуковец 12 гадоў працуе ў архіве, спецыялізуецца на правядзенні генеалагічных даследаванняў. Акрамя таго, ён з’яўляецца аўтарам адзінага ў Беларусі адукацыйнага праекта «Школа практычнай генеалогіі». А гісторыю свайго ўласнага роду Вадзім Валер’евіч змог прасачыць ажно да XVII стагоддзя.

Вадзім УРУБЛЕЎСКІ.

Найперш распытайце бацькоў і дзядоў

Парада спецыяліста: пакуль жывыя бабулі і дзядулі, бацькі, іншыя старэйшыя ў вашай сям’і сваякі, распытайце ў іх падрабязна і абавязкова запішыце, як звалі вашых дзядоў і прадзедаў, даты іх нараджэння і смерці, дзе яны пахаваныя, кім і дзе працавалі, у якой мясцовасці жылі, да якой канфесіі належалі. Памылкі навічкоў заключаюцца ў тым, што яны не валодаюць такой інфармацыяй аб сваіх бліжэйшых сваяках, зазначае архівіст. Дакладныя даныя пра памерлых сваякоў можна прачытаць на іх надмагільных помніках, якія таксама з’яўляюцца крыніцамі інфармацыі.

— Пачынаць работу над сваім радаводам трэба са звестак па XX стагоддзі: з вывучэння сямейнага архіва, кнігі «Памяць» свайго раёна, з запытаў у занальны (абласны) архіў, — дае парады спецыяліст. – Пошукі гэтыя фундаментальныя, патрабуюць фінансавых укладанняў. Лягчэй імі займацца не аднаму, а са сваякамі.

У які архіў звяртацца?

Гэта залежыць ад месца жыхарства вашых прашчураў, зазначыў лектар. У Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску знаходзяцца дакументы з тэрыторый былых Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і часткова Віленскай губерняў Расійскай імперыі. Матэрыялы па тэрыторыях Гродзенскай і часткова Віленскай губерняў захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Гродне. Таксама часткова матэрыялы па Віленскай губерні могуць знаходзіцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве.

Самастойная праца ў чытальнай зале

— Ёсць два спосабы атрымання інфармацыі ў нашым архіве, — расказвае Вадзім Урублеўскі. – Першы – самастойная праца ў чытальнай зале. Жадаючых у нас вельмі шмат, раней месцаў не хапала, цяпер у дадатак да першай чытальнай залы створана другая. Каб туды трапіць, трэба па шаблоне, змешчаным на сайце niab.by, скласці заяўку, потым патэлефанаваць і ўдакладніць, калі можна прыехаць. У чытальнай зале пішацца ўжо сам план работы над сваім радаводам. Дапаможа вам кансультацыя высокакваліфікаванага спецыяліста архіва, які падкажа, у якім кірунку рухацца. Кансультацыя платная, каштуе 15 рублёў.

Можна звярнуцца да спецыялістаў

Архіў аказвае платныя паслугі па правядзенні генеалагічных даследаванняў. У студзені 2020-га архіў чарговы раз прымае да выканання генеалагічныя запыты, якія выконвае на працягу года. Як адзначыў выступоўца, раней заказчыкі маглі стаяць у чарзе і дзесяць гадоў, цяпер прынятыя запыты выконваюцца хутчэй. Лектар зазначыў, што за мінулы год ён склаў 15 радаводаў, хаця гэта далёка не адзіны кірунак яго працы.

Інфармацыю па складанні заяўкі можна знайсці на сайце архіва. Зразумела, паслуга гэта платная, пачатковы кошт складае 360 рублёў, у залежнасці ад аб’ёму знойдзенай інфармацыі ён можа павялічвацца да 1800 рублёў.

У архіве праводзіцца адлічбоўка матэрыялаў, захоўваюцца электронныя копіі на асабліва каштоўныя справы. Фатаграфаваць дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве не дазваляецца, але можна рабіць з іх выпіскі.

Супрацоўнік архіва прадэманстраваў слухачам копіі розных гістарычных дакументаў, даў канкрэтныя парады тым, хто пачаў ужо работу над складаннем свайго радавода.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

 

Галерея изображений

{gallery}6006{/gallery}
Прочитано 508 раз Последнее изменение 08.01.2020 9:16
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить