23.09.2020 15:57

І вялі ўсе сцяжынкі ў Лебедзева на «Дажынкі»

Самыя яркія моманты свята.

Было збожжа – стаў пірог. Ці не цуд, далібог…

Сімвал «Дажынак» – каравай новага ўраджаю. Кожнае з 15 сельгаспрадпрыемстваў раёна прывезла на свята свой каравай – арыгінальна аформленыя, сапраўдныя шэдэўры хлебапякарнай справы. Па традыцыі праводзіўся конкурс караваяў, пераможцамі ў якім сталі сельгаспрадпрыемствы «Гарадзілава», «Палачаны», «Дубрава-2013». Акрамя таго, каравай КСУП «Відзеўшчына» быў адзначаны ў намінацыі «За захаванне народных традыцый».

Калектыў ААТ «Гарадзілава» першым вітаў ганаровых гасцей на сваім падвор’і. Арыгінальна ўпрыгожаны каравай ад імя гарадзілаўцаў уручыла старшыні райвыканкама Юрыю Горлаву кіраўнік народнага вакальнага ансамбля «Беразіначка» Наталля Троцкая.

У прывітальным слове на галоўнай сцэне свята кіраўнік раёна падзякаваў сельскім працаўнікам за самаадданую працу, багаты ўраджай, высокія паказчыкі, дзякуючы якім наш раён па выніках уборачнай кампаніі заняў першае месца ў вобласці. Сёлета валавы збор у раёне склаў 84 тысячы тон, што на 17 працэнтаў больш за мінулагодні вынік, а сярэдняя ўраджайнасць павялічылася на 8 цэнтнераў з гектара. На палетках раёна працавалі 85 камбайнавых экі-пажаў, 50 з іх намалацілі больш за тысячу тон збожжа, сем – больш за дзве, адзін стаў трохтысячнікам.

Завіталі на падвор’і, віталі працаўнікоў у час урачыстага шэсця, віншавалі з галоўнай сцэны свята хлебаробаў ганаровыя госці — першы намеснік старшыні камітэта па сель-скай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама Васілій Сысоеў, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліна Капуцкая, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Канановіч і Алег Семянчук, старшыня Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Маліноўскі, генеральны дырэктар РУП «Мінск-энерга» Алег Шчэмель, кіраўніцтва нашага раёна.

Банкамат будучыні — 2050 ад «Хажова-агра-2009»

Кожнае сельгаспрадпрыемства крэатыўна аформіла сваё падвор’е і падрыхтавала пра-граму, каб павесяліць, здзівіць гасцей. «Хажоваагра-2009» прадставіла банкамат будучыні, які не толькі выдае грошы, але і сам можа прыйсці да атрымальніка. Ды што там грошы, калі Надзея Пальчэўская, Ульяна Кузняцова, Юрый Лешчык лепш за любы банкамат зарадзілі публіку весялосцю і станоўчай энергетыкай!

Без агародніны не абысціся

Так лічаць спецыялісты Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі, якія творча падышлі да афармлення свайго падвор’я, стварылі вось такі грандыёзны вітамінны кошык. Сярод тых, хто мае непасрэднае дачыненне да ўраджаю, сямейная пара Люд-мілы і Аляксея Саўлідзі. Людміла працуе аграномам, Аляксей – начальнік аддзела выпрабавання сельскагаспадарчых культур.

Самы пышны і смачны хлеб – з цвёрдых гатункаў пшаніцы

Пра гэта нам з веданнем справы расказаў дырэктар Маладзечанскай сортавыпрабавальнай станцыі Сямён Кацуба. Тут не толькі вырошчваюць новыя гатункі збожжа, але і правяраюць яго ў хлебапякарнай справе.
— Бярэцца па сто грамаў мукі і вады і выпякаюцца вось такія буханкі, па якіх яскрава відаць, з якога гатунку найбольш пышны хлеб атрымліваецца. Як паказвае практыка, гэта цвёрдыя гатункі пшаніцы, — гаворыць Сямён Мікалаевіч.

Рэспект артыстам! Было прыгожа, цікава і весела

Немагчыма ахапіць усю праграму, якая доўжылася з раніцы да вечара. Самадзейныя, прафесійныя артысты з усяго раёна з’ехаліся ў гэты дзень у Лебедзева і радавалі сваёй творчасцю. Акрамя таго, завіталі дзіцячыя і дарослыя калектывы са сталіцы, якія ўнеслі ў свята свае непаўторныя ноткі. Шчырае дзякуй за талент, радасныя эмоцыі, пачуццё сапраўды народнага свята, дзе было хораша, цёпла, гасцінна ўсім ад малога да вялікага.

У гаспадароў – самае шыкоўнае падвор’е

Заслужана першае месца ў конкурсе падвор’яў было прысуджана філіялу Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». Яно ўражвала сваім маштабам, інсталяцыяй, было аформлена з густам і цікавымі задумамі. А галасістыя артысты аздобілі яго сваімі песнямі. «Кніга жыцця» – так можна сказаць пра гэту кнігу, старонкі якой напісаны саламянымі літарамі. Усё сваё майстэрства ўклала ў гэты твор Наталля Войтка, майстар раённага цэнтра рамёстваў. У захапленні ад кнігі і Аліна Вараўка, Анастасія Шаўцова, якія віталі гасцей.

Другое і трэцяе месца ў конкурсе занялі СУП «Хажоваагра-2009» і ААТ «Заскавічы».


Гарадзілаўскія камбайнеры – лідары жніва

Лепшыя з лепшых, працавітыя і ўдачлівыя. Так можна сказаць пра экіпажы збожжаўборачных камбайнаў ААТ «Гара-дзілава», якія сталі лідарамі сёлетняга жніва, як і гаспадарка ў цэлым, якая заняла першае месца ў раёне і вобласці. Адметна, што два экіпажы – сямейныя. Першае месца ў раёне занялі Аляксандр Стэфановіч і Яўгеній Гнілазуб, другое – бацька і сын Уладзімір і Аляксей Свянціцкія, трэцяе – браты Анатолій і Віктар Панчанкі. Іх віншаваў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксей Раманюк (першы злева).


Пераможцы з году ў год

Калектыў ААТ «Хоўхлава» на чале з дырэктарам Андрэем Стадубам прыехаў на «Дажынкі» з выдатным настроем. Усе апошнія гады па выніках уборкі гэта гаспадарка сярод лідараў не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

Калегі, сябры і амаль сваякі

Так можна сказаць пра старшых камбайнераў ААТ «Гарадзілава» Аляксандра Стэфановіча і Юрыя Арловіча, лідараў жніва. Аляксандр працуе ў гаспадарцы пяць гадоў, Юрый – сем. Жонкі механізатараў Маргарыта і Крысціна таксама працуюць тут. Стэфановічы жывуць у Беразінскім, Арловічы – у Пекарах, у катэджы, які ім выдзеліла гаспадарка. Іх сем’і сябруюць, Аляксандр — хросны бацька малодшых сыноў-двайнят Юрыя. Маладыя камбайнеры задаволены заробкамі, якія атрымалі ў час жніва, гавораць, што ўсе службы выдатна да яго падрыхтаваліся, таму і іх вынік высокі.

Самыя музыкальныя механізатары

Яны працуюць у СУП «ЯхімоўшчынаАгра», якое было адзначана ў конкурсе падвор’яў у намінацыі «За захаванне народных традыцый». Трэба было чуць, як гэтыя мужчыны з абветранымі тварамі спявалі «Малінаўку» і іншыя вядомыя песні! А кіруе зладжаным калектывам дырэктар гаспадаркі Уладзімір Лазар (крайні справа).

На радасць дзецям – сучасная пляцоўка

Напярэдадні «Дажынак» мы расказвалі, як аграгарадок Лебедзева рыхтуецца да свята. Адна з радасных падзей для юных жыхароў – устаноўка ў цэнтральным скверы вялікай, прыгожай, трывалай і бяспечнай дзіцячай пляцоўкі, сапраўднага гарадка, які адразу ж «засяліла» дзятва. Колькі доўжылася свята, столькі бавілі час на пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі. І гэта найлепшая падзяка дарослым, якія прыклалі нямала намаганняў для яе ўстаноўкі.

Много фото -- по ссылке.

Наступныя «Дажынкі» — у аграгарадку Беразінскае

Заключным акордам стала абвяшчэнне сталіцы «Дажынак-2021». Гаспадары сёлетняга свята ўраджаю – старшыня Лебедзеўскага сельвыканкама Тамара Дудзіч і дырэктар філіяла Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга» Людміла Лымар перадалі сімвалы «Дажынак» — каравай і сноп збожжа — старшыні Гарадзілаўскага сельвыканкама Віктару Станішэўскаму і дырэктару ААТ «Гарадзілава» Дзмітрыю Грамовічу.

— З вялікім задавальненнем прымаем сімвалы свята ўраджаю, дзякуем за высокі давер! Хочам запэўніць: мы не падвядзём. І чакаем усіх у наступным годзе ў Беразінскім, — адзначыў пасля цырымоніі перадачы эстафеты Віктар Станішэўскі.

Прочитано 411 раз Последнее изменение 23.09.2020 15:57
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить