06.01.2017 11:26

Производственный травматизм: почему погибают люди?

27 снежня на будаўнічай пляцоўцы свінагадоўчага комплексу ля аграгарадка Палачаны загінуў работнік зарэгістраванага ў Мінску ААТ «Могас». 3 студзеня на пад’ездзе да Маладзечна трапіла ў аварыю «ГАЗель», якая перавозіла спецыялістаў будаўніча-мантажнага прадпрыемства «Белтрансаўтаматыка». Вадзіцель аўтамабіля загінуў, майстар участка і электрамантажнік атрымалі траўмы.

Производственный травматизм. Производственный травматизм. "Маладзечанская газета"

Даць ацэнку здарэнням і пракаменціраваць сітуацыю ў сферы аховы працы ў цэлым у раёне мы папрасілі начальніка Маладзечанскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Дзяніса Тамашова.        
— Па факце няшчаснага выпадку з работнікам ААТ«Могас» інспекцыя аховы працы праводзіць спецрасследаванне, — гаворыць Дзяніс Мікалаевіч. – Здарэнне адбылося, калі пацярпелы разам з аператарам гідраманіпулятара здымалі з кузава грузавіка 600-кілаграмовае кола. У нейкі момант стропы, якія трымалі кола, саскочылі, і груз упаў на чалавека, які праз 10 хвілін памёр.

Сярод прычын трагедыі разглядаецца парушэнне тэхнікі бяспекі і службовых інструкцый з боку як пацярпелага, так і аператара гідраманіпулятара. Таксама правяраецца, ці мела права арганізацыя праводзіць такія работы.

Спецрасследаванне па згаданым ДТЗ праводзіць Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента дзяржінспекцыі працы, бо работнікі ехалі на службовым аўтатранспарце для выканання вытворчых задач (электрыфікацыі ўчастка чыгункі Маладзечна – дзяржаўная граніца).

Дзяніс Мікалаевіч нагадаў, што летась у час уборачнай загінуў механізатар КСУП «Бярэзіна-Аграпрадукт». Віна наймальніка і службовых асоб пры гэтым не ўстаноўлена. Камбайн, які смяротна траўміраваў работніка, быў спраўны. Гэта пацвердзілі спецыялісты «Гомсельмаша».  

У верасні на полі ААТ «Усход-Агра» загінула 13-гадовая школьніца. Суд Маладзечанскага раёна не прызнаў, што паміж дзяўчынкай і сельгаспрадпрыемствам былі працоўныя адносіны.  Як стала вядома, пракуратура Маладзечанскага раёна апратэставала гэта судовае рашэнне. Касацыйную скаргу павінен разгледзець Мінскі абласны суд.

Д. Тамашоў паведаміў, што на Маладзечаншчыне летась было зарэгістравана 10 выпадкаў вытворчага траўматызму з цяжкімі наступствамі (у 2015-м – 11). У параўнанні з пазамінулым годам прыкладна на чвэрць знізілася колькасць няшчасных выпадкаў у сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Гэта стала магчымым дзякуючы зладжанай рабоце аддзелаў райвыканкама і кантралюючых органаў. Больш адказна сталі ставіцца да выканання патрабаванняў тэхнікі бяспекі будаўнічыя арганізацыі, у прыватнасці, ААТ «ПМК-212». У раёне дзейнічалі мабільныя групы па праверцы ўмоў працы работнікаў, арганізоўваліся пазапланавыя праверкі.             

— Выклікае занепакоенасць рост вытворчага траўматызму на ТАА «Велес-Міт». Летась на прадпрыемстве адбылося 6 няшчасных выпадкаў, у тым ліку 2 – з цяжкімі наступствамі, — адзначыў Дзяніс Тамашоў.

Па словах субяседніка, прычына большасці здарэнняў на вытворчасці – парушэнне тэхнікі бяспекі з боку ахвяр. Людзі не выконваюць прадпісанні і службовыя інструкцыі, у выніку чаго гінуць або атрымліваюць траўмы. У некаторых выпадках і віна наймальніка даволі значная. Майстры, прарабы, начальнікі структурных падраздзяленняў прадпрыемстваў павінны кантраляваць работнікаў, указваць на недахопы, ухіляць праблемы.

У сваю чаргу, работнікам забараняецца прыступаць да выканання сваіх абавязкаў, калі арганізацыя не забяспечыла сродкамі аховы, спецадзеннем або калі заданне пагражае жыццю і здароўю.

— Кожны з нас перш за ўсё павінен клапаціцца пра ўласнае здароўе, цаніць жыццё і не падвяргаць сябе рызыцы, — перакананы Д. Тамашоў. – Інструкцыя – толькі напамін, перасцярога, а выбар заўсёды за чалавекам.

Прочитано 1524 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить