Пачатак на 1-й стар.На гэты раз праваахоўнікі арганізавалі дзяжурства ля аднаго з буйных магазінаў горада. Справа была днём. Ажыятажу сярод наведвальнікаў не назіралася, асноўны паток пакупнікоў чакаўся пасля завяршэння працоўнага дня. Парковачныя месцы для інвалідаў пазначаны спецыяльнымі малюнкамі на асфальце. Два з іх былі занятыя. На аўтамабілях быў адпаведны апазнавальны знак.
Дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Маладзечанскага РАУС Дзмітрый Кулеш пачакаў, калі з магазіна вернуцца вадзіцелі. Праверыў дакументы. Парушэнняў не выявіў. Адзін вадзіцель быў інвалідам з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, што пацвярджала пасведчанне, другі перавозіў інваліда.
— Правільна робіце, што праводзіце рэйд, — звярнуўся да міліцыянера адзін з пакупнікоў. – Людзей з абмежаванымі магчымасцямі трэба паважаць. Для здаровых не праблема прайсці некалькі лішніх дзясяткаў метраў. А для інвалідаў гэта сапраўднае выпрабаванне.
Праз кароткі час на месцы для інвалідаў спынілася аўто. Чалавек за рулём спяшаўся па пакупкі, таму, мабыць, не звярнуў увагу на машыну ДАІ. Пасля вяртання з магазіна яго чакаў «сюрпрыз» — праверка дакументаў, прафілактычная гутарка і дзве «базавыя» (51 рубель) штрафу за парушэнне правілаў паркоўкі.
Як адзначылі супрацоўнікі ДАІ, такія рэйды будуць праводзіцца і надалей.