Последние новости

05.12.2016 14:00

У музеі ў Маладзечне захоўваецца 17 скарбаў

«Музейныя скарбы -- сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і Мінскага абласнога краязнаўчага музея, прысвечаны Году культуры.

У Мінскім абласных краязнаўчым музеі знаходзіцца нумізматычная калекцыя, якая з’яўляецца адной з самых вялікіх у фондах музея і налічвае 12 тысяч адзінак.

Гэта 17 скарбаў самых розных перыядаў — ад ІХ да пачатку ХХ стагоддзя. Яны былі знойдзены на тэрыторыі Мінскай вобласці, у тым ліку 8 з іх — непасрэдна на Маладзечаншчыне. Скарбы гэтыя самыя розныя — па часе, калі былі закапаныя, па колькасці манет і абставінах, што прымусілі гаспадароў схаваць накопленае, і, канешне, па гістарычнай і матэрыяльнай каштоўнасці.
Невядомае пра вядомае

— Амаль пра ўсе знаходкі паведамлялася ў прэсе, — гаворыць загадчык аддзела навукова-метадычнай работы абласнога краязнаўчага музея Сяргей Старыкевіч, які займаецца вывучэннем нумізматыкі. – Але хацелася б расказаць пра калекцыю больш падрабязна, да таго ж сталі вядомыя новыя факты.

Заўважым, што на працягу доўгіх гадоў Сяргей Віктаравіч пісаў даследчую працу, якая ў наступным годзе павінна «выліцца» ў кнігу пад назвай «Невядомае пра вядомае». Аўтар смела заяўляе, што ў ёй будуць змешчаны сенсацыйныя звесткі.

Хто схаваў грошы?
Самы знакаміты скарб, які захоўваецца ў фондах нашага музея, быў знойдзены летам 1971 года на сядзібе жыхаркі вёскі Мароські Лебедзеўскага сельсавета Вольгі Калачык. Жанчына капала яму пад склеп і на глыбіні каля метра наткнулася на гліняны гаршчок, у якім было 5768 старажытных манет. Агульная вага знаходкі была большая за чатыры кілаграмы. Вольга Іванаўна адразу звязалася з супрацоўнікамі музея і перадала скарб на вывучэнне і захоўванне.

— Гэта манеты XVI – сярэдзіны XVII стагоддзя. Па вызначэнні вядомага беларускага археолага, нумізмата, доктара гістарычных навук Валянціна Рабцэвіча, скарб уваходзіць у лік пяці самых буйных, якія былі знойдзены на тэрыторыі Беларусі на той час. Нездарма на вокладцы сваёй кнігі «О чем рассказывают монеты» ён змясціў фотаздымак манет з Маросек. Трэба сказаць, што гэта адзіны скарб з фондаў нашага музея, інфармацыя пра які ёсць у энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», — зазначае субяседнік.
Скарб з’яўляецца тыповым узорам грашовай гаспадаркі XVII стагоддзя на нашых землях, таму ў ім былі грошы розных дзяржаў — Рэчы Паспалітай (дынарый, двайны дынарый, тэрнарый, шэлег, грош, паўтараграшовік, трайны грош), Прусіі (білоны), Шведскай Прыбалтыкі (шылінгі) і Іспанскіх Нідэрландаў (талеры). Усё гэта гаворыць аб тым, што ў той далёкі час наша грашовая сістэма ўпісвалася ў еўрапейскую. Мясцовыя манеты былі ў абарачэнні і ў іншых дзяржавах, а замежныя «хадзілі» ў нас.

Відавочна, што ў скарбе пераважная колькасць шылінгаў, іх звыш чатырох з паловай тысячы. Чаканеныя яны на розных манетных дварах.
Самыя «маладыя» — чатыры шылінгі Карла Х Густава, вырабленыя на Рыжскім манетным двары. На іх пазначаны 1655 год. Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што гаршчок з манетамі быў закапаны прыкладна ў другой палове 50-х гадоў XVII стагоддзя, але не раней за 1655-ы. Засталося адзінае пытанне: што магло прымусіць гаспадара схаваць гэтыя зберажэнні ў зямлі?

— Тут не абысціся без экскурсу ў тагачасную гісторыю дзяржавы. Рэч Паспалітая моцна аслабела ў выніку нацыянальна-вызваленчай і антыфеадальнай вайны 1648-1651 гадоў на землях Украіны і Беларусі, — расказвае Сяргей Старыкевіч. — Гэта цяжкае становішча краіны скарыстала Расія. 11 лістапада 1653 года Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што аўтаматычна азначала вайну цара Аляксея Міхайлавіча з Рэччу Паспалітай. У маі 1654-га войскі расійскага цара пачалі ваенныя дзеянні. Армія на чале з ім рушыла ў бок Смаленска і далей на захад. Праз год пачалася другая ваенная кампанія, мэтай якой было заваяванне ўсёй тэрыторыі сучаснай Беларусі і сталіцы Вялікага Княства Літоўскага Вільні. Шлях расійскай групоўкі пад камандаваннем Чаркаскага і Залатарэнкі пралягаў праз Мінск, Маладзечна, Лебедзева, Ашмяны… На падставе гэтых звестак нам застаецца здагадвацца, што за некалькі дзён да ўзяцця сталіцы ВКЛ, калі непрыяцельскія войскі падыходзілі да Маросек, і быў схаваны скарб. Гэта магло адбыцца прыкладна ў дваццатых чыслах чэрвеня 1655 года.

Магчыма, скарб належаў гаспадару прыдарожнай карчмы. Падсілкаваўшыся ў ёй, падарожнікі часцей за ўсё разлічваліся дробнымі манетамі. На карысць гэтага гаворыць і той факт, што ў пасудзіне, у якой былі закапаны грошы, гатавалі або захоўвалі ежу.

Хаця каштоўная знаходка з Маросек у нашым краязнаўчым амаль 45 гадоў, на шырокую глядацкую аўдыторыю яна трапляла рэдка. Упершыню яе поўнасцю паказалі на выстаўцы «Скарбы музея» ў лютым 2000 года. Другі раз — на выстаўцы ў час адкрыцця новага будынка музея 10 лістапада 2006 года. Да гэтага экспанаваліся толькі асобныя манеты.

Папярэднія матэрыялы праекта "Музейныя скарбы".

Каштоўныя таямніцы зямлі
Вывучаючы скарб, можна атрымаць надзвычай вялікі
аб’ём рознай інфармацыі. Грошы раскажуць нам, як адбывалася станаўленне грашовай гаспадаркі ў краіне, пра сацыяльнае і эканамічнае развіццё, палітычныя пераўтварэнні, міжнародныя сувязі. Манеты са скарбу быццам фотафіксацыя мадэлі грашовага абарачэння эпохі, з якой яны прыйшлі да нас. Беларуская зямля з’яўляецца своеасаблівым «сейфам». Некаторыя яе так і называюць — «краіна скарбаў». Нехта з навукоўцаў падлічыў, што па іх колькасці на душу насельніцтва Беларусь неаспрэчна ў лідарах у Еўропе.
Самы вядомы беларускі даследчык у галіне нумізматыкі Валянцін Рабцэвіч у сваіх навуковых працах прыводзіць лічбы, што на тэрыторыі Беларусі толькі да канца ХХ стагоддзя было знойдзена звыш 1100 скарбаў. Рэкардсменамі па колькасці знаходак з’яўляюцца Віцебская, Магілёўская і Мінская вобласці.
Чаму так шмат у нас скарбаў, растлумачыць даволі проста. На тэрыторыі Беларусі праходзілі шматлікія войны, у час якіх насельніцтва давярала свае зберажэнні зямлі. Акрамя гэтага, праз нашу тэрыторыю пралягалі буйныя гандлёвыя шляхі. Маладзечна, як вядома, стаяла якраз на скрыжаванні дарог. Адсюль шляхі вялі на Вільню, Мінск, Дзісну, Гарадок, Крэва, Лагойск і іншыя населеныя пункты. Па гэтай прычыне наша зямля вельмі багатая на скарбы. Колькі іх было тут знойдзена за ўвесь час, цяпер ужо ніхто не скажа.

Фота ў якасці ілюстрацыі.

 

Прочитано 2070 раз Последнее изменение 05.12.2016 14:00
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: «Отъ товарищей и сослуживцев…» »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить