13.11.2017 10:53

Славутыя людзі Міншчыны

У цэнтральным рэгіёне нарадзіліся многія знакамітыя людзі, якія праславілі не толькі Міншчыну, але і ўсю Беларусь. Ёсць сярод іх дзеячы культуры, вучоныя, вынаходнікі, военачальнікі, касманаўты, спартсмены… Нагадаем толькі некалькі гучных імён.


Янка КУПАЛА (1882-1942 гг.). Класік беларускай літаратуры. Паэт, драматург, публіцыст, перакладчык. Нарадзіўся ў фальварку Вязынка Вілейскага павета (цяпер Маладзечанскі раён).
Помнікі Купалу ўстаноўлены ў Радашковічах, Мінску, Вязынцы, Ляўках, Араў-Парку ў Нью-Ёрку. У Мінску працуе Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Створаны мемарыяльныя запаведнікі «Вязынка», «Ляўкі», «Акопы». Яго імя прысвоена Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру ў Мінску, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, шэрагу бібліятэк, школ, вуліц у гарадах і пасёлках Беларусі. У 2012 годзе плошча імя Янкі Купалы з’явілася ў ізраільскім горадзе Ашдодзе, у 2015-м на гэтай плошчы быў устаноўлены памятны знак у гонар паэта.

Якуб КОЛАС (1882-1956 гг.). Выдатны літаратар, выступаў таксама ў галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. Нарадзіўся ў вёсцы Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне.
Яго імя нададзена Мінскаму паліграфічнаму камбінату, Інстытуту мовазнаўства НАН Рэспублікі Беларусь, Віцебскаму драматычнаму тэатру, Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Рэспублікі Беларусь, іншым бібліятэкам. У гонар Якуба Коласа названыя школы, плошчы, вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі. Помнікі паэту ўстаноўлены ў Мінску, у вёсцы Мікалаеўшчына, Навагрудку, іншых населеных пунктах рэспублікі.

Ніл ГІЛЕВІЧ (1931-2016 гг.). Беларускі паэт і грамадскі дзеяч, заслужаны дзеяч навукі БССР, народны паэт Беларусі. Нарадзіўся ў вёсцы Слабада паблізу Лагойска.
Ніл Гілевіч узнагароджаны ордэнамі Кірыла і Мяфодзія I ступені, Дружбы народаў, Працоўнага Чырвонага Сцяга, князя Яраслава Мудрага III ступені, медалём Францыска Скарыны. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, заслужаны дзеяч навукі БССР.

Алесь АДАМОВІЧ (1927-1994 гг.). Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў вёсцы Канюхі на Капыльшчыне.
Алесь Адамовіч быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны» і медалямі. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа.

Васіль ВІТКА (1911-1996 гг.). Беларускі паэт, перакладчык, крытык, публіцыст, педагог, класік беларускай дзіцячай літаратуры. Нарадзіўся ў вёсцы Еўлічы на Случчыне.
Вітка ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума -- «Знак Пашаны» і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР.

Уладзімір КАВАЛЁНАК (1942 г.н.). Касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці. Нарадзіўся ў вёсцы Белая Крупскага раёна.
Наш зямляк узнагароджаны ордэнамі Леніна, «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені, «За заслугі перад Айчынай», «За ваенныя заслугі», «За службу Радзіме» II ступені, залатым медалём імя Цыялкоўскага, ордэнам «Крыж Грунвальда» I ступені (герой Польшчы), ордэнам Карла Маркса (герой Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі).

Алег НАВІЦКІ (1971 г.н.). Расійскі касманаўт, камандзір касмічнага карабля «Саюз ТМА-06М», Герой Расіі. Нарадзіўся ў горадзе Чэрвені.
Алег Навіцкі ўзнагароджаны медалямі Міністэрства абароны Расіі: «За ўдзел у баявых дзеяннях», «За вайсковую доблесць» II ступені, «За адзнаку ў вайсковай службе» I, II і III ступеняў, «За службу ў Ваенна-паветраных сілах»; узнагароджаны гадзіннікам «За асабістую мужнасць»; мае званне «Ветэран баявых дзеянняў».

Міхаіл ВЫСОЦКІ (1928-2013 гг.). Выдатны вучоны і канструктар, пад кіраўніцтвам якога ствараліся лепшыя аўтамабілі МАЗ, на працягу дзесяцігоддзяў генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. Аўтар 134 вынаходстваў і 17 патэнтаў. Герой Беларусі. Нарадзіўся ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна.
Міхаіл Высоцкі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Леніна, ордэнамі Айчыны ІІ і ІІІ ступеняў. Яму прысуджаны Дзяржаўныя прэміі БССР і СССР, прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік прамысловасці СССР».

Леанард ХОДЗЬКА (1800-1871 гг.). Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец, асабісты сакратар Міхала Клеафаса Агінскага. Нарадзіўся ў вёсцы Аборак на Маладзечаншчыне.
Леанард Ходзька -- аўтар паэмы «Залессе», у якой услаўляў прыгажосць наваколля маёнтка аўтара паланэза «Развітанне з Радзімай». Наш зямляк выдаў зборнікі твораў Міцкевіча, Красінскага, мемуары Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы. Ходзька – аўтар біяграфіі Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы». Ён сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны.
Тамаш ЗАН (1825-1855 гг.). Удзельнік вызваленчага руху, даследчык прыроды, літаратар, музеязнавец, геолаг, даследчык прыродных багаццяў Урала. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, сябар Адама Міцкевіча. Нарадзіўся ў вёсцы Мясата ля Маладзечна.

Прочитано 2103 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Гісторыя Міншчыны Хто жыве на Міншчыне »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить