08.04.2020 14:28

Мінскі аблдрамтэатр запрасіў на прэм’еру спектакля «Фокусы жыцця»

У Мінскім абласным драматычным тэатры – прэм’ера. Новая рэжысёрская работа Дзяніса Нупрэйчыка носіць назву «Фокусы жыцця». Пастаўлены спектакль па матывах п’есы вядомага амерыканскага прадзюсара, кінарэжысёра і акцёра Вудзі Алена «Парящая лампочка».

Гісторыя адбываецца ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў амерыканскай сям’і Полак, якая жыве ў Нью-Ёрку. Кожны дзень Энід Полак, маці дваіх дзяцей-падлеткаў, напоўнены сваркамі, непаразуменнем, раздражнёнасцю. Жанчына з усіх сіл цягне лямку, але не можа кантраляваць сітуацыю. Яе муж, які перажывае крызіс сярэдняга ўзросту, не можа пахваліцца стабільным заробкам афіцыянта. Ён марыць выйграць вялікія грошы ў латарэю і збегчы як мага далей. Сын і дачка растуць без станоўчага прыкладу і памкнення да высокіх ідэалаў.

— Жыццё нам падкідвае самыя розныя фокусы. Важна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам, не ісці на здзелку з сумленнем, — гаворыць Дзяніс Нупрэйчык, які і даў назву спектаклю.

Як часта здаецца: вось яно — шчасце, зусім побач. Бяры яго, радуйся, атрымлівай асалоду! І нічога асаблівага ад цябе не патрабуецца. Толькі дробязь… ахвяраваць спакоем і шчасцем блізкіх, здрадзіць ім, змяніўшы надакучлівую жонку на сімпатычную юную палюбоўніцу. З ёю лёгка і бесклапотна. З ёю адчуваеш сябе нашмат больш маладым. Але ж расплата, як правіла, не прымушае сябе доўга чакаць. Пакуль у сям’і Полак яшчэ толькі першыя званочкі – свавольства дачкі і адасобленасць ад людзей сына Пола.
Пол стараецца схавацца ад усяго свету. Ён марыць стаць фокуснікам, пастаянна рэпеціруе, але для здзяйснення мары патрэбен цуд. Вобраз героя яскрава ўвасобіў Павел Святоха. Малады акцёр не толькі перадаў характэрныя асаблівасці дзівакаватага Пола, але нават асвоіў элементы цыркавога мастацтва. У гэтым яму дапамог запрошаны з Мінска кансультант па фокусах. Убачаць гледачы на сцэне Алега Чэчанева, Ірыну Камышаву, Сяргея Карзея, Аляксандру Грасевіч, Кацярыну Шчэрбач.

Мы маем магчымасць сачыць за перыпетыямі чужых лёсаў і нешта важнае адкрываць для сябе. А яшчэ ўпэўніцца, што нават у самай складанай сітуацыі ёсць нагода... усміхнуцца жыццю. Невыпадкова ў размове з рэжысёрам прыгадала выказванне Вудзі Алена пра тое, што трагедыя — гэта камедыя, толькі праз некаторы час. Дарэчы, Дзяніс Нупрэйчык, пазначыўшы спачатку пастаноўку як «фарс», не выключае, што яна можа жанрава трансфармавацца.

Сваё слова пра прэм’еру яшчэ скажуць тэатральныя крытыкі. Асабіста я паглядзела спектакль з задавальненнем. Ёсць падставы меркаваць, што ён будзе цікавы людзям рознага ўзросту і жыццёвых поглядаў, падкажа тэмы для разважання. Сюжэт інтрыгуе і не расчароў-
вае фіналам.

Рэжысёр і цяпер застаецца верным пазітыўнаму погляду – абавязкова пакідаць праменьчык святла ў цёмным царстве.

— Без надзеі на лепшае траціцца ўсялякі сэнс жыцця, — гаворыць Дзяніс Нупрэйчык.

Гледачам няма падстаў яму не давяраць, як і аўтару п’есы, якая ў многім аўтабіяграфічная. У свой час Вудзі Ален заўважаў: «Шчасце – гэта талент цаніць тое, што ў цябе ёсць, а не тое, чаго няма».

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.

 

Прочитано 972 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить