Маладзечанская газета

Saturday, Sep 04th

Сайт обновлен09:18:28 AM GMT

Вы находитесь: Экономика Человек и его дело Выратавальнік, які шукае скарбы

Выратавальнік, які шукае скарбы

E-mail Печать

Кагорта мужных вiцязяў падраздзяленняў МНС Беларусі адзначае сваё прафесійнае свята.
Барацьба з агнём, ліквідацыя надзвычайных сітуацый – гэта справа смелых, самаадданых людзей. Яна патрабуе высокага самавалодання, волі, дакладнага разліку і ведаў. Нялёгкая і небяспечная праца пажарных ва ўсе часы карысталася вялікай павагай. Не меншае значэнне мае работа, якую праводзяць супрацоўнікі МНС па прафілактыцы пажараў і іншых надзвычайных здарэнняў. Аварыйна-выратавальная, авіяцыйная, вадалазная, хімічная службы, служба радыяцыйнай бяспекі… Сёння ў МНС працуюць тысячы спецыялістаў. А першыя прафесійныя пажарныя часці, створаныя больш за сто пяцьдзесят гадоў таму, налічвалі ўсяго пяцьдзесят чалавек. Зараз смела можна гаварыць аб прэстыжы гэтай прафесіі. Штогод у ВНУ, якія рыхтуюць будучых выратавальнікаў, колькасць паступаючых расце.
Дзевяць гадоў у сістэме МНС працуе Павел Віктаравіч Лугінін — старшы пажарны ПАВЧ №2 г.п. Радашковічы. Спачатку ён служыў у інжынерных войсках, а потым, гаворыць, зразумеў, што «душа гарыць» па справе выратавальніка. Лугінін прымаў удзел у ліквідацыі многіх пажараў, іншых надзвычайных сітуацый. На яго рахунку не адно выратаванае чалавечае жыццё.
У баявой гатоўнасці старшы пажарны нават у вольны ад службы час. Нядаўна вяртаўся з работы (а жыве ён у Красным) і заўважыў, як гарыць дом. Пакуль ехалі на падмогу выратавальнікі, якіх ён выклікаў, сам паспяшаўся ў небяспечную пабудову. Яму ўдалося выратаваць непрытомнага гаспадара.
П.В. Лугініна цэняць і паважаюць калегі. Ён заўсёды можа даць карысную параду, падбадзёрыць шчырым, добрым словам, дапамагчы справай. Павел Віктаравіч – прадаўжальнік сямейнай дынастыі ваеннаслужачых. Яго дзед быў артылерыстам, даслужыўся да падпалкоўніка, бацька – сувязіст, таксама падпалкоўнік, старэйшы брат служыць у тапаграфічных войсках. Магчыма, дачка ці сын Паўла Віктаравіча таксама напішуць сваю старонку ў «ваеннай справе» сям’і.
Шмат часу ён прысвячае выхаванню дзяцей. А выхоўвае бацька дачку і сына, як бы пафасна гэта ні гучала, у духу патрыятызму і любові да Радзімы. Лічыць, што галоўнае ў чалавеку – выдатныя маральныя якасці.
Дзеці і жонка Паўла Віктаравіча заўсёды хвалююцца, як пройдзе яго чарговы дзень на службе. А ў вольны час з задавальненнем слухаюць гісторыі пра... скарбы. Галава сям’і з’яўляецца членам таварыства «Беларускі скарбашукальнік». А яшчэ мае чацвёрты разрад нумізмата, калі дазваляе час, наведвае спецыяльны віртуальны клуб, дзе «збіраюцца» аднадумцы. Любіць Павел Віктаравіч і парыбачыць. Самы вялікі яго ўлоў – 12-кілаграмовы шчупак.       
Ірына РАБУШКА.
Фота Аляксея ПЛАТКО.



Добавить комментарий

Защитный код
Обновить