17.01.2020 12:37

Маладзечанскі раён у лічбах і фактах

Да 80-годдзя Маладзечанскага раёна.

Маладзечанскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года.

Размешчаны раён на паўночным захадзе Мінскай вобласці, мяжуе з Валожынскім, Вілейскім, Мінскім і Смаргонскім раёнамі. Семдзесят пяць працэнтаў тэрыторыі Маладзечаншчыны знаходзіцца на Мінскім узвышшы.

Плошча Маладзечаншчыны – 1392 квадратныя кіламетры. У раёне жыве каля 136 тысяч чалавек, шчыльнасць насельніцтва – прыкладна 98 чалавек на кіламетр квадратны.

У перыяд з 1940-га па 1960 год раён уваходзіў у склад Вілейскай вобласці (у 1944 го-
дзе вобласць была перайменаваная ў Маладзечанскую).

Летась у раёне працавала 37 прадпрыемстваў асноўнай прамысловай групы. У прамысловасці было занята больш за 11 тысяч чалавек.

Аграрная галіна Маладзечаншчыны спецыялізуецца на вырошчванні лёну, бульбы, рапсу, збожжавых, цукровых буракоў, а таксама жывёлагадоўлі малочнага і мяснога напрамкаў.

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь унесена 26 аб’ектаў на тэрыторыі Маладзечанскага раёна, у тым ліку 11 помнікаў археалогіі, 7 помнікаў гісторыі, 7 помнікаў архітэктуры.

Дзяржавай ахоўваюцца 293 помнікі гісторыі і культуры, якія размешчаны на тэрыторыі раёна (158 помнікаў гісторыі, 58 мемарыяльных дошак у памяць аб падзеях і вядомых людзях, 47 помнікаў архітэктуры, 23 помнікі археалогіі, 7 сядзібна-паркавых помнікаў).

Па тэрыторыі раёна праходзіць 21 турысцка-экскурсійны маршрут: «Маладзечанская мазаіка», «Па родным краі», «На радзіму Янкі Купалы», «Яхімоўшчынскія пейзажы», «У фальварак Ракуцёўшчына», «Экалагічная сцежка» і інш. Зарэгістраваныя і дзейнічаюць 26 аграсядзіб.

Цэнтр раёна, горад Маладзечна, з поўным правам лічаць культурным цэнтрам Міншчыны. Тут працуюць 26 устаноў культуры і мастацтва, у тым ліку Палац культуры, Мінскі абласны краязнаўчы музей, Мінскі абласны драматычны тэатр, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка», музычны каледж імя М.К. Агінскага.

У раёне працякаюць рэкі Уша, Вілія, Бярэзіна. Праз раён праходзіць частка Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. У двух напрамках раён перасякаюць чыгункі: Мінск — Вільнюс (заходні кірунак) і Полацк — Ліда (паўднёвы кірунак), праходзяць аўтадарогі на Мінск, Вільнюс, Вілейку, Валожын.

Падрыхтаваў Алег БЯГАНСКІ.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 208 раз
Отдел информации.

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить