Последние новости

07.08.2017 14:20

Ад «тарашкевіцы» да «Камунаркі»

У музейныя фондах захоўваюцца матэрыялы, звязаныя з асобай беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, мовазнаўца, перакладчыка і публіцыста першай паловы ХХ стагоддзя Браніслава Тарашкевіча. Як вядома, яго жыццё і дзейнасць былі непарыўна звязаны з нашым краем, і, у прыватнасці, радашковіцкай зямлёй. Да гэтых дзён у гарадскім пасёлку захаваўся дом, дзе жыў змагар за сацыяльную справядлівасць і нацыянальна-вызваленчыя ідэалы.


Матэрыялы гэтыя ў Мінскі абласны краязнаўчы музей пачалі паступаць у 1962 годзе. Першым было партрэтнае фота Тарашкевіча ў арыгінале. Яго перадала ўдава Вера Ніжанкоўская.

— У 1963-м у фондах з’явіліся два асобнікі «Беларускай граматыкі для школ» у першай і чацвёртай рэдакцыі. Перадаў іх жыхар Вільнюса Іван Багдановіч. На жаль, больш ніякай інфармацыі ў музеі пра гэтага чалавека няма. Абедзве кнігі выдадзены ў Вільні пры жыцці Тарашкевіча: першая рэдакцыя з’явілася ў 1920 годзе (нават захавалася цана – 22 маркі), чацвёртая – у 1929-м, — зазначае намеснік дырэктара па навуковай часці абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец.

У «Беларускай граматыцы для школ» аўтар абагульніў і замацаваў пісьменныя традыцыі, якія склаліся да таго часу ў мастацкай, навукова-папулярнай, публіцыстычнай літаратуры і ў перыёдыцы. Таксама Тарашкевіч улічыў дасягненні тагачаснай лінгвістычнай навукі – даследаванні Аляксея Шахматава і Яфімія Карскага і вопыт папярэднікаў. Граматыка перавыдавалася шэсць разоў, самае вядомае выданне датавана 1929 годам. Дарэчы, тады аўтару было 37. Распрацаваная ім сістэма беларускага правапісу рэфармавалася ў 1933 годзе і да цяперашняга часу не рэабілітаваная. Па аналогіі з кірыліцай яе называюць «тарашкевіцай».

У 1968-м Вера Ніжанкоўская зноў перадала два сямейныя фота: на адным Тарашкевіч разам з сынам Радаславам, на другім – уся сям’я. Да таго ж удава аддала кашнэ з натуральнай віскозы і тры тканыя паясы, якія муж любіў насіць. Шалік – у палоску фіялетавага, бэжавага і чорнага колеру, паясы — з традыцыйнымі ўзорамі, і як новыя.
У 1977 годзе ў музейных фондах з’явілася даведка (надрукаваная на польскай мове) Міністэрства па справах рэлігій і народнай адукацыі ў Вільні аб назначэнні Тарашкевіча на пасаду дырэктара беларускай гімназіі (таксама ў Вільні) на 1922-1923 навучальныя гады. Датавана яна 4 жніўнем 22-га.

Разам з гэтым дакументам удава перадала і пісьмо, якое Тарашкевіч дасылаў з Гродзенскай турмы сваёй радні. На ім пазначана дата – 7 снежня 1931 год.

— У студзені 1927-га Тарашкевіча арыштавалі польскія ўлады і ў маі 1928-га асудзілі на 12 гадоў. У маі 1930 года яго датэрмінова вызвалілі. Ён пачаў актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Кампартыі ў польскі парламент, узначаліў пракамуністычны выбарчы камітэт Беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганьне». Жыў у Данцыгу (Гданьску). У лютым 1931-га Тарашкевіча зноў арыштавалі пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю з Данцыга ў Берлін. У лістападзе 1932-га яго асудзілі на 8 гадоў катаргі, — звяртаецца да гісторыі Наталля Палтавец.

Пісьмо Тарашкевіча з турмы надзвычай чуллівае. Напісана яно па-беларуску, але лацініцай і вельмі акуратна. Відавочна, што гэта ліст у адказ радні. Браніслаў заўважае, што вестка аб смерці бацькі была невыносна цяжкай для яго. Тарашкевіч просіць сваіх сясцёр і братоў слухацца і дапамагаць маці, якая цяпер у сям’і за галоўную, каб як мага больш прадоўжыць ёй жыццё...

У верасні 1933 года ў выніку абмену палітасуджанымі паміж Польшчай і СССР Тарашкевіч вярнуўся і жыў у Маскве. Працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце.
6 мая 1937-га яго арыштавалі па выдуманым абвінавачванні ў арганізацыі «Беларускага нацыяналістычнага цэнтра». 5 студзеня гэтага ж года прыгавораны да вышэйшай меры пакарання з адтэрміноўкай прыгавору на 10 месяцаў. 29 лістапада 1938-га расстраляны на палігоне «Камунарка» Маскоўскай вобласці. Рэабілітаваны 26 студзеня 1957 года.
Імем Браніслава Тарашкевіча названы вуліцы ў Маладзечне, гарадскім пасёлку Радашковічы і Мінску. Яго імя носіць ліцэй з беларускай мовай навучання ў польскім горадзе Бельск-Падляскі.


Фота: Аляксей ПЛАТКО і фонды МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/muzejnyya-skarby/item/1516-ad-tarashkevitsy-da-kamunarki.html#sigProIdaa3ebedab2
Прочитано 1679 раз Последнее изменение 07.08.2017 14:20
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « «Отъ товарищей и сослуживцев…»

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить