12.10.2018 11:52

Мнагадзетная мама Марына Строк: «Люблю, калі ў доме гучыць музыка і пахне пірагамі»

Источник

Першае, што кідаецца ў вочы ў прасторнай кухні-гасцінай, — піяніна ля сцяны. Сёстры Надзя, Вераніка і Люба вучацца на ім іграць, займаюцца ў гарадской дзіцячай школе мастацтваў. І ўжо могуць парадаваць бацькоў невялікай п’ескай ці песенькай.  

Сям'я Строк. Сям'я Строк. "Маладзечанская газета"

...Пяць нашых зямлячак сёлета атрымалі высокую дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Маці. Сярод іх маладзечанка Марына Строк, да якой мы завіталі ў госці напярэдадні знамянальнай падзеі. Разам з мужам Аляксандрам яна выхоўвае пяцярых дзяцей – чатырох дачушак і сыночка.  

Пад гукі піяніна

— Мы з мужам хацелі, каб дзеці былі нечым занятыя, умелі цаніць час. Таму выбралі гарадскую школу мастацтваў. Не так проста іх з нашых Лясных туды вадзіць, адных яшчэ не адпускаем. Дзякуй маме Людміле Францаўне, якая прыязджае з Полацка, каб мне дапамагчы. Няхай дочкі не стануць прафесійнымі музыкантамі, аднак будуць разбірацца ў музыцы, навучацца іграць і спяваць, — разважае мнагадзетная мама.   

Надзя – чацвёртакласніца, Вераніка пайшла ў другі клас СШ №9. Дзяўчынкі добра вучацца, маме не трэба сядзець з імі, калі робяць дамашняе заданне, хаця без праверкі не абыходзіцца.
— На бацькоўскія сходы стараемся з мужам удваіх хадзіць, нам жа па розных класах трэба разысціся. У нашай школе вельмі зацікаўленыя педагогі. Асабліва я ўдзячная Наталлі Георгіеўне Верамей, якая вучыць старэйшую дачку. Да яе заўсёды можна звярнуцца па параду, абмеркаваць праблемы.

У вольныя ад заняткаў і хатніх клопатаў хвілінкі Марына Генадзьеўна раскладвае на стале атласныя стужкі, гафрыраваную паперу. Дзякуючы інтэрнэту асвоіла выраб букетаў, кампазіцый з цукерак, навучыла гэтаму і дачушак. А з атласных стужак яны разам майструюць заколкі, іншыя ўпрыгажэнні для валасоў. Добра ўмець ствараць сувеніры сваімі рукамі: да любога свята можна падрыхтаваць блізкім і сябрам арыгінальныя падарункі, якім усе рады.

«У шостым класе задумалася: якую карысць я прынясу людзям?»

Згадзіцеся, не кожнае дзіця ў 12-гадовым узросце задае сабе такое пытанне. Марыну ж яно турбавала.

— Спачатку хацела быць адвакатам, ужо тады разумела, што ў свеце шмат несправядлівасці і трэба ад яе абараняць людзей. Але потым вырашыла, што нашмат прасцей з ранняга ўзросту выхоўваць дзяцей правільна, каб яны раслі добрымі і сумленнымі, тады несправядлівасці будзе менш, — расказвае мая субяседніца. — Так я стала марыць аб прафесіі настаўніцы пачатковых класаў, закончыла Полацкае педвучылішча, затым завочна Віцебскі педагагічны інстытут, пятнаццаць гадоў адпрацавала ў Полацку, дзе з васьмі гадоў жыла з маці і сястрой.

Выбіралі імёны з глыбокім сэнсам
Але і Маладзечна для Марыны не было чужым: часта прыязджала сюды да таты Генадзія Іванавіча, на адным участку з якім і жыве мнагадзетная сям’я. Менавіта ў нашым горадзе яна пазнаёмілася з будучым мужам. Калі пажаніліся, Марыне было 32 гады, Аляксандру — 34. Іх сямейнаму саюзу 11 гадоў, а самы галоўны яго плён – пяцёра цудоўных дзетак. Цікава, што нараджаліся яны прыкладна праз два гады. Цяпер Надзі — дзесяць, Вераніцы – восем, Любе – шэсць, Тані – чатыры, Казіміру – два.

Маці гаворыць, што нічога не планавалі, даверыліся Божай літасці. Калі выбіралі імёны, імкнуліся, каб яны былі прыгожымі, каб значэнне мела глыбокі сэнс.

— Імя Надзея дапамагае разумець, што выйсце ёсць з любой сітуацыі, якія б цяжкасці не напаткалі, — расказвае Марына. — Вераніка – тая, якая нясе перамогу, і ў першую чаргу над самім сабой. Любоў – тут ніякія іншыя словы не патрэбныя, бо любові ніколі не бывае зашмат. Імя Таццяна азначае «наладжвальніца», і з яе з’яўленнем у нашай сям’і сапраўды ўсё наладзілася. Калі мы яе чакалі, муж, які займаецца будаўніцтвам дахаў, атрымаў сур’ёзную траўму. Давялося доўга лячыцца, прапаноўвалі аперацыю. Дзякуй Богу, ён паправіўся, зноў займаецца сваёй справай… Калі ж нарадзіўся сын, мы вы-
бралі яму імя Казімір – той, хто нясе вестку пра мір.

Матуля расказвае, што ў кожнага дзіцяці свой характар. Надзя сур’ёзная, самастойная і адказная, сапраўдная памочніца. Вераніка шустрая, імклівая, Люба ласкавая, абаяльная, да кожнага знойдзе падыход. Танюша сарамлівая, з незнаёмымі не кінецца размаўляць, Казімір расце спакойным і паслухмяным хлопчыкам. Сярод старэйшых дзяўчынак бацькі размеркавалі абавязкі па доме: кожная адказвае за чысціню на сваёй тэрыторыі. Могуць і цацкі прыбраць, і падлогу падмесці, і сантэхніку памыць. Разам з мамай, цудоўнай гаспадыняй і знатнай кулінаркай, яны лепяць пельмені, пякуць тарты і пірагі, гатуюць іншыя стравы. А за вялікім сталом у кухні вельмі ўтульна сабрацца ўсім разам за абедам ці чаяпіццем.

У сям’і Строк шмат сяброў, у іх цудоўныя адносіны з суседзямі па вуліцы Някрасава, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. З удзячнасцю гаворыць Марына Генадзьеўна і пра калег з СШ №1, дзе ёй давялося працаваць да дэкрэтнага водпуску, які доўжыцца ўжо… дзесяць гадоў.

— Па якім бы пытанні ні звярнулася ў школу, да мяне ставяцца як да сваёй, роднай, і гэта вельмі прыемна, — зазначае мнагадзетная мама.   

«Мне дасталіся 75 кілаграмаў золата!»
Так з любоўю гаворыць мая субяседніца пра свайго мужа Аляксандра Сяргеевіча:
— Мне вельмі пашанцавала: мой муж добры і надзейны. Ён электрык па прафесіі, цяпер займаецца дахамі, сапраўдны здабытчык, наша апора. Ён сам з вялікай сям’і, у яго два браты і тры сястры. Вельмі любіць дзяцей, нічога для іх не шкадуе. Яны ведаюць: калі з татам пойдуць у горад, ён ім купіць усё, што папросяць…

— А ці бывае ў вас вольная ад дамашніх клопатаў хвілінка?
— Хіба што калі ўсе дзеці спяць, — усміхаецца мнагадзетная матуля.
Расказвае, што муж разумее, наколькі ёй няпроста штодня весці хатнюю гаспадарку, гатаваць на такую вялікую сям’ю. Перыядычна сам застаецца з дзецьмі, каб жонка магла змяніць абстаноўку, адпачыць ад штодзённых клопатаў. Нядаўна на выхадныя яна ездзіла да сяброў у Вільнюс, убачыла Тракай. Са старэйшымі дочкамі ездзяць у Полацк. Любяць усёй сям’ёй пагуляць па горадзе, схадзіць у госці.

— Якімі б вы хацелі бачыць сваіх дзяцей у будучыні? – спыталася на развітанне.
— Прыстойнымі, сумленнымі. У жыцці кожнага чалавека шмат цяжкасцей, перашкод. Але калі ён прыслухоўваецца да голасу сумлення, Бог яго не пакіне, дапаможа ісці правільным шляхам.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 928 раз Последнее изменение 12.10.2018 11:52
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить