19.07.2019 16:15

«Погляд у мінулае» фотамайстра Аляксандра Салагуба

Яго здымкі -- гэта само жыццё.

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации.

У Палацы культуры Маладзечна адкрылася персанальная выстаўка «Погляд у мінулае» аднаго з найстарэйшых фотааматараў горада Аляксандра Салагуба.

— Скажыце, магчыма, шмат гадоў таму вы фатаграфавалі дзяўчынку з «двухпавярховым» грыбам, у якім з шапкі расце яшчэ адзін? – у час падрыхтоўкі да выстаўкі да Аляксандра Салагуба падышла Аксана Юркевіч, якая працуе дзяжурнай па паверсе ў Палацы культуры.

— Здымаў! На выстаўцы ёсць такое фота! – сказаў фотааматар.

— А я тая дзяўчынка! Я даўно марыла ўбачыць чалавека, які мяне фатаграфаваў! Вось мы і пазнаёміліся праз сорак гадоў! – не ўтойвала эмоцый жанчына.

Гэта знаёмства адбылося год таму ў час папярэдняй выстаўкі. Аксана Леанідаўна была і на адкрыцці цяперашняй, дзясятай па ліку, на якой аўтар прадставіў больш за паўсотні чорна-белых фотаэцюдаў, зробленых у 60-70-я гады мінулага стагоддзя. І сапраўды, дзеці, якіх здымаў Аляксандр Аляксандравіч, даўно ўжо сталі дарослымі.

— Мой тата Леанід Цімафеевіч быў заўзятым грыбніком, у вілейскіх лясах знайшоў незвычайны грыб, папрасіў прыяцеля Аляксандра Салагуба мяне сфатаграфаваць. У нашым сямейным альбоме ёсць такі здымак, — расказвае яго гераіня. – Я вельмі ўдзячная аўтару за яго.

Аксана Юркевіч.

 

І такіх удзячных наведвальнікаў выстаўкі было нямала.

— Мая жонка Інеса працавала разам з Аляксандрам Аляксандравічам на станказаводзе. У нашым сямейным альбоме шмат яго здымкаў. Ён вяселле наша здымаў, дзяцей. Гэта вельмі добры, шчыры, цікавы чалавек, які ніколі не спыняецца і не губляе цікавасці да жыцця, — гаворыць Юрый Сіцько.

…Сынок Саша дзьме на дзьмухавец ці прымярае бацькавы басаножкі. Дзяўчаты, размораныя пад сочынскім сонцам, адпачываюць на лаўках. Музыкант, поўны натхнення, так дзьме ў свой саксафон, што, здаецца, чуеш мелодыю. Работніца зверагаспадаркі з норкай на руках (яна ручная, яе звалі Мурзілка, успамінае аўтар). Маршчыністы твар пажылога нарачанца з сівой барадой. Матуля, якая прыціскае да грудзей сваё дзіцятка. Яшчэ маладыя, бадзёрыя ветэраны вайны ў пераможным маршы па вуліцах Маладзечна… Кожнае фота – шэдэўр, які абуджае пачуцці і эмоцыі, выклікае настальгію па тых часах, калі дрэвы былі вялікімі, а грыбы двухпавярховымі.

Фотааматар расказвае, што здымаць навучыўся ў свайго таты, які да вайны паехаў працаваць шахцёрам на поўдзень Францыі ў горад Алес, дзе і нарадзіўся Аляксандр. Аднойчы на кірмашы тата выйграў у латарэю фотаапарат «Кодак», сын і цяпер захоўвае аб’ектыў ад яго. Пасля Вялікай Айчыннай сям’я Салагубаў вярнулася ў Савецкі Саюз. Не ўсё аказалася так цудоўна, як абяцалі, аднак назад дарогі не было.

Аляксандр Салагуб.

Шмаг гадоў сябраваў з газетай

Каб пракарміць сям’ю, Салагуб-старэйшы падаўся на шахты Данбаса, там пазней працаваў і сын (гэтай тэме ён прысвяціў асобную выстаўку, якую дэманстраваў нават у Францыі). А пасля пераезду ў Маладзечна Аляксандр шмат гадоў аддаў станказаводу, быў слесарам, шліфавальшчыкам, зборшчыкам. Аднойчы на прадпрыемства прыйшоў Міхаіл Асаевіч, фотакарэспандэнт нашай газеты, якая на той час называлася «Святло камунізму». Салагуб паказаў яму свае здымкі. Ён пахваліў, папрасіў дапамагаць, прыносіць у рэдакцыю партрэты рабочых, моманты заводскіх будняў. Каб удасканаліць майстэрства, Салагуб пайшоў на заняткі клуба фотааматараў «Гарызонт», які ў гарадскім Доме культуры вёў Аляксей Фяцісаў, яшчэ адзін мэтр фотамастацтва, пазаштатны фотакарэспандэнт нашай газеты. Аляксей Кузьміч вучыў сваіх дарослых вучняў па-мастацку глядзець на свет, умець здзіўляцца, лавіць імгненні жыцця, настрой, эмоцыі… У Салагуба гэта атрымалася, аб чым сведчыць яго выстаўка, якая будзе працаваць да канца лета.

На адкрыццё прыйшло шмат людзей – сябры, суседзі, фотамайстры, мастакі, журналісты. Віноўнік урачыстасці ўсіх сустракаў сваёй шчырай усмешкай і нязменным «Бонжур!». Вядучая мерапрыемства Ганна Рухадзэ прадставіла аўтара. Салістка тэатра песні «Мерыдыян» Яна Даўбенка падарыла прыгожую песню. Кіраўнік духоўна-патрыятычнага аб’яднання «Светач» Ларыса Сысун прысвяціла яму верш.
Прыемна, што на мерапрыемстве сабраліся тры галоўныя рэдактары нашай газеты – Аляксандр Хазянін, Аляксандр Лазоўскі, Віталій Крупянькоў, якія шчыра дзякавалі Аляксандру Салагубу за плённае супрацоўніцтва на працягу дзесяцігоддзяў.

— На вашых здымках няма ніводнай няшчырай усмешкі, ніводнай скажонай рысы. На іх усё жывое, сапраўднае. Вашы фатаграфіі — сама гісторыя, само жыццё! — слушна зазначыў Аляксандр Лазоўскі.

Выстаўка «Погляд у мінулае» прысвечана Году малой радзімы.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.mgazeta.by/kultura/item/4910-poglyad-u-minulae-fatografa-alyaksandra-salaguba.html#sigProId76475a309d
Прочитано 485 раз Последнее изменение 19.07.2019 16:15
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить