Маладзечанская газета

Saturday, Sep 04th

Сайт обновлен09:18:28 AM GMT

Вы находитесь: Экономика Чем живешь, предприятие? Сустрэнемся ў «Світанку»

Сустрэнемся ў «Світанку»

E-mail Печать

Не сакрэт, што людзей можна ўмоўна падзяліць на тых, хто любіць хадзіць па магазінах, і тых, хто аддае перавагу іншым заняткам. Першыя нярэдка называюць такія паходы «шопінгам». Цяпер ёсць  з чаго выбраць, у нашых магазінах тавару не менш, чым у замежных супермаркетах. А ў працэсе названага замежным словам паходу можна купіць менавіта сваё, беларускае. У той час як прыгажуны-манекены маўкліва дэманструюць мадэлі адзення, прадаўцы – своеасаблівыя  «гіды» — і параду дадуць, і прапануюць, і абслужаць…
Невыпадкова перад прафесійным святам мы сустрэліся з Ліліяй Казіміраўнай Сіцько — намеснікам дырэктара фірменнага магазіна №4 ААТ «Світанак». Зусім хутка, 1 жніўня, яна будзе святкаваць адметную дату — 35 гадоў працы ў сферы гандлю.
«Магазін – другі дом. Агульная справа аб’ядноўвае не менш цесна, чым сямейныя клопаты. А адказ на пытанне «Як справы?» абавязкова будзе ўтрымліваць і прафесійныя складальнікі», — гаворыць яна.
Нарадзілася Лілія Казіміраўна ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці ў мнагадзетнай сям’і. У маленстве з сястрычкай вельмі любі-
ла гуляць у звычайныя для дзяцей гульні: у магазін, у бальніцу. Вядома ж, не думалі малыя пра тое, што захапленне стане прафесіяй на ўсё жыццё. Ала стала медыцынскім работнікам, а Ліля паспяхова здала экзамены ў Мінскі тэхнікум савецкага гандлю. Атрымала дыплом таваразнаўцы. А крыху папрацаваўшы, зразумела, што не толькі ў таварах павінна добра разбірацца, але і ў людзях.
Па размеркаванні Лілія прыехала ў Маладзечна, і горад для яе стаў родным. Тут выйшла замуж, нарадзіліся два сыны. Старэйшы Андрэй цяпер жыве і працуе ў Мінску. І калі ў сям’і – большасць мужчын, то на рабоце – і калектыў жаночы, і пакупнікі ў асноўным жанчыны. Вось так і захоўваецца «гендэрны» баланс…
Першым месцам работы Ліліі Казіміраўны быў магазін «Мяса-рыба-малоко», цяперашні  «Кааператар» па вуліцы Драздовіча, дзе працавала старшым прадаўцом. У 80-я гады ўжо мінулага стагоддзя — у магазіне «Жаночае адзенне». Пасля яго закрыцця, у час  фарміравання калектыву фірменнага магазіна «Світанак», перайшла працаваць сюды. Будынкі размешчаны побач, таму не толькі не здрадзіла Лілія Казіміраўна выбранай прафесіі, але і нават маршрут на работу не змяніла.
Успамінае, як больш за дваццаць гадоў таму «замацавалі» за вопытным спецыялістам маладзенькую Святлану Нячаеву, якую размеркавалі на працу пасля Маладзечанскага вучылішча №135. Немагчыма  двума словамі «перадавала вопыт» расказаць, як вучыла, накіроўвала, выхоўвала, нібы дачушку. Разам перажывалі, калі што было не так, радаваліся поспехам.  За перамогу ў адной з намінацый прафесійнага конкурсу абедзве атрымалі каштоўныя падарункі, якія беражліва захоўваюць: Святлана — малахітавую шкатулку, Лілія Казіміраўна – «чамадан» сталовых прыбораў. Жыццёвыя сцяжынкі перапляталіся. Як па жаданні, сын Святланы нарадзіўся ў той жа дзень, што і настаўніца. Нават імёны для сваіх сыноў яны выбралі аднолькавыя. Гэтымі днямі прыйшоў з арміі Максім Нячаеў, а назаўтра накіраваўся на службу Максім Сіцько.
Шмат чым узнагародзіў лёс Лілію Казіміраўну, былі прафесійныя адзнакі і добрыя водгукі пакупнікоў. Памятае, як ў 1987 годзе да чарговага юбілею Вялікага кастрычніка сярод лепшых па прафесіі была ўзнагароджана турыстычнай пуцёўкай «Кіеў-Кішынёў-Адэса», дзе і пазнаёмілася з цяперашнім дырэктарам магазіна «Світанак» Ірынай Іванаўнай Грыб. І калі ў сумеснай рабоце кур’ёзных выпадкаў не прыпамінаецца, то аб вясёлым здарэнні ў час гэтай турпаездкі абедзвюм нагадваюць фотаздымкі. Ці то майстэрствам фотамантажу ў канцы мінулага стагоддзя фатографы не авалодалі як след, а хутчэй з-за спешкі пераблыталі яны сезоны. І аказаліся на здымках, якія падвезлі ім да поезда, нашы зямлячкі ў цёплых паліто і зімовых шапках на фоне па-майску расцвіўшых каштанаў. Смяяўся з імі разам увесь вагон, а «застылыя імгненні» і цяпер захоўваюцца ў сямейных альбомах.
А потым Ірына Іванаўна і Лілія Казіміраўна пачалі разам працаваць, узначалілі калектыў фірменнага магазіна «Світанак» Жодзінскай фабрыкі. З захапленнем расказваюць аб сваёй рабоце.
У сярэднім у месяц у гэтым магазіне  ажыццяўляецца каля пяці тысяч пакупак. Прыходзяць сюды сем’ямі. Ды што там прыходзяць – прыязджаюць з розных куточкаў Беларусі і нават Расіі, Літвы, Латвіі.
Сістэма самаабслугоўвання дапоўнена ўважлівымі адносінамі прадаўцоў, іх адданасцю любімай справе.
Прафесійных свят у калектыву два: Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці і Дзень работнікаў гандлю. Заўсёды павіншуюць адзін аднаго і з сямейнымі, і з асабістымі святамі.  «Пашанцавала нам з намеснікам — добрым, сумленным чалавекам», — лічаць калегі. «Пашанцавала з такімі калегамі. Мне ўсё жыццё шанцуе на людзей»,— дадае Лілія Казіміраўна і шчыра ўсміхаецца...
А мне падумалася: калі світанак – гэта ўсмешка раніцы, то прамяністая ўсмешка супрацоўнікаў «Світанка» – візітная картка дружнага калектыву.
Людміла ЦАР.
Фота Аляксея ПЛАТКО.


Добавить комментарий

Защитный код
Обновить