02.11.2017 14:26

Славутасці Міншчыны

Цэнтральны рэгіён Беларусі надзвычай цікавы для турыстаў. Госці, якія наведваюць Міншчыну, маюць магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі мясцовых жыхароў. Некаторыя славутасці вобласці вядомыя далёка за межамі рэспублікі. Нагадаем некаторыя з іх.

Нацыянальны гісторыка-культурны музейзапаведнік «Нясвіж»

Нясвіж — старажытны гарадок за сотню кіламетраў ад Мінска. Менавіта тут размешчаны цудоўны палацава-паркавы ансамбль са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА – рэзідэнцыя магутнай дынастыі Радзівілаў, а таксама іншыя ўнікальныя помнікі гісторыі і архітэктуры. Нясвіжскі касцёл Божага Цела – першы ва Усходняй Еўропе храм у стылі барока, дзе знаходзіцца фамільная крыпта Радзівілаў. Нясвіжская ратуша (самая старая з захаваных у Беларусі) пабудавана ў 1596 годзе. А Слуцкая брама – гэта наогул адзіныя захаваныя вароты, што ўваходзілі ў сістэму гарадскіх умацаванняў.

Дзяржаўны мемарыяльны комплекс «Хатынь»

Сімвал трагедыі і неверагоднай мужнасці беларускага народа, памяць пра кожнага трэцяга жыхара краіны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны… Беларуская вёсачка Хатынь вядомая на ўвесь свет. Тут 22 сакавіка 1943 года пакутніцкую смерць прынялі 149 жыхароў, у тым ліку старыя і 75 дзяцей. У памяць аб трагедыі Хатыні і соцень іншых знішчаных разам з людзьмі вёсак быў заснаваны мемарыял. З моманту адкрыцця ў 1969 годзе тут пабывала больш за 36 мільёнаў чалавек з розных куткоў свету.

Гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе»

У 2015 годзе Заслаўю (аднаму з самых старажытных гарадоў Беларусі) споўні-
лася 1030 гадоў. Музей-запаведнік размешчаны на больш чым сотні гектараў старажытнай часткі горада. На яго тэрыторыі знаходзяцца помнікі гісторыі і архітэктуры – гарадзішча Замэчак (X-XI стст.), курганныя могільнікі X-XI стст., гарадзішча Вал, Спаса-Праабражэнская царква (былы кальвінскі збор), касцёл XVIII стагоддзя і палацава-паркавы ансамбль…

Мемарыяльны комплекс «Курган Славы»

Комплекс заснаваны ў гонар вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У ваеннай аперацыі «Баграціён» – адной з найбуйнейшых у гісторыі чалавецтва – прымалі ўдзел чатыры франты пад камандаваннем праслаўленых палкаводцаў Ракасоўскага, Захарава, Чарняхоўскага і Баграмяна, а таксама маракі Дняпроўскай рачной флатыліі, французскія лётчыкі эскадрыллі «Нармандыя» і беларускія партызаны. Агульная вышыня манумента складае 70,6 метра. На вяршыні ўзгорка (35 метраў), які захоўвае зямлю з гарадоў-герояў, знаходзяцца чатыры штыкі-абеліскі, што сімвалізуюць братэрства воінаў, і кальцо Славы, на якім адлюстраваны твары салдат і партызан.

Гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна»

Цікавы ваенны музей пад адкрытым небам заснаваны ў гістарычных месцах Мінскага ўмацавальнага раёна – часткі знакамітай «Лініі Сталіна», пабудаванай у 1930-я гады ўздоўж граніцы СССР ад Карэліі да Чарнаморскага ўзбярэжжа. На тэрыторыі комплексу, дзе захаваліся сапраўдныя ДОТы, можна ўбачыць усе віды акопаў, траншэй і процітанкавых равоў, стралковыя пазіцыі, бліндажы для байцоў і акопы для гармат. Тут жа сабрана самая вялікая ў Беларусі экспазіцыя ваеннай тэхнікі, авіяцыі і зброя розных гадоў, пачынаючы з часоў Вялікай Айчыннай вайны, унікальная калекцыя бронекаўпакоў.

Палац у вёсцы Прылукі

Паводле легенды, палац у Прылуках з’явіўся на месцы праваслаўнага манастыра, які па невядомай прычыне разбурыўся ў 1740 годзе. Уладальнікамі сядзібы былі прадстаўнікі вядомых прозвішчаў: Агінскія, Іваноўскія, Горваты, Вішнявецкія. А ў 1871 годзе маёнтак, які вельмі пацярпеў ад пажару, купіў вядомы граф Эмерык Гутэн-Чапскі – уплывовы міністр пры двары імператара Аляксандра II, заўзяты калекцыянер манет і медалёў, тонкі аматар мастацтва. Пры ім цудоўны неагатычны палац стаў ся-
дзібай муз для кампазітараў, музыкантаў, мастакоў…

Музей старажытных народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі»

Адзін з самых папулярных этнаграфічных музеяў Беларусі знаходзіцца ў наваколлі вёскі Дудзічы, якой на працягу 130 гадоў валодаў славуты род Ельскіх. У канцы 1990-х на аснове багатай гісторыі тутэйшых мясцін быў створаны ўнікальны комплекс, які расказвае аб жыцці беларускага маёнтка ХIХ стагоддзя. У «Дудутках» адкрыты этнаграфічная галерэя і вялікі рамесны двор, драўляная царква Іаана Прарока, ветраны млын і пякарня, бровар і сыраварня… Тут можна пазнаёміцца з тайнамі старажытных рамёстваў, адчуць хараство народных абрадаў і свят, пакаштаваць сапраўдны свежаспечаны беларускі хлеб…

Прочитано 910 раз
Соб. инф.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Гимн Минской области Гісторыя Міншчыны »

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить