25.09.2020 9:42

Маладзечанскі раён - лепшы ў вобласці на ўборцы ўраджаю

26 верасня ў горадзе Чэрвень будуць ушаноўваць лепшых хлебаробаў. Там пройдзе абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2020». Сярод узнагароджаных шмат маладзечанцаў. І лепшы паказчык па вобласці ў Маладзечанскага раёна.

 

Пераможцамі абласнога спаборніцтва за дасягненні высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур у 2020 годзе прызнаны:

сярод раёнаў
1-е месца – Маладзечанскі раён;

сярод сельскагаспадарчых арганізацый
1-е месца – ААТ «Гарадзілава»,
2-е месца – ААТ «Хоўхлава»;

сярод галоўных аграномаў
1-е месца – Давідзёнак Леанід Мечыслававіч (ААТ «Хоўхлава»);

сярод галоўных інжынераў
2-е месца – Дземашкевіч Аляксандр Фёдаравіч (ААТ «Гарадзілава»);

сярод старшых камбайнераў і камбайнераў
3-е месца – Стэфановіч Аляксандр Іванавіч і Гнілазуб Яўгеній Ігаравіч (ААТ «Гарадзілава»);

сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў
2-е месца – Арловіч Юрый Міхайлавіч і Канановіч Антон Дзмітрыевіч (ААТ «Гарадзілава»);

сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў
2-е месца – Акульскі Дзмітрый Уладзіміравіч (ААТ «Палачаны»);

сярод звёнаў (брыгад) аператараў зернесушыльных установак
2-е месца – Ігнатовіч Алег Сяргеевіч (ААТ «Гарадзілава»).

Наш карэспандэнт будзе рыхтаваць фотарэпартаж з абласнога свята. Сачыце за нашай інфармацыяй. А пакуль прапануем бліц-апытанне.

У чым сакрэт вашых поспехаў?

Дзмітрый ГРАМОВІЧ, дырэктар ААТ «Гарадзілава»:

-- Мы проста сумленна працавалі! Кожны работнік – ад механізатара да дырэктара -- аддаваў свае сілы, навыкі для таго, каб наш агульны каравай быў такім важкім. Сёлета мы пабілі рэкорды мінулых гадоў, атрымалі ўраджайнасць 86,2 цэнтнера з гектара, валавы збор склаў 12200 тон. Радасна, што нашы вынікі ацэнены ў маштабах раёна, вобласці, дзе мы занялі першае месца.


Андрэй СТАДУБ, дырэктар ААТ «Хоўхлава»:

-- Безумоўна, на першым месцы праца людзей. Надвор’е паспрыяла, больш унеслі угнаенняў. Пяць гадоў я ўзначальваю сельгаспрадпрыемства, і за гэты час чатыры разы мы станавіліся прызёрамі ў вобласці. Вось і сёлета занялі другое месца ў раёне і вобласці.


Аляксандра ХАРУК, начальнік аддзела механізацыі, вытворчасці і перапрацоўкі прадукцыі раслінаводства ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:

-- Сёлета ўборка збожжавых у раёне прайшла на адным дыханні, за 18 дзён. Сярэдняя ўраджайнасць склала 49 цэнтнераў з гектара. Вельмі радасна, што наш раён па выніках уборкі выйшаў на першае месца ў вобласці і амаль у кожнай намінацыі нашы работнікі занялі лідзіруючыя месцы. Здаецца, нам нават сам Бог дапамагаў, настолькі спрыяльнае стаяла надвор’е. Скажу шчыра, я перажывала за азімыя, бо было мала вільгаці, аднак і яны далі добры ўраджай. Перад жнівом гаспадаркі раёна атрымалі шэсць новых камбайнаў. А пасля завяршэння нашы механізатары дапамагалі Вілейскаму, Лагойскаму раёнам.


Дзмітрый АКУЛЬСКІ, вадзіцель ААТ «Палачаны»:

-- На гэтым жніве я перавёз 1750 тон збожжа на САЗ-3507. Машына старая, ёй 20 гадоў, аднак яна мяне не падводзіць. У выніку чацвёрты раз заняў першае месца ў раёне, у вобласці сёлета другі. А сакрэт поспеху ў тым, што я люблю сваю работу, у нас добры калектыў, усе стараюцца і не падводзяць адзін аднаго.

 

Фота: Аляксей Платко. 

Прочитано 521 раз Последнее изменение 25.09.2020 9:42
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить